Спачатку было слова, ці "Кніга Ілая" па-беларуску

© Photo : Alcon EntertainmentКадр з фільму "Кніга Ілая"
Кадр з фільму Кніга Ілая - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Амерыканскі постапакаліптычны баявік пра выратаванне Бібліі паказалі ў Мінску з беларускай "агучкай".
МІНСК, 1 мая — Sputnik, Юлія Хвошч. Паказ фільму прайшоў у межах "беларускіх уік-эндаў" і быў прымеркаваны да 500-годдзя выдання беларускай Бібліі.
Фільм братоў Х'юз выйшаў яшчэ ў 2010 годзе, у галоўных ролях — Дэнзел Вашынгтон, Гары Олдман, Міла Куніс.
Сюжэт стужкі не самы арыгінальны — постапакаліптычны, усе гэтыя выпаленыя ланшафты ды людаедаў мы бачылі не аднойчы. Але калі звычайна ў фільмах пра наступствы сусветнай катастрофы мы проста назіраем за перамогай чалавечага духу ў празе да жыцця, то тут аўтары дадалі разынку і растлумачылі, чым менавіта можа выратавацца чалавек — нязломнай верай.
"Адны гатовыя забіваць, каб завалодаць ёю. Ён гатовы забіваць, каб абараніць яе", — такі слоган у фільма. Глядач захапляецца нязломнай воляй галоўнага героя, які 30 гадоў нясе апошнюю ў свеце Біблію ва ўмоўленае месца — чамусьці на Захад. Не гледзячы на тое, што сам герой напрыканцы фільма ўсведамляе, што настолькі імкнуўся абараніць кнігу, што забыўся, як жыць па яе правілах, час ад часу ён усё роўна збочвае з вызначанага шляху, каб дапамагчы людзям, кіруючыся ў звярыных умовах нікому не вядомымі нормамі маралі.
Фільм пра тое, як у нечалавечых умовах захаваць чалавечнасць, безумоўна, варты ўвагі, асабліва сёння, але беларускаму гледачу ён быў яшчэ цікавы і тым, што не так часта можна ўбачыць амерыканскі блокбастар на вялікім экране з дублем на беларускай мове.
На прыкладзе гэтага фільма мы пачулі, якой павінна быць беларуская мова. "Агучка" не падалася недарэчнай. Ні аднаго русізму, ні адной калькі, ні тарашкевіцы — усе гэтыя бясконцыя спрэчкі на форумах даволі вядомых сайтаў аб тым, "як будзе правільней па-беларуску", апынуліся бессэнсоўнымі.
Часам некаторыя паважаныя супольнасці выпускаюць ролікі на мове з грубейшымі памылкамі. У такія моманты бярэ расчараванне. Для таго, каб паверыць у беларускае слова — гарманічнае — паглядзіце гэты фільм з беларускай "агучкай". Перакладчык фільма Вольга Жандарава пераканала нас у тым, што беларуская мова можа гучаць вельмі сур'ёзна.
Адзінага, чаго не хапала — гэта большай эмацыйнасці ў галасах беларускіх акцёраў, што агучвалі стужку.
Такім чынам, беларускі дубль "Кнігі Ілая" стаўся варыянтам "правільнай" беларускай мовы, крокам наперад і падзеяй у беларускай культуры.
Напрыканцы хочацца пажадаць: шануйце і аберагайце сваю мову так, як аберагаў Ілай Біблію.
Меркаванне аўтара можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Стужка навiн
0