На вуліцы Свабоды ў Жабінцы размешчаны дзве школы. Адна з іх — звычайная для невялікага горада школа, будынак якой не кідаецца ў вочы. Калі праходзіш міма іншай, погляд мімаволі пачынае чапляцца за яе "паласатасць": жоўта-чырвоныя поручні, бардзюры і турнікі, яркі ганак і жоўтыя кругі на ўваходных дзвярах. Гэта двор Жабінкаўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната, у якой вучацца і жывуць дзеці з парушэннямі зроку. 2 чэрвеня на дабрачынны баль у Брэст, які арганізаваны ў падтрымку яе выхаванцаў, прыедзе французская прынцэса Таня дэ Бурбон Пармская.
"Ва ўсіх навучальных установах павінна быць створана безбар'ернае асяроддзе", — разважае дырэктар Аляксандр Кавальчук, праводзячы экскурсію па тэрыторыі.
"Дзіця трапляе ў свой асяродак"
У Жабінкаўскай спецшколе вучацца 115 дзяцей з усіх рэгіёнаў Брэсцкай вобласці. 44 дзіцяці маюць інваліднасць, з іх 39 — інваліды па зроку, 11 дзяцей — сіроты. Сярод дзяцей ёсць цалкам невідушчыя, часткова відушчыя, з глыбокім слабабачаннем, большасць — слаба бачыць. 16 чалавек навучаюцца па рэльефна-кропкавай сістэме Брайля. У школе працуюць 53 педагога, з якіх амаль палова прайшла перападрыхтоўку па спецыяльнасці "Тыфлапедагогіка".
Навучанне ў школе-інтэрнаце арганізавана па праграмах спецыяльнай адукацыі, у залежнасці ад характару парушэнняў псіхафізічнага развіцця. Тут ёсць індывідуальны падыход да кожнага дзіцяці, так як у кожнага свае асаблівасці зроку.
"Гэта зтаўначыць, што наснік да кожнага падыдзе, для кожнага ёсць павелічальныя прыборы. Ды і настаўнік ведае, як праводзіць урок. У нас дзеці ўсе аднолькавыя. Дзіця трапляе ў свой асяродак", — тлумачыць Аляксандр Кавальчук.
Сярод спонсараў — КДБ, царква і фонды
У Жабінкаўскую школу трапляюць дзеці з захворваннямі вачэй, перанесенымі траўмамі і іншымі ўскладненнямі. Напрамак сюды выпісвае лечачы ўрач-афтальмолаг. Далей дзіця праходзіць праверку ў карэкцыйным цэнтры і атрымлівае пуцёўку ад упраўлення адукацыі.
У Жабінцы дзеці акрамя навучання з дапамогай абсталявання і спецыяльных методык атрымліваюць таксама бясплатнае медыкаментознае лячэнне. На вакацыі іх адпраўляюць да бацькоў, а сірот — па магчымасці ў санаторыі, аздараўленчыя лагеры і патранатныя сем'і. Акрамя таго, дзякуючы спонсарам, навучэнцаў рэгулярна возяць на экскурсіі па Беларусі.
"Раз у год нашы дзеці ездзяць на аздараўленне ў Мілан. Не ўсе, а група з 15-20 чалавек. Падбіраюцца дзеці, якія сапраўды маюць у гэтым патрэбу. Італьянцы самі вядуць адбор. Некаторыя дзеці могуць нават жыць у італьянскіх сем'ях — на Каляды і летнія вакацыі з'язджаюць. У Мілане зробленыя аперацыі на вочы, на шчытападобную залозу, на суставы", — дзеліцца кіраўнік установы.
Школа шчыльна супрацоўнічае з праваслаўнай царквой, упраўленьнем КДБ па Брэсцкай вобласці, беларускім фондам "Новае пакаленне" і італьянскім — "Дапаможам ім жыць", прафсаюзамі, Брэсцкай друкарняй і іншымі ўстановамі і арганізацыямі. Асноўная ж роля ў стварэнні безбар'ернага асяроддзя і належных умоў для навучання належыць упраўленню адукацыі Брэсцкага аблвыканкама.
