МІНСК, 27 кас — Sputnik. Раман "Сем камянёў" з галоўным героем Ясем, што трапляе па ўсіх канонах фэнтэзі ў краіну Эферыю, каб раскрыць таямніцу "Сямі камянёў", будзе прэзентаваны сёння ў Маладзечна.
"Ёсць пэўныя каноны, на якія можна арыентавацца пры напісанні фэнтэзі. У кнізе я паспрабаваў рабіць адсылкі да беларускай міфалогіі, але ж болей паралелей з сучаснай Беларуссю. І нават імя Ясь было выкарыстана мною з мэтай, каб чытач здагадаўся, з якой краіны герой патрапіў у чароўную дзяржаву Эферыю", — тлумачыць асаблівасці беларускамоўнага фэнтэзі аўтар.
Аляксей Шэйн пісаў кнігу з разлікам на падлеткавую аўдыторыю — планавалася, што чароўныя краіны і хлопчык Ясь, якога ў летапісах называюць "Дастойны", спадабаецца дванаццацігадовым. Між тым пісьменнік кажа, што і малодшым дзецям, і нават людзям значна сталейшага ўзроўню фэнтэзі спадабалася.
"Дзеці знойдуць закручаны сюжэт, а дарослыя — адсылкі да Бібліі і складаныя метафары", — тлумачыць аўтар.
Шэйн упэўнены, што беларускамоўнай літаратуры для падлеткаў у краіне відавочна не хапае — акрамя "Палескіх рабінзонаў" цяжка нешта ўспомніць. "Хацелася, каб беларускамоўным падлеткам таксама было што чытаць, дарэчы, на рускую мову кніга ўжо перакладзеная, перакладаецца на чэшскую мову", — распавядае пра лёс кнігі Шэйн.
Хутка пісьменнік ад'язджае на міжнародны фестываль фэнтэзі ва Украіне. Магчыма, па выніках паездкі кніга знойдзе свайго выдаўца на ўкраінскай мове.
Успамінаючы пра беларускамоўных аўтараў фэнтэзі, Шэйн прыгадвае твор Ксеніі Шталенковай "Адваротны бок люстэрка".
"Па сюжэце герой трапляе праз люстэрка ў Вільню 16 стагоддзя, варта ўспомніць і раманы Людмілы Рублеўскай "Авантуры студыёзуса Вырвіча". Але ж уласна фэнтэзійных раманаў у нас амаль не было створана", — распавядае пісьменнік.
Калі: сёння, а 18 гадзіне.
Дзе: Маладзечна, Чыстая, 26.