МІНСК, 11 чэр — Sputnik. Тыдзень беларускай кухні стартаваў у панядзелак у 77 установах Мінска, паведамілі Sputnik у Галоўным упраўленні спажывецкага рынку Мінгарвыканкама.
Акцыя "Тыдзень беларускай кухні" праходзіць у Мінску ўжо некалькі гадоў. У рамках гэтых дзён прыватныя і дзяржаўныя ўстановы сталіцы дадаюць у меню стравы нацыянальнай кухні — кожны раз новыя.
Так, у гэты раз у рамках тыдня беларускай кухні мінчанам і гасцям горада прапануюць салату з тварагом, халаднік на кефіры з бульбай, лапуны з грудзінкай, мачанку з блінамі і бярозава-мядовы напой.
Характэрна, што ў рамках акцыі цэны на гэтыя стравы ва ўсіх установах, якія далучыліся да тыдня беларускай кухні, аднолькавыя. Напрыклад, за напой папросяць два рублі, за халаднік — два з паловай, а за лапуны — сем рублёў.
Далучыліся ў гэты раз да акцыі 77 устаноў сталіцы. Яны самі аб'яўляюць аб нацыянальных навінках у меню ў сваіх рэкламах. Таксама можна падрабязней пра ўстановы даведацца на сайце ГУСР.