МІНСК, 29 вер — Sputnik. Дзяржаўтаінспекцыя падтрымлівае ідэю аб тым, каб дазволіць веласіпедыстам ездзіць па дарогах у жылых зонах, заявіў начальнік УДАІ МУС палкоўнік міліцыі Дзмітрый Карзюк падчас тэлефоннай лініі ў газеце "СБ. Беларусь сегодня".
"У гэтым плане я падтрымліваю эксперымент, які правялі на Берасцейшчыне. Веласіпедыстаў сапраўды становіцца ўсё больш, і такі крок прымірыў бы спрэчкі аматараў ровараў і пешаходаў, якія дзеляць адзін тратуар", — сказаў Карзюк.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што ў гэтым пытанні патрэбен "разумны падыход", адзначыўшы, што ні да чаго добрага не прывядзе, калі на трасу, дзе дазволеная хуткасць 120 кіламетраў за гадзіну, дазволіць выязджаць веласіпедыстам.
Карзюк таксама падкрэсліў важнасць стварэння інфраструктуры, якая была б зручная для ўсіх удзельнікаў руху.
Разам з тым начальнік УДАІ сказаў аб тым, што неабходна распрацаваць патрабаванні да руху веласіпедыстаў, прапісаць адказнасць для іх.
Што ж тычыцца сітуацыі на дарогах рэспублікі, Карзюк сказаў, што ўзмацненне жорсткасці адказнасці за п'яную язду і ў дачыненні да бяспраўнікаў дазволіла скараціць колькасць ДТЗ.
"За апошнія 10 гадоў колькасць ахвяр ДТЗ зменшылася ў тры разы. У 2005 годзе на дарогах загінула больш за 1,6 тысячы чалавек, у мінулым — менш 600", — сказаў ён.
Таксама ён адзначыў, што колькасць траўміраваных у ДТЗ скарацілася.
Са слоў начальніка УДАІ, такая сітуацыя на дарогах была ў 60-я гады мінулага стагоддзя, калі аўтамабіляў было ў разы менш.