Алена Васільева, Sputnik
У беларусаў адна за другой з'яўляюцца нагоды для развіцця здольнасці ганарыцца сабой і нацыяй. Перамога Мітрыя Сямёнава-Алейнікава на кінафестывалі ў Вене — гэта хоць і не Нобель, але ж чарговае міжнароднае прызнанне. Пакуль у нас не атрымліваюцца бюджэтныя карціны, на якія марнуюцца нямалыя грошы, малады рэжысёр Мітрый Сямёнаў-Алейнікаў на ўласным энтузіязме і за ўласныя грошы (бюджэт — 7 тыс. даляраў) зняў фільм "Адной крыві", які атрымаў прызнанне на міжнародным фестывалі LET'S CEE Film Festival ў Вене.
Трейлер фильма ОДНОЙ КРОВИ \ THE SAME BLOOD film trailer from Mitry Semenov on Vimeo.
У байнеце амаль адразу пасля навіны пра перамогу з'явіўся трэйлер фільма. Самога фільма ў сеціве няма, але ж публіка ўжо паспела рэзюмаваць: беларус зняў кіно пра народны бунт і перашкоды сістэмы. Sputnik сутрэўся з Мітрам Сямёнавым-Алейнікавым, каб высветліць, што насамрэч меў на ўвазе рэжысёр.
- Калі жывеш у беларускім кантэксце і бачыш на экране першыя кадры фільма — натоўп кідае камяні ў АМАП, здаецца, што маеш справу з класічнай для маладога беларускага рэжысёра карцінай — непаразуменне з сістэмай. А тут яшчэ і выбары толькі скончыліся…
— А хто вам сказаў, што месца дзеяння майго фільма — Беларусь? Так, я здымаў фільм у Мінску, ёсць пазнавальныя лакацыя — той жа Чырвоны дворык. Але ж я не рабіў кіно пра Беларусь, хоць мяне ўжо намагаюцца перацягнуць на той ці іншы палітычны бок. Я рабіў кіно пра свет, а не пра канкрэтную краіну, паўсюдна пастаянна адбываюцца сутыкненні людзей з сістэмай. Месца дзеяння фільма — недзе ў сувеце. Месцам дзеяння магла б быць і Украіна, і Расія, і амаль ці не любая краіна Еўропы — нашыя праблемы аднолькавыя.
Але ж шмат хто робіць вынікі, не паглядзеўшы фільм, а толькі пабачыўшы трэйлер, мяне намагаюцца перацягнуць на нечы бок. Але ж трэйлер выконвае функцыю прыцягнення ўвагі, пасля яго людзі павінны захацець паглядзець кіно.
- Калі рэжысёр з усходняй Еўропы здымае кіно пра непаразуменне з сістэмай, падазраеш яго ў папулізме…
— Я, наадварот, не люблю рускае кіно, якое паказвае жыццё ў краінах СНД як нешта адмоўнае. Калі еўрапейцы апладуюць такім фільмам, гэта ператвараецца ў палітычную гульню. Але мой фільм ніхто не ўспрыняў такім чынам: еўрапейцы пазнавалі сябе. Нас там не ўспрымалі як людзей з трэцяга свету, тыя праблемы з сістэмай, што існуюць у нас, ёсць і там. Я не рабіў кіно пра Беларусь, я здымаў пра неабходнасць адзін аднога любіць, пра тое, што вайна — гэта дрэнна, што паміраць за сістэму — ненатуральна.
Калі ты сапраўды хочаш нечага дабіцца, сістэма не будзе перашкаджаць. Ну разбурылі сістэму ва Украіне — і што, добра атрымалася? Змяняць трэба сябе, змяняць падыход.
Спытай сябе, а ты што сам зрабіў, каб тваё жыццё стала лепей? Рэжысёры, якія ва ўсім вінавацяць сістэмы, часта самі жывуць у Еўропе і ніякага дачынення да сістэмы не маюць. Я супраць таго, каб еўрапейцы параўноўвалі нас з сабою і лічылі за горшых, на гэтым фестывалі такога і не было. Да нас падышлі дзве аўстрыйкі і папрасілі фільм на DVD — яны аказаліся настаўніцамі, хацелі паказваць яго школьнікам, хоць я паставіў рэйтынг яму "18+".
