МІНСК, 13 кра - Sputnik. Парацэтамол, які знік раней з беларускіх аптэк, зноў паступае ў продаж, сведчаць дадзеныя сэрвісу па пошуку лекаў Tabletka.by.
Парацэтамол знік з продажу ў красавіку. Як аказалася, віной таму апынуўся ажыятажны попыт сярод насельніцтва: у Міністэрстве аховы здароўя заяўлялі пра тое, што за кароткі тэрмін грамадзяне раскупілі 14-месячны запас гэтых лекаў.
Да панядзелка пасля прыняцця ўладамі шэрагу мер парацэтамол зноў пачаў з'яўляцца ў беларускіх аптэках у дазіроўках 200 і 500 міліграмаў.
Інфармацыю з сэрвісу пошуку лекаў пацвердзілі і ў адной з аптэк сталіцы.
"Ёсць у продажы", - сказалі там.
Нагадаем, на фоне ажыятажнага попыту Міністэрства аховы здароўя ўвяло часовыя абмежаванні на аднаразовы водпуск некаторых лекаў і медтавараў, у тым ліку і парацэтамолу: больш за дзве ўпакоўкі за раз прадаваць нельга.
Акрамя таго, на ўнутраны рынак была пераарыентаваная частка прадукцыі, якая планавалася для продажу на экспарт, таму ў аптэках лекі можна сустрэць ў незвычайным дызайне.
Раней кіраўнік Міністэрства аховы здароўя Уладзімір Каранік адзначаў патэнцыйную небяспеку парацэтамолу - гэты прэпарат гепатаксічны, гэта значыць можа нашкодзіць печані чалавека. Займацца самалячэннем урачы не рэкамендуюць, а таксама нагадваюць: гарачкапаніжальныя не валодаюць процівірусным эфектам.