МІНСК, 20 ліс - Sputnik. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў віншаванне з днём нараджэння Патрыярху Маскоўскаму і ўсяе Русі Кірылу, пра гэта паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
"Ваша вялікае Патрыяршае служэнне з'яўляецца прыкладам высокай маралі і няспыннага духоўнага ўдасканалення, выклікае глыбокую павагу і ўдзячнасць. Усе свае намаганні вы накіроўваеце на ўмацаванне ўзаемаразумення і згоды ў праваслаўным свеце, зацвярджэнне ў душы чалавека хрысціянскіх каштоўнасцяў дабра, міласэрнасці і справядлівасці", - адзначыў кіраўнік Беларусі.
Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі высока цэняць сяброўскую падтрымку і пастырскі клопат патрыярха Кірыла. "Упэўнены, што ваша самаадданая дзейнасць і надалей будзе садзейнічаць умацаванню адзінства народаў нашых краін", - заявіў беларускі лідар.
З 13 па 15 кастрычніка бягучага года Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл пабываў з візітам у Беларусі. Святар узначаліў службу ў галоўным беларускім праваслаўным храме - Свята-Духавым кафедральным саборы, асвяціў Усіхсвяцкай храм-помнік і пабываў на пасяджэнні Святога Сінода РПЦ у Мінску, на якім было вырашана цалкам разарваць эўхарыстычныя адносіны з Канстанцінопальскім патрыярхатам ў сувязі з украінскім пытаннем.