- А вы самі сябе ў барацьбе з сістэмай да якога боку адносіце?
— Я сябе не адношу ні да аднаго боку. Я намагаўся глядзець на падзеі ва Ўкраіне (а натхнілі мяне ў значнай ступені менавіта яны) і разумець, што рухае кожным. Калі адбываецца ўзаемазнішчэнне, калі міліцыя б'е людзей і наадварот, нараджаецца насілле, а яго цяжка выбачыць. Насілле — гэта вірус. У мяне шмат сяброў, у якіх розныя погляды на канфлікт ва Украіне, яны спрачаюцца ледзве не да кулакоў, а трэба проста слухаць адзін аднога. Разумны чалавек не будзе ствараць сітуацыю, у якой па дурасці можа памерці. Мы прыдумляем сабе, маўляў, нам перашкаджае сістэма, а насамрэч нам патрэбная ў жыцці любоў — ёй сістэма не замінае. Свет адкрыты — нас ніхто не трымае.
Як рэжысёр я намагаўся нікога не асуджаць, я пакідаў магчымасць гледачу рабіць вынікі і спачуваць кожнаму, нават таму, хто, на першы погляд, з'яўляецца адмоўным героем. Я спачуваю старэйшаму брату — ён светлы, у яго толькі наладжваецца жыццё. Спачуваю малодшаму — ён дзікі, як усе маладыя, яму патрэбна, каб усё было тут і зараз — а так не бывае. Не трэба далбіць сцену — зверху будуць падаць камяні.
Я хацеў, каб глядач зразумеў кожнага, нават дурнога паліцэйскага. І я адмыслова дадаў у сюжэт яшчэ аднаго міліцыянта — ён паводзіць сябе як чалавек. Можна было б проста вырэзаць гэты эпізод, але тады пачаўся б перакос у ацэнках, а я паказаў, што і ў негатыўнага персанажа таксама ёсць нешта добрае.
- Атрымліваецца сюжэт, збудаваны на хрысціянскіх каштоўнасцях…
— Можа, таму фільм і прынялі на фестываль "Лучезарный ангел", які адкрывае Патрыярх Кірыл. Куратар фестывалю — жонка Мядзведзева, прэм'ера Расіі. Мяне толькі папрасілі ўнесці элемент цэнзуры, прыбраць лаянку — я ўсё прыбраў, акрамя аднаго слова "жопа" — з песні слова не выкінеш.
- А што з бюджэтам? Атрымалася знайсці спонсара, ці на ўсё трэба было выдаткоўваць уласныя грошы?
— На фестывалі былі фільмы са значна большым бюджэтам — Еўропа падтрымлівае сваіх рэжысёраў, пры тым, не важна, дзе ты вучышся. Адзін рэжысёр атрымаў 10 тыс. даляраў падтрымкі ад уладаў Турцыі, хоць навучаўся ў брытанскай кінашколе, столькі ж дала яму і кінашкола. Але хоць бюджэт у нас меншы, эмацыйны зарад аказаўся мацнейшым.
Большасць рабілася на асабістых дамоўленасцях. Мой сябра дазволіў здымаць у ягонай кватэры, яна была ў перадрамонтным стане, мы пакупалі абоі, абіралі колер, растаўлялі мэблю. Пакой малодшага брата поўнасцю зроблены намі, кожны надпіс на сцяне рабіўся адмыслова. Мы намагаліся паказаць, што ў гэтага героя былі свае жаданні, сваё жыццё, што гэты надпіс ён зрабіў пасня п'янкі, гэты — калі яму было весела. Можа, быў бы ў нас бюджэт, мы б зрабілі іншыя касцюмы, не прывязваліся б да касцюмаў расійскай паліцыі. Ідэальна было б, каб месца дзеяння было нейкім горадам N.
Дарэчы, гук мы не перазапісвалі — не люблю дубляж, таму прыйшлося папрацаваць з петлямі, было цяжка, але захавалася арганіка гуку.
