"Рома едзе-2": чаму выступ Ромы Свечнікава важней за кандыдацкія

© Photo : 34mag.netРома са спдарожніцай Воляй і паўднёваамерыканскім папугаем
Рома са спдарожніцай Воляй і паўднёваамерыканскім папугаем - Sputnik Беларусь
Падпісацца
У тую хвіліну, калі сваім выступам усіх намагалася зачараваць Таццяна Караткевіч, у прасторы ЦЭХ з іншай, але не менш бадзёрай і важнай прамовай выступаў падарожнік і цяпер ужо пісьменнік Раман Свечнікаў.

Лена Васільева, Sputnik.

Карэспандэнты Sputnik завіталі на сустрэчу з тым-самым-Ромам, які напрацягу двух з паловай гадоў бадзяўся па свеце і з цягам часу ператварыўся адразу і ў мультымедыйны рэаліці-праект "Рома едзе", і ў жывое ўвасабленне натхнення для тых, каго зваліла стома. Калі ў 2012 годзе Рома паабяцаў праехаць па спантанным маршруце вакол зямнога шара амаль без грошай, ягоны план падаваўся ўтапічным. Наступныя два з паловай гады шмат хто бачыў у нататках Ромы з Грузіі, Ірану, Арменіі рэалізацыю ўласнай мары, але нам усім на пабег не хапіла рашучасці.

© Photo : 34mag.netРома пад паўднёваамерыканскім сонцам
Рома пад паўднёваамерыканскім сонцам - Sputnik Беларусь
Рома пад паўднёваамерыканскім сонцам

Так пачынаўся праект "Рома едзе":

"Я студэнт трэцяга курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, дэвіз якога — "Веды і стыль жыцця!". Мне дваццаць гадоў. Калі вырасту, буду праграмістам. <…> Дык вось, гэта ўцёкі! У маёй кішэні штосьці каля двухсот даляраў. Мой заплечнік важыць дваццаць тры кілаграмы. Усё разлічана на поўную аўтаномію цягам тыдня, а можа і больш. У камплекце — лёгкая палатка, спальнік, дыванок, маленькая гарэлка з газам, кацялок на літр, нож, ліхтар, шмоткі ды іншыя нішцякі. Я зрабіў прышчэпку ад ліхаманкі, страхоўку на паўгода ды іранскую візу".

Поўную версію Роміных нататак можна прачытаць на 34mag.net.

Зараз сустрэча ладзілася з нагоды выхаду новай кнігі Ромы, што аб'яднала фотаздымкі і аповеды з другой часткі яго падарожжа па свеце. Скончыўшы з Еўразіяй, Рома праехаў праз абедзве Амерыкі, за гэты час падробліваў дакументы і нават нелегальна прабіраўся скрозь дзяржаўныя межы і, нарэшце, вярнуўся дадому, выдаў адну за другой кніжкі, і нават паспеў з калегам Барысам праехаць уздоўж Беларусі.

Карацей, гадзіна сустрэчы з ім натхніла нас болей за пятнаццаціхвілінны выступ Караткевіч. За гэты час нам нават падалося, што Рома быў бы ідэальным кандыдатам, калі б не быў такім маладым і надта ўжо мабільным.

У Ромы ёсць каманда

Сярод прысутных на сустрэчы з Ромай адразу вынайшліся тыя, хто Свечнікава "бачыў, калі ён упершыню пераходзіў пешшу мяжу", "быў яго першым паплечнікам падчас падарожжа ў Крым", а адна дзяўчына захоплена распавядала, як "падаравала Роме шкарпэткі, калі той ад'яджаў". Карацей, Раман Свечнікаў нечакана ператварыўся ў рок-зорку, сабраў поўную залю, а дакладней — поўны ЦЭХ прыхільнікаў.

Акрамя простых прыхільнікаў — каманда 34mag, адданасці якой пазайздросціў бы, здаецца, любы кандыдат. Адзін з рэдактараў праекта Барыс стаў і рэдактарам Ромінай кніжкі — менавіта ён рэдагаваў усе нататкі, што падарожнік дасылаў з Нью-Йорку і Аргенціны.

Рома ведае, дзе знайсці грошы

Грошы — набалелае пытанне краіны, і нават час ад часу дэкларуемая нафта на Гомельшчыне праблемы не вырашае. Рома ведае, дзе знайсці грошы і, галоўнае, як абысціся без іх. Падарожжы з забраніраваным на "букінге" хостеламі добра, але аўтастоп без усялякага ўяўлення, дзе будзеш ночыць, калі сцямнее — і ўзровень іншы, і якасных зменаў уласнай асобы абяцае болей.

