МІНСК, 29 вер — Sputnik. Каля 86% беларускіх настаўнікаў — жанчыны, адпаведную інфармацыю апублікаваў Нацыянальны статыстычны камітэт напярэдадні Дня настаўніка.
Дзень настаўніка беларускія педагогі адсвяткуюць у нядзелю 1 кастрычніка, аднак словы віншаванняў ад калег, вучняў і чыноўнікаў ужо паступаюць. Прыцягнуў увагу да свята і Белстат — адмысловым аглядам па прафесійнай галіне.
Так, паводле падлікаў Белстата, толькі 14% настаўнікаў і кіраўнікоў школ у Беларусі — мужчыны. Больш за ўсё прадстаўнікоў "моцнага полу" — сярод кіраўнікоў сярэдніх школ: 36,8% ад агульнай колькасці. А вось сярод настаўнікаў пачатковых класаў толькі кожны двухсоты — мужчына.
Сярод настаўнікаў 93% ад агульнай колькасці маюць вышэйшую адукацыю — гэты паказчык год ад года расце. Акрамя таго, сёння тры чвэрці ад агульнай колькасці педагогаў маюць вышэйшую ці першую катэгорыю — больш за 76%.
Таксама ў камітэце распавялі, што на аднаго настаўніка ў сярэднім даводзіцца па восем вучняў. На гарадскіх педагогаў нагрузка ўдвая больш, чым на сельскіх — дзесяць вучняў і пяць на кожнага настаўніка адпаведна.
Усяго ж у сферы адукацыі працуе кожны дзесяты жыхар Беларусь. Віншаванні з Днём настаўніка будуць прымаць 116 тысяч педагогаў, а ўсяго ж навучаннем і выхаваннем дзяцей займаюцца больш за 200 тысяч чалавек.
Акрамя школьных педагогаў, з Днём настаўніка 1 кастрычніка многія будуць віншаваць таксама выкладчыкаў універсітэтаў, адукацыйных курсаў, каледжаў і ліцэяў.