Шарм-эль-Шэйх сёння

© Sputnik / Юлія ХвошчШарм-эль-Шэйх, Егіпет
Шарм-эль-Шэйх, Егіпет - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Сонца, зніжкі і пустыя гатэлі – карэспандэнт Sputnik наведаў адзін з самых папулярных егіпецкіх курортаў пасля трагедыі на Сінайскім паўвостраве.

Юлія Хвошч, Sputnik.

Выляталі мы з Кіева. Як патлумачыла тураператар, пасля трагедыі, якая адбылася 31-га кастрычніка, такі шлях абыдзецца танней — для жыхароў Украіны на курорты Егіпта зрабілі вялікія зніжкі, тым не менш ляцець туды жадаючых амаль няма. Пуцёўка на дваіх у пяцізоркавы гатэль абыходзіцца сёння ў 670 даляраў.

Ва ўкраінскім аэрапорце Барыспаль мы сустрэлі шмат беларусаў, якія таксама адпраўляліся за сонцам. Амаль усе пасажыры чартара Барыспаль — Шарм-эль-Шэйх набылі пуцёўкі задоўга да трагедыі — у верасні-кастрычніку, але вырашылі не адмаўляцца ад адпачынку.

"Мы набылі пуцёўку яшчэ ў пачатку кастрычніка, вядома, я падумала, што лепей страціць грошы, але не ляцець. Але мая маленькая дачка падышла і сказала: "Мама, ну калі ласка, паляцелі. Няхай наш самалёцік не ўпадзе", — распавядае ў зале чакання пасажырке маладая мама з Мінска, абдымаючы чатырохгадовую дзяўчынку.

У чарзе на рэгістрацыю панавала напружаная атмасфера — вакол чуліся размовы пра тое, як часта падаюць самалёты, аб магчымых прычынах трагедыі 321-га боінга і пра тое, што на ўсё воля божая. Хтосьці спрабаваў няўдала жартаваць, гучна распавядаючы анекдоты, нейкі мужчына здымаў усіх пасажыраў на відэа ў тэлефоне. Ляцець баяліся амаль усе, але, зрабіўшы па традыцыйным сэлфі, на гэты раз з напружанымі тварамі, усё ж паляцелі.

Пустуючае ўзбярэжжа

Некалькі сотняў адпачывальнікаў з Еўропы, Украіны і Беларусі — занадта мала, каб запоўніць некалькі тысяч гатэляў на беразе Чырвонага мора. Пляжы Егіпта нязвыкла пустыя, нягледзячы на тое, што зараз тут высокі сезон — лістапад, снежань, студзень — час, калі мясцовыя гатэлі робяць амаль палову гадавой выручкі. У першую чаргу дзякуючы турыстам з Расіі.

© Sputnik / Юлія ХвошчПляж Егіпта ў лістападзе 2015-га, Шарм-эль-Шэйх
Пляж Егіпта ў лістападзе 2015-га, Шарм-эль-Шэйх - Sputnik Беларусь
Пляж Егіпта ў лістападзе 2015-га, Шарм-эль-Шэйх

30 лістапада самалёты вывезлі апошніх расіян з Чырвонага мора. Калі яны змогуць сюды вярнуцца — невядома. Ужо зараз у Егіпце пытаюцца "Ты з Украіны ці з Беларусі?", нават не беручы ў разлік Расію.

"Ох, не ў час вы. Мы адны з апошніх, хто тут застаўся. Праз тры дні мы ляцім дамоў, а вы будзеце тут удваіх", — адразу ж паведаміў за першым сняданкам турыст з Расіі.

Спачатку мы паставіліся да яго слоў скептычна, але праз тры дні ў гатэлі, разлічаным на пяць тысяч чалавек, і сапраўды засталося каля сотні турыстаў, прычым большая частка з іх — прадстаўнікі мясцовага насельніцтва. Каб пазбегнуць глабальных страт, Егіпет запусціў экстранную рэкламную кампанію, мэта якой — прыцягнуць турыстаў з самога Егіпта, іншых арабскіх краін і Паўночнай Афрыкі.

Страты ўжо выклікалі хвалю звальненняў сярод персаналу.

"Я заўтра з'язджаю на радзіму, у Александрыю. У мяне маленькае дзіця, застаўшыся тут, я проста не змагу яго пракарміць. Але яшчэ нядаўна было складана ўладкавацца тут на працу", — распавёў бармен гатэля.

Пяцізоркавыя гатэлі традыцыйна лічацца самымі папулярнымі менавіта сярод рускіх турыстаў, і менавіта для іх сітуацыя складваецца найгоршым чынам. Прыгожыя будынкі стаяць пустымі. У гатэлях чатырохзоркавай катэгорыі запаўняльнасць не перавышае 20%.

© Sputnik / Юлія ХвошчГатэль у Шарм-эль-Шэйхе, Егіпет
Гатэль у Шарм-эль-Шэйхе, Егіпет - Sputnik Беларусь
Гатэль у Шарм-эль-Шэйхе, Егіпет

"Баюся нават падумаць, што зараз будзе. Звычайна рускія прыязджаюць на навагоднія святы, на Каляды, вельмі папулярны сакавік. А цяпер гаспадар чакае моманту, каб павесіць на гатэль замок", — распавядае супрацоўнік салона прыгажосці, размешчанага на тэрыторыі гатэля.

Спынена будаўніцтва новых гатэльных комплексаў. Па дадзеных егіпецкіх уладаў, кожны месяц забарон палётаў з Расіі абыдзецца арабскай рэспубліцы прыкладна ў 280 мільёнаў даляраў. Да катастрофы над Сінаем Егіпет да канца года разлічваў прыняць каля 10 мільёнаў замежных турыстаў, мінімум 4 мільёны з якіх павінны былі прыляцець з Расіі.

Сэрвіс змяніўся

У гатэлях скарачаюць не толькі персанал. Зачыняюцца рэстараны. Так, у нашым гатэлі з чатырох застаўся працаваць толькі адзін — астатнія былі зачынены за непатрэбнасцю ў першыя ж дні нашага прылёту. Мух і іншых насякомых перастаюць цкаваць, што жудасна дакучае рэдкім турыстам.

Тым не менш трэба аддаць належнае персаналу — адміністрацыя праяўляе павышаны клопат да гасцей, на тэрыторыі ўздоўж узбярэжжа першай берагавой лініі ўзмоцнена ахова.

На ўсе платныя паслугі, прапанаваныя на тэрыторыі гатэляў, зараз небывалыя зніжкі. Напрыклад, на вярблюдзе можна пракаціцца амаