МІНСК, 15 жні — Sputnik. У мястэчку Рэмель Столінскага раёна 20 жніўня адбудзецца трэці фестываль коней "Палеская ніва-2017", паведаміла Sputnik арганізатар мерапрыемства Марына Ярмоліч.
Адным з самых цікавых элементаў фестываля стане рэканструкцыя сярэдневечнага рыцарскага коннага турніра. Мінскі конны клуб "Залатая шпора" пакажа баі на мячах, а таксама дзідах.
Відовішчным элементам праграмы будуць раённыя спаборніцтвы конных запрэжак. На ўдзел у іх ужо запісаліся адзінаццаць экіпажаў. Наезнікам неабходна будзе пераадолець паласу перашкод. Яе трэба праехаць як мага хутчэй, спрытна манеўруючы паміж перашкодамі.
На фестывалі ў Рэмелі будуць прэзентаваныя скакуны племяннога конезавода "Палеская ніва" — беларуская запражная, палескай папуляцыі, гановерскія і тракененскія коні, валійскія поні.
"Фэст на Століншчыне стаў мясцовай знакамітасцю. У мінулым годзе яго наведалі амаль 5 тысяч чалавек. Зараз плануецца, што іх будзе болей і госці прыедуць нават з Расіі", — распавяла Марына Ярмоліч.