МІНСК, 17 лют — Sputnik. Сырое і цёплае надвор'е нясе ў Беларусь вільготная паветраная маса, якая паступае з Балтыйскага мора, паведамілі ў Белгідраметцэнтры.
У суботу ў Беларусі чакаецца воблачна з праясненнямі. Уначы на значнай частцы тэрыторыі краіны, а днём пераважна па паўднёвым усходзе невялікія кароткачасовыя ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу.
Уначы і раніцай магчымы слабыя туман і галалёд, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра мінімальная ноччу —3..+2°С, максімальная днём 0..+5°С.
У нядзелю будзе пераважна без ападкаў, толькі раніцай і днём у асноўным па паўночна-заходняй палове краіны пройдуць кароткачасовыя ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу. Сіноптыкі прагназуюць слабыя туман, уначы і раніцай галалёд.
Тэмпература паветра будзе вагацца ад —4..+1°С уначы да —1..+4°С днём.
У панядзелак большая частка краіны апынецца пад уплывам франтальных раздзелаў і цёплых паветраных мас атлантычнага паходжання. На большай частцы тэрыторыі зноў чакаюць ападкі, слабы туман, уначы і раніцай галалёд. Днём па захадзе магчымы моцны парывісты вецер. Паветра прагрэецца днём да 0..+5°С.