Карэспандэнт Sputnik сустрэўся з удзельнікамі гурта Стасам Мытнікам і Раманам Жыгаравым пасля канцэрту ў сталічным клубе "Графіці" і даведаўся аб некаторых сакрэтах папулярнасці і вялікім туры ў падрымку новага альбома. Размову вяла Юлія Хвошч.
-Адкуль прыйшла ідэя займацца музыкай?
— Не ведаю, я тады быў такім маленькім, што нават і не памятаю. Але тады гэта былі стопудова не дзяўчаты, — разважае Стас Мытнік.
— Ну тут маецца на ўвазе, напэўна, калі пачаўся гурт Аkute. Гурт пачаў сваю дзейнасць з распаду нашага мінулага гурта, у якім мы са Стасам гралі — гурта "Глюкі". Адначасова з распадам пачалася гісторыя Akute, адбылося гэта ў 2008 годзе, — працягвае Раман Жыгараў.
-Чаму распаліся "Глюкі"?
— На гэта было шэраг прычын, і ніхто ўжо не ведае дакладна чаму гэта адбылося. Адбылося і адбылося. Неяк само сабой. Зараз не хочацца пра гэта ўзгадваць.
-А чаму з'явілася такая назва — Akute?
— Неяк у нядзелю Рома прыйшоў на рэпетыцыю і сказаў, што вось можна назваць гурт Akute.
Я вывучаў нямецкую мову, пачуў такое прыгожае слова і вырашыў, што можна яго прапанаваць у якасці назвы, — тлумачыць Жыгараў.
-Чаму вы спяваеце менавіта на мове?
— Гэта звычайны стан нашай творчасці. Мы творым толькі на мове. Свая лірыка, увогуле свая творчасць, пішуцца толькі на мове.
-Распавядзіце як ладзіцца творчы працэс.
Мы больш надаем увагі не музыцы ці тэкстам, а знешнему выгляду. Мы думаем, што ў першую чаргу трэба добра выглядаць на сцэне, каб спадабацца непаўналетнім школьніцам. Усё астатняе — гэта не так важна ўжо пасля таго, як ты спадабаўся такой колькасці народу, — смяюцца музыкі.
-Дзе вы пішаце свае дыскі?
— Мы пішамся на рэпетыцыі на дыктафон, а потым усё астатняе робіць гукарэжысёр у Кіеве.
-Што трэба рабіць беларускім музыкам, каб выйсці на еўрапейскі ўзровень?
— Ну дакладна не рэпетаваць. Як казаў Саладуха, работаць, работаць. Ісці на завод, трэба неяк грошы зарабляць, рабіць рамонты, рабіць дома рамонт, трэба маме дапамагаць, а ўсю гэту музыку я бы не рэкамендаваў граць нікому, тым больш беларусам. Бо да беларусаў мы ставімся як да сваіх людзей, яны нам больш за ўсіх зразумелыя, таму мы рэкамендуем нікаму з беларусаў не граць. А тым, хто займаецца, раю закінуць гэтую справу.
-Чаму?
— А хто рэмонты будзе рабіць? Хто будзе класці плітку ці на заводах працаваць, калі адны гітарысты ў краіне.
-Што чакаць прыхільнікам гурта ў бліжэйшы час?
— Па-першае, трэба выпусціць альбом, выхад якога плануецца на наступны год. А да гэтага будзе хутчэй за ўсё якая-небудзь песня ў выглядзе сінгла. Ёй мы пацвердзім вялікі тур "Усё павернецца", які распачнецца гэтай восенню. У бліжэйшы час мы збіраемся праехаць, канешне, не толькі па Беларусі. Дарэчы, мы вельмі рады, што ўжо другі год запар у нас ёсць магчымасць праехаць не толькі вялікія беларускія гарады ды абласныя цэнтры, а гарады паменьш, у якіх насамрэч заўсёды адбываюцца самыя шчырыя канцэрты, бо народ там не такі перакормлены, як у сталіцы ці вялікіх гарадах накшталту Магілёва ці Брэста. Потым мы паедзем ва Украіну, там таксама будзе некалькі гарадоў, і калі нас нехта прачытае з Украіны — чакайце, мы збіраемся праехаць не толькі Львоў і Кіеў, а ячшэ напэўна дабрацца да Дняпра, Харкава і іншых гарадоў.
Не скажам зараз, колькі ён будзе доўжыцца. Тур можа працягвацца і год, можа і два, напрыклад толькі нядаўна мы скончылі тур у падтрымку нашага папярэдняга альбома "Рэальнасць і сны", ён быў расцягнуты на два гады, таму што ў межах гэтага туру праходзілі ўсе выступы пасля выпуску альбому.
-Ці можаце вы ўзгадаць нейкія пацешныя выпадкі з вашых канцэртаў?
Калі здараецца выпадак падчас канцэрту, яго наўрад ці можна назваць нейкім смешным ці пацешным, таму што гэта заўжды форс-мажор.
— Мне аднойчы дзяўчынка з першага шэрагу пацалавала красовак. Мне было так незвычайна і вельмі прыемна. Я доўга не адыходзіў ад гэтага месца — можа яна яшчэ што-небудзь выкіне, але не. Яна зрабіла гэта і пайшла, — распавядае Жыгараў.
— Мабыць яна для гэтага і прыйшла, — дадае Мытнік.
-Як часта здараюцца нейкія творчыя непаразуменні?
— У Akute кожны займаецца сваёй справай. Напрыклад, я не лезу ў гітарныя справы, бо я проста не ўмею граць на гітары, — кажа басіст калектыву.
— А я не лезу ў басовыя ды лірычныя, — дадае Стас Мытнік.
— Лірыку пішу я, але яна не можа існаваць без музыкі, бо я пішу не вершы, а менавіта песні, а песні кладуцца толькі на мелодыю. Калі ў мяне няма мелодыі, ці ў галаве нейкіх меладычных нататкаў, я не пішу нічога, — кажа Раман Жыгараў.
-Зараз месца бубнача займае прыгожая дзяўчынка, а што сталася з папярэднім удзельнікам?
— З папярэднім бубначом мы разыйшліся па прафесійных момантах, проста не змаглі далей разам супрацоўнічаць. Што тычыцца новай удзельніцы, то мы лічам, што мы ўнікальны гурт на тэрыторыі прыкладна ў 1488 кіламетраў квадратных, бо мы рок-гурт, які грае з такой моцнай бубначкай, менавіта дзяўчынай.