МІНСК, 8 ліс — Sputnik. 11 і 12 лістапада ў сетцы кінатэатраў Silver Screen можна будзе зноў паглядзець фільм Джэймса Кэмерана "Аватар" у 3D.
"Аватар будзе паказаны на эксклюзіўнай аснове з нагоды нашага дня нараджэння — трохгоддзя сеткі кінатэатраў. Мы прывозім у Мінск версію ў 3D ў фармаце DCP (самая высокая якасць), і гэта будзе спецыяльная версія фільма, тое, што называецца Special Edition", — паведамілі у аддзеле рэпертуару Silver Screen.
Прэм'ера "Аватара" — гісторыі аб дзіўным свеце планеты Пандора — адбылася ў Лондане 10 снежня 2009 года. Карціна пабіла некалькі рэкордаў па зборах, стаўшы самым касавым фільмам усіх часоў у Паўночнай Амерыцы, Расіі і ва ўсім свеце, абышоўшы "Тытанік", які ўтрымліваў рэкорд на працягу 12 гадоў.
Нагадаем, што ў Мінску "Аватар" таксама ўсталяваў своеасаблівы рэкорд. На яго паказы ў 3D у абноўленым кінатэатры "Кіеў" у студзені 2010 года збіраліся беспрэцэдэнтныя чэргі ў 500 чалавек. Людзі станавіліся ў чаргу ў 7 раніцы, каб быць першымі ля касаў, якія адкрываюцца ў 10:00. Падобнага ажыятажу за квіткамі ў кіно ў Мінску раней не назіралася.
"Аватар" стаў першым фільмам у гісторыі кінематографа, касавыя зборы якога перавысілі адзнаку ў 2 мільярда долараў. Фільм намінавалі на "Оскар" у дзевяці катэгорыях, уключаючы "Лепшы фільм" і "Лепшая рэжысура", і перамог у трох з іх — "Лепшая аператарская праца", "Лепшыя візуальныя эфекты" і "Лепшая праца мастака-пастаноўшчыка".
Пры вытворчасці "Аватара" было задзейнічана мноства інавацыйных тэхналогій па стварэнні візуальных эфектаў.