МІНСК, 19 ліп — Sputnik. Спецыяльным госцем Дня фінскай культуры, які пройдзе ў Верхнім горадзе 29 ліпеня, стане фінскі Дзед Мароз — Ёўлупукі, паведамляе сайт Мінгарвыканкама са спасылкай на кіраўніка Аддзялення пасольства Фінляндыі ў Беларусі спадара Лаўры Пулола.
"Фестываль прымеркаваны да 100-годдзя незалежнасці Фінляндыі. На свята прыедуць спецыяльныя госці. Дзяцей парадуе фінскі Дзед Мароз — Ёўлупукі, а дарослых — папулярныя артысты, у прыватнасці спявак і танцор Тэему Ройванен, кароль танга 2014 года, выканаўцы фінскага танга Хана Аянаха і Віле Іман, ілюзіяніст Ёні Паканен", — распавёў спадар Лаўры Пулола.
З беларускага боку ў свяце прымуць удзел Георгій Калдун, група Litesound, сімфанічны аркестр "Алімпія Класіка" і іншыя артысты.
Гасцям таксама прапануюць паспрабаваць свае сілы ў папулярных у Фінляндыі гульнях — фінскіх гарадках і флорболе. Будзе працаваць аўтаномны скаладром. Для дзяцей рыхтуюць спецыяльныя гульнявыя зоны.
Акрамя таго, жадаючыя змогуць наведаць урок фінскай мовы або стаць удзельнікамі майстар-класаў, навучыцца танцаваць фінскае танга і печ нацыянальныя кандытарскія вырабы.
Паспрабаваць нацыянальную кухню можна будзе і на свяце, і па-за ім. Па словах прадстаўніка пасольства, з 24 па 30 ліпеня ў Мінску пройдзе Тыдзень фінскай кухні.
Спадар Пулола таксама дадаў, што мерапрыемствы, прымеркаваныя да 100-гадовага юбілею незалежнасці Фінляндыі, праходзяць у цяперашні час больш чым у 100 краінах.
У Беларусі Дзень фінскай культуры праводзіцца ўпершыню. Свята стала магчымым дзякуючы намаганням Аддзялення Пасольства Фінляндыі ў Беларусі і Мінгарвыканкама.