Урывак з нататак Ромы аб падарожжы па Паўднёвай Амерыке:

"Лепш хай на тратуары валяюцца паўразумныя брудныя людзі і кожны квадратны метр гарадскіх фасадаў будзе ўшчэнт спісаны графіці. Лепш хай мяне абрабуюць ноччу ў падваротні і дадуць бутэлькай па галаве. Гэта сапраўды лепш, чым жыць у стэрыльным акварыуме з кормам для рыбак. Можа, таму, што тут ты павінен пастаянна глядзець пільна, людзі і не баяцца паказваць свае вочы?"

Рома за свабоду

Рома прызнаецца, што ў вандроўку адправіўся таму, што хацеў збегчы ад сцэнару "вышэйшая адукацыя-кватэра ў крэдыт", таму ён адначасова сімвал і свабоды, і барацьбы — усё як мы любім.

Для Ромы Захад і Усход аднолькава дасягальныя. Ён ведае, як атрымаць візу куды заўгодна. Парада простая — калі ў цябе ёсць віза ў дзесятак краінаў свету, дык каб атрымаць адзінаццатую, дастаткова прыйсці да консула ў самай прыстойнай з застаўшыхся майцы.

"Калі ў цябе ёсць амерыканская віза, практычна ва ўсе краіны Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыкі можаш ўехаць без дадатковай, — распавядае Рома. — Калі яе няма, дык віза спатрэбіцца ў кожную краіну Цэнтральнай Амерыкі — гэта значыць, амаль кожныя 50 кіламетраў".

Тым, хто да гэтага часу хвалюецца, ідучы ў пасольства, Рома падбадзёрвае, распавядаючы пра механізм атрымання візы ў Калумбію, для якой патрэбны амаль такі самы стос папераў, які неабходны для візы ў Штаты. "Фоташоп вельмі палягчаў збор гэтых дакументаў — прасцей намаляваць і раздрукаваць ў найбліжэйшым цэнтры бронь гатэля, даведку аб прышчэпцы ад ліхарадкі і астатняе", — распавядае падарожнік, і жудасная працэдура "атрымаць Шэнген за 14 дзён" палохае ўжо значна менш.

© Photo : 34mag.netРаман Свечнікаў
Раман Свечнікаў  - Sputnik Беларусь
Раман Свечнікаў

Урывак з нататак Ромы аб падарожжы па Аргенціне:

"Позна ноччу перасякаем аргенцінскую мяжу. У густой цемры шлёпаем па пустэльнай трасе да пункта пашпартнага кантролю, які вось-вось павінен з'явіцца за паваротам. Дзьме прахалодны кветкавы брыз. Размаўляць не хочацца.

На памежным пункце наша з'яўленне робіць нямала шуму. Тут ніхто не ведае пра існаванне Рэспублікі Беларусь, так што пашпарты нашы нясуць на дадатковую праверку і, здаецца, нават будзяць амбасадара ў Тарысе для пацверджання сапраўднасці нашых візаў. Мы ўжо настолькі звыкліся да такіх гісторый, што ў нас не ўзнікае і ценю турботы".

"Я ўсведамляю, што аднойчы я магу апынуцца дзе заўгодна і прабыць у гэтым месцы колькі заўгодна. Ёсць краіны, у якіх можна проста купіць пашпарт, атрымаць грамадзянства за год. У Грузіі грамадзянства наогул проста выдаецца па ўказе прэзідэнта, — распавядае Рома, разглядаючы сабе як "чалавека свету". Дарэчы, пашпарт грамадзяніна свету прызнаюць шэсць краінаў, сярод іх — Эквадор, не самы благі варыян для эміграцыі на выпадак "кожнай незразумелай сітуацыі".

© Photo : 34mag.netРома ў "Доме жанглёраў" у Эквадоры
Рома ў Доме жанглёраў у Эквадоры - Sputnik Беларусь
Рома ў "Доме жанглёраў" у Эквадоры

Рома мае рэальныя ідэі

Вярнуўшыся дадому, Рома паспеў разам з сябрам Барысам на дзвух веласіпедах з маторам — падарожнікі далі ім імёны "Мацільда" і "Пясецкі" — аб'ехаць уздоўж мяжы Беларусі. З дазволу сябра і калегі, Рома распавядае, што за час такой паездкі да іх прыходзілі новыя ў большай ці меншай ступені буйныя ідэі — напрыклад, чаму б не аб'ехаць Беларусь узімку на сабаках — харызматычных дварнягах. Публіка чакае, Рома.

Рома ведае, што турбуе народ

"Па беларускім заканадаўстве я — дармаед, — прызнаецца Рома, калі яго пытаюць, як праходзіць аседлае жыццё падарожніка. — Прычынаюся а дванаццатай гадзіне і ўвесь час прысвячаю таму, каб прыдумляць нейкія новыя рэчы".

