МІНСК, 2 лют — Sputnik. Узмацненне маразоў чакаецца ў Беларусі ў пачатку наступнага тыдня, паведаміў Sputnik у чацвер начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыёактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Дзмітрый Рабаў.
Па дадзеных сіноптыкаў, у панядзелак 6 лютага надвор'е абумовяць атмасферныя франты, якія перамяшчаюцца з паўднёвага захаду Еўропы.
"Пераважна па паўднёвай палове рэспублікі пройдзе кароткачасовы снег, на асобных участках дарог — галалёдзіца. Тэмпература паветра на працягу сутак складзе ад —3 да —10°С, у паўночна-ўсходніх раёнах да —16°С", — сказаў Рабаў.
У аўторак і сераду 7 і 8 лютага будзе яшчэ халадней: тэмпература уначы — ад —10 да —17°С, днём —7..-13°С, па паўночным усходзе Беларусі уначы да —21°С. "У другой палове дэкады маразы яшчэ памацнеюць: мінімальная тэмпература паветра ўначы ў асноўным —13..-20°С, пры праясненнях —21..-28°С", — сказаў суразмоўца Sputnik.
Паводле слоў Рабава, чакаецца да шасці начэй з тэмпературай —20°С і ніжэй, самы халодны перыяд прыйдзецца на 8-10 лютага.
"У другой палове месяца прагназуецца перавага адлігі. Але гэта яшчэ не вясна", — паведаміў сіноптык.
У Гідрамеце чакаюць, што сярэдняя месячная тэмпература паветра ў лютым будзе знаходзіцца ў межах звычайных значэнняў, у заходніх раёнах — на 0,5°С вышэй за норму.