Я скончыў Беларускую акадэмію мастацтваў у Мінску, а пасля два гады навучаўся на рэжысёрскіх курсах у маскоўскім ВДІК. Нават у Маскве, не кажучы пра Еўропу, цікавасць да маладых рэжысёраў вышэйшая, чым у Беларусі. А значыць, і падтрымка большая. Не хапіла б нам грошай — і ўсё, не было б фільма. Маладыя рэжысёры сядзяць па кабінетах, па офісах, зарабляюць на вытворчасць кіно, здымаюць кліпы за грошы — выкручваюцца, як могуць. Асабіста я ў Маскве паспеў папрацаваць на TNT, запісваў ролікі для Галыгіна ў Comedy Club. Спрабаваў папрацаваць на шоу "Вечерний Ургант", быў у офісе, бачыў Ваню — цікава, высокі такі. Але ж не дамовіліся па коштах.
- Маладыя рэжысёры часта грашаць тым, што бяруць у фільм непрафесійных акцёраў — ім не трэба плаціць. У вашай карціне выбітная акцёрская ігра — як знайшлі герояў?
— Я доўга абіраў акцёраў, мне хацелася, каб яны былі падобныя, каб глядач верыў, што гэта — адна сям'я. Галоўнага героя запрасіў з Віцебска, а калі шукаў актрысу на ролю ягонай маці, успомніў пра Ірыну Кабанаву — яна цудоўны педагог Акадэміі мастацтваў і выбітная актрыса. Патэлефанаваў ёй і папрасіў пра дапамогу, яна адразу пагадзілася. Калі галоўны герой пабачыў яе, сказаў, што Ірына надта падобная да яго маці. Я зразумеў, што космас нам дапамагае.
Мы здымалі даволі доўга — хацелі за сем дзён усё зрабіць, але не атрымалася. Аднойчы галоўны герой з'ехаў у Віцебск і вярнуўся без барады. Прыйшлося чакаць, пакуль наноў вырасце. Дванаццаць дзён расцягнуліся на паўтара месяцы, ніхто не верыў, што скончым, але ж ніхто не апускаў рукі.
- Можа атрымацца, што хутка і вас пачнуць дзяліць — рускі рэжысёр ці беларус. Вы сябе да каго адносіце?
— Для мяне няма падзялення на беларускіх і рускіх маладых рэжысёраў. Няважна, дзе ты навучаўся, ты належыш да той краіны, дзе нарадзіўся і вырас, калі не змяніў пашпарт, як Жэрар Дэпард'е. Хочацца разламаць гэты стэрэатып — вучыся дзе хочаш, гэта ўсё будзе здабытак да агульнабеларускага вопыту. Пётр І выехаў з Расіі, паглядзеў на Еўропу, вярнуўся — і пазбавіў усіх барады. Мы працуем на агульначалавечы вопыт.
Як гаварыў мой настаўнік Уладзімір Фенчанка, галоўнае — кайф ад працы. Ён казаў — я хачу бачыць фільмы, якія прыносяць вам боль, думкі, якія вы не можаце расказаць другому чалавеку, але можаце зняць пра іх карціну.
Мы ніколі не абыдзем Галівуд — гэта махіна, якая зарабляе грошы. У нас свой шлях. Пакуль яны робяць "Трансформераў", мы павінныя рабіць фільмы, якія гутараць з чалавекам на мове людзей, а не робатаў.
Даведка Sputnik. Мітры Сямёнаў-Алейнікаў скончыў Беларускую акадэмію мастацтваў, два гады вывучаў рэжысуру ў ВДІК. Здымаў кліпы для гуртоў ili-ili, "Без Білета", кліп на песню "Time", з якой беларускія выканаўцы выступілі ў гэтым годзе на "Еўрабачанні".
Яго кароткаметражны фільм "Адной крыві" заваяваў гран-пры міжнароднага кінафестывалю фільмаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы LET'S CEE Film Festival (Вена).
Бліжэйшым часам паглядзець фільм можна будзе на фестывалі "Лістапад" і на фестывалі кароткага метру "Bulbamovie".