Прысутныя сустракаюць такі расклад дня аднагалосным адабрэннем. "Дарэчы, усе мастакі і музыкі могуць зараз пайсці ў міністэрства культуры і падаць заяўку на тое, каб іх прызналі творчымі супрацоўнікамі — тады ім не трэба будзе плаціць падатак. І вось хутка высветліцца, ці прызнаюць мяне творчым чалавекам", — мастакам ад аудыторыі такі Ромін план таксама падабаецца.

Усе чакаюць ад Ромы нейкай звышнатуральнай мудрасці, і аўдыторыя задае пытанні пра філасофскія катэгорыі зменаў, дабра і зла, "яскравыя моманты" і "якая з Амерыкаў лепей", але Рома распавядае пра простае шчасце сямейнай вячэры ў аргенцінскай сям'і, якое можна зразумець, пэўна, толькі праехаўшы праз паўсвета:

Урывак з нататак Ромы аб падарожжы па Аргенціне:

"Чарговы кіроўца па імені Хуан запрашае нас у госці на абед. Так мы трапляем на ранча вялікай аргенцінскай сям'і. Нас сустракаюць трое дзяцей і жонка Хуана — Аналія. Стол ломіцца ад ежы і віна. Мы з Воляй адчуваем сябе шчаслівымі. Апошні раз так смачна мы вячэралі некалькі вечнасцяў таму — ад Мексікі да Балівіі ў дзевяноста адсотках выпадкаў нам падавалі рыс з курыцай. Апроч іншага, гэта практычна адзіныя людзі за вельмі доўгі час, з якімі насамрэч лёгка і прыемна бавіць час".

© Sputnik / Антон АгнявыПрэзентацыя кніжкі "Рома едзе-2"
Прэзентацыя кніжкі Рома едзе-2 - Sputnik Беларусь
Прэзентацыя кніжкі "Рома едзе-2"

Каб вярнуцца дадому, Роме даводзіцца раздрукаваць паштоўкі-фотаздымкі са свайго падарожжа.

Урывак ў апошніх амерыканскіх нататак Ромы:

"Сябры! З дрыготкай у руках і частым пульсам я мушу прызнаць – прыйшоў час вяртацца дадому. Здаецца, гэтым разам гэта сапраўды не сон. Ззаду два з паловай гады шляху, 100 000 кіламетраў, 30 краін, 13 пар абутку і 7 жыццяў. Наперадзе, ужо зусім хутка, – самалёт дадому".

Каб зарабіць $ 2500 на квіткі дадому, Рома раздрукаваў паштоўкі са сваім фота ля "чароўнага аўтобуса на Алясцы. За любую суму, якую прыхільнікі пагаджаліся перавесці на яго рахунак, ён дасылаў паштовачку.

© Photo : 34mag,netКаб зарабіць на білет дадому, Рома распаўсюджваў праз інтэрнет паштоўкі са сваіх падарожжаў
Каб зарабіць на білет дадому, Рома распаўсюджваў праз інтэрнет паштоўкі са сваіх падарожжаў - Sputnik Беларусь
Каб зарабіць на білет дадому, Рома распаўсюджваў праз інтэрнет паштоўкі са сваіх падарожжаў

"Калі праводзіш у дарозе каласальную колькасць часу, не бачыш родных, пачынаеш усім дараваць і ўсё прымаць", — гаворыць Рома, дзяўчаты з аўдыторыі ў якасці своеасаблівага прызнання час ад часу кажуць, што пасля чытання замалёвак Свечнікава "зноў хочацца жыць", і ва аўдыторыі ўсталёўваецца гармонія, у якасці матэрыяльнага ўспаміну аб якой застаецца толькі набыць кнігу "Рома едзе-2". І дачакацца, пакуль Рома паедзе — зноў.

© Sputnik / Антон АгнявыРома едзе
Рома едзе - Sputnik Беларусь
Рома едзе

Урывак з нататак Ромы аб Нью-Ёрку:

"Першае, што адчувае чалавек, якога выносіць на дарогу, гэта няўпэўненасць у сваёй будучыні. Ад гэтага робіцца казытліва адразу ва ўсіх абласцях мозгу — невядомасць п'яніць. Тым не менш, на першых парах чалавек носіць з сабой велізарны заплечнік, у якім ляжыць шмат непатрэбных рэчаў. З часам чалавек разумее, што ў большасці прадметаў ён не мае патрэбы, заплечнік пусцее і памяншаецца ў памерах. У нейкі момант здаецца, што можна і зусім без заплечніка. Заўтра больш не палохае чалавека. Дакладней — заўтра перастае існаваць".

Стужка навiн
0