"Калядны фэст-2016" адбудзецца ў Мінску 25 снежня

© Sputnik / Виктор ТолочкоКаляды ў Беларусі
Каляды ў Беларусі - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Кожны гурт — удзельнік фестывалю падрыхтаваў сюрпрызы для наведвальнікаў — ад выканання прэм’ер да замалёвак на калядную тэматыку.

МІНСК, 22 сне — Sputnik. Штогадовы фестываль сярэднявечнай і фолк-музыкі "Калядны фэст" пройдзе ў сталічным клубе Re: Public 25 снежня. У музычным марафоне традыцыйна возьмуць удзел лепшыя калектывы фолькавага накірунку — "Палац", "Стары Ольса", Znich, Irdorath, Trollwald, "Гістрыён", Vuraj.

Напярэдадні фэстываля карэспандэнт Sputnik патэлефанаваў кожнаму з яго ўдзельнікаў і даведаўся, якія сюрпрызы яны рыхтуюць для прыхільнікаў сярэднявечнай музыкі і як ставяцца да самаго фэсту як да з'явы.

Усе апытаныя музыкі сышліся ў меркаванні, што "Калядны фэст" — мерапрыемства з асаблівай святочнай, вясёлай атмасферай і выступае ў якасці своеасаблівага злучальніка паміж гісторыяй, традыцыямі і сучаснасцю.

"Калядны фэст" — гэта вяртанне старых традыцый, вяртанне аднаго з самых светлых традыцыйных беларускіх святаў. І адпаведна гэты настрой перадаецца музыкам. Я нават лічу, што гэты настрой неяк генетычна закладзены. У гэты час хочацца свята і адчуванне нейкае святочнае прысутнічае ў кожным", — распавёў лідэр гурта "Стары Ольса" Зміцер Сасноўскі.

Ён таксама адзначыў, што "Стары Ольса" на "Калядным фэсце" выканае урачыстыя вясёлыя кампазіцыі, сыграе некалькі кавер-версій рок-класікі, некаторыя рэлігійныя кампазіцыі і паабяцаў шмат сярэднявечных танцаў.

Гурт "Палац" сыграе на фестывалі песні з больш электроннай аранжыроўкай і прадставіць новую песню.

"Нам бы хацелася на фоне нашых калегаў, нашых паплечнікаў, якія будуць граць больш акустычныя і нават фолк-металічныя рэчы, усё ж такі звярнуць увагу на фальклор, звязаны з тэхналогіямі сінтэзатарнымі альбо сэмплернымі. Для нас гэта важна, таму што мы лічым, што ў фальклоры ў будучыні менавіта гэтае адгалінаванне будзе мець больш актыўнае развіццё", — распавёў лідэр і зазнавальнік "Палацу", родапачынальнік "Каляднага фэсту" Алег Хаменка.

Сапраўдны сюрпрыз сваім прыхільнікам на "Калядны фэст" рыхтуе гурт Irdorath — з фестывальнай сцэны ад гурта будзе аб'яўлена вельмі важная і прыемная навіна, не абыйдзецца і без прэм'ер. Вакаліст гурта Уладзімір Ірдарат запэўніў, што на фэсце гурт выканае "самае лепшае".

"Калядны фэст — гэта ўжо традыцыйны адрыў напрыканцы года. На фестываль збіраюцца не толькі нашыя прыхільнікі, але і ўся моц нашага фолк-руху, там лунае вельмі моцная энергетыка, на фестывалі заўжды радасна і весела. Мы вельмі рады, што мы ўжо чацвёрты год запар уваходзім у залаты склад гэтага фестывалю", — распавёў вакаліст гурта.

"Мы вельмі любім гэты фестываль. Гэта выдатнае мерапрыемства. Мы на ім гралі яшчэ ў тыя часы, калі былі Litvintroll, а першы выступ Trollwald адбыўся менавіта на "Калядным фэсце". Вельмі душэўны фестываль", — адзначыў вакаліст гурта Trollwald (ex-Litvintroll) Андрэй Апановіч.

Лідэр гурта Znich Алесь Таболіч распавёў, што сёлета "мы зробім нешта такое, чаго не было ў мінулым годзе". Музыка падзяліўся, што гурт пачне свой выступ з народнай песні "Каляда калядзец".

"Гэта адзін з наймацнейшых зімовых фестываляў. Я яго параўноўваю з "Купальскім колам", на які таксама збіраецца шмат прадстаўнікоў альтэрнатыўнай, фолкавай і металічнай тусоўкі і які таксама прысвечаны дню сонцастаяння", — сказаў Таболіч.

Музыка выказаў здагадку, што людзі любяць наведваць і "Калядны фэст", і "Купальскае кола" менавіта таму, што дух продкаў, народныя святы з казой і народнымі песнямі блізкія беларусам па духу, а гэтага не знойдзеш на іншых фестывалях.

Удзельнікі калектыву "Гістрыён" адзначылі, што "Калядны фэст" для ніх заўжды карнавал і магчымасць як след павесяліцца і прыдумаць нешта незвычайнае.

"Ужо другі год запар мы рыхтуем для фэста невялікія тэатральныя замалёўкі, якія будзем паказваць у перапынках паміж выступленняў гуртоў. Замалёўкі гэтыя на калядную тэматыку — летась нашыя калядоўшчыкі згубілі і знайшлі казу, а сёлета мы ўзгадаем каляднае паданне пра цмока і сонца. Думаю, сюрпрызам стануць нашыя персанажы, але што за яны, пакуль казаць не будзем", — распавялі ўдзельнікі калектыву.

Музыкі з гурта Vuraj распавялі, што падчас мерапрыемства зробяць акцэнт на калядных песнях, зайграюць песні "Святы вечар", "Шчодры вячор", а таксама развучаць адну з калядных песень разам з усімі наведвальнікамі фэсту і заспяваюць разам з імі. "Гэта добрая нагода — зрабіць такое свята, прысвечанае калядам", — адзначылі музыкі.

"Калядны фэст-2016" адбудзецца 25 снежня ў сталічным клубе Re: Public, пачатак у 17:30; кошт квіткоў складае 25 рублёў папярэдне, 30 — у дзень канцэрту.

Стужка навiн
0