МІНСК, 29 вер — Sputnik. Дэпутатам Дзяржаўнай думы Расіі правялі закрыты паказ фільма Аляксея Учыцеля "Мацільда", які выклікаў шмат спрэчак у расійскім грамадстве напярэдадні сваёй прэм'еры.
"Мацільда" — новы фільм знакамітага расійскага рэжысёра Аляксея Учыцеля, прысвечаны гісторыі кахання паміж спадчыннікам прастола Мікалаем II і балерынай Мацільдай Кшасінскай. Стужка яшчэ да выхаду выклікала шмат спрэчак у грамадстве, а дэпутат Дзярждумы Наталля Паклонская нават патрабавала забараніць пракат карціны.
У чацвер дэпутатам Дзярждумы правялі закрыты паказ скандальнага фільма. Як перадае РІА "Новости", кіраўнік камітэта Дзярждумы па культуры, рэжысёр Станіслаў Гаварухін пасля паказу заявіў, што ўсім парламентарыям, што прагледзелі "Мацільду", фільм спадабаўся. Больш таго, ён распавёў: дэпутаты пачалі ставіцца да імператара лепш пасля паказу.
Першы намеснік кіраўніка камітэта Алена Драпека пасля паказу адзначыла, што заявы Паклонскай аб фільме "Мацільда" неабгрунтаваныя. Ніякай крамолы ў мастацкім фільме не ўбачылі і многія іншыя расійскія дэпутаты. Галоўная крытыка фільма ад парламентарыяў тычылася быццам бы неадпаведнасці гісторыі.
Рэжысёр фільма распавёў: пасля паказу парламентарыі апладзіравалі "Мацільдзе". Аднак Учыцель не ўпэўнены, што пасля закрытага паказу ў гісторыі з фільмам будзе пастаўлена кропка — нават з улікам таго, што за карціну ўжо заступіліся і большасць дэпутатаў, і Міністэрства культуры.
Першыя водгукі на "Мацільду" з'явіліся ўжо і ад кінакрытыкаў. Многія адзначаюць, што фільм — у першую чаргу "касцюміраваная меладрама", а не гістарычная стужка. Некаторыя крытыкі таксама заяўлялі, што праз скандал фільм атрымаў значна большую рэкламу, чым заслугоўваў.
У Беларусі "Мацільду" да паказу таксама дазволілі — кінатэатры будуць паказваць фільм з 26 кастрычніка. Зрэшты, у баку ад скандалу не застаўся і мітрапаліт Павел — ён заклікаў вернікаў не хадзіць на гэтую карціну.