МІНСК, 18 ліп — Sputnik. Імёны пераможцаў Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2017" былі абвешчаныя ў панядзелак увечары на канцэрце-закрыцці XXVI Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску".
Першая прэмія дасталася Уладу Сытніку з Украіны. Прычым, каб вызначыць пераможцу, журы прыйшлося правесці дадатковае галасаванне. Паколькі па выніках двух конкурсных дзён украінец Сытнік і прадстаўнік Беларусі Ягор Шаранкоў набралі аднолькавую колькасць балаў — па 151.
З-за адсутнасці розніцы ў балах ва ўладальнікаў першай і другой прэмій, журы вырашыла не ўручаць Гран-пры.
Як уладальніку першай прэміі Сытніку на сцэне Летняга амфітэатра ўручылі дыплом, спецыяльны прыз "Ліра" і грашовую прэмію ў памеры 15 тысяч долараў ЗША. Шаранкову таксама дасталіся дыплом, "Ліра" і 10 тысяч.
Дыплом, прыз "Ліра" і пяць тысяч долараў таксама ўручылі ўладальніцы трэцяй прэміі Нэвене Бажовіч з Сербіі. Расіянку Лілію Вельтман спецыяльным прызам і прэміяй у дзве тысячы долараў адзначыла Міждзяржаўная тэлерадыёкампанія "Мір" — за высокае майстэрства ў захаванні нацыянальных традыцый.
Расіянка Вельтман і беларус Шаранкоў адзначаны таксама спецпрызам Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі.
Акрамя таго, Ягор Шаранкоў атрымаў таксама спецпрэмію імя Уладзіміра Мулявіна "За лепшае ўвасабленне нацыянальнай тэмы, высокае выканальніцкае майстэрства".
У канцэрце-закрыцці, апроч фіналістаў конкурсу, прынялі ўдзел зоркі — Ларыса Доліна, Валерый Меладзе, Стас Міхайлаў, Таццяна Буланава і іншыя папулярныя артысты.
Нягледзячы на афіцыйнае закрыццё фестывалю, канцэрты і культурныя падзеі ў Віцебску працягваюцца. У аўторак на сцэну Летняга амфітэатра выйдзе Ягор Крыд, а ў сераду перад віцебскай публікай выступіць яшчэ гурт "Сплин".