"Бог узяў адно, узнагародзіў іншым"
У школе працуе 18 факультатываў і 14 аб'яднанняў па інтарэсах. Адно з іх — тэатр на нямецкай мове "Глорыя". Ён існуе ўжо тры гады, і ўвесь гэты час займае прызавыя месцы ў розных тэатральных конкурсах. З 15-ці акцёраў тэатра чацвёра — невідушчыя. У гэтым годзе рабяты выступілі на міжнародным конкурсе асаблівых тэатраў "Непратаптаны шлях" у Брэсце з тэатрам ценяў "Папялушка".
Па словах дырэктара, дзеці з Жабінкаўскай установы вельмі добра спяваюць. У школе ёсць два выкладчыка па вакале.
"Бог узяў адно, узнагародзіў іншым", — кажа Алесь Кавальчук.
Працуюць таксама гурткі дэкаратыўна-прыкладной творчасці.
"Самы просты шлях — працягнуць далонь каля царквы. Але гэта не іх шлях. Ты павінен нароўні канкураваць са здаровымі дзецьмі і не выпінаць свой дэфект. Жыццё такая складаная рэч, ты павінен працаваць нягледзячы ні на што, не сядзець у бацькоў на шыі. Трэба атрымліваць нейкую прафесію, вучыцца і ўмець жыць самастойна. Можа, ты не будзеш вялікім навукоўцам, але пэўная прафесія, каб цябе карміла, павінна быць. І галоўнае, каб ты знайшоў сябе ў жыцці", — лічыць дырэктар.
За ўсю гісторыю школа выпусціла дзевяць медалістаў. Як правіла, кожны год выпускнікі паступаюць у ВНУ: у асноўным, БрДУ ім. Пушкіна, ПалесДУ і БДПУ ім. Танка. Некаторыя ідуць у Гродзенскі медыцынскі каледж на "Лячэбны масаж" — "кожную костачку бачаць рукамі".
Як выйшлі на прынцэсу
2 чэрвеня ў Брэст прыедзе стрыечная сястра амаль усіх еўрапейскіх каралёў французская прынцэса Таня дэ Бурбон Пармская, каб прыняць удзел у дабрачынным балі для слабавідушчых дзяцей і сабраць грошы на рамонт і абсталяванне сэнсарнага пакоя Жабінкаўскай школы-інтэрната.
Як прызнаецца дырэктар, пра тое, каб атрымаць падтрымку ад прынцэсы, школа не магла нават уявіць.
З фондам "Новае пакаленне", які запрасіў Таню дэ Бурбон, установа супрацоўнічае з дня яго заснавання. Ён дапамагае школе з лекамі, прыборамі, паездкамі, інвентаром, навучальнымі дапаможнікамі.
"Яны пацікавіліся, які наш праект самыскладаны. У нас гэта праект стварэння сэнсарнага пакоя. Ён патрэбны ў кожнай такой установе. У нас ён ёсць, створаны яшчэ рукамі нашых педагогаў. Але канкрэтнага праекта не было, мы ж жывем ужо ў іншым стагоддзі", — успамінае Алесь Кавальчук.
Як растлумачыў дырэктар, невідушчыя дзеці і дзеці з глыбокім слабабачаннем маюць патрэбу ў развіцці тактыльных пачуццяў, дробнай маторыкі і застаўшагася зрокавага ўспрымання. У пакоі плануецца ўсталяваць спецыяльнае абсталяванне, якое дапаможа зняць зрокавыя нагрузкі і абвастрыць тактыльныя адчуванні, напрыклад, інтэрактыўныя паветраныя бурбалкі, інтэрактыўная гукавая панэль, аб'ёмны каляровы канструктар, сухі басейн, музычныя класікі, светлавое пано і многае іншае.
У залежнасці ад сродкаў, установа будзе выбіраць неабходнае абсталяванне па ступені важнасці. Усяго можа спатрэбіцца ад 25 да 35 тысяч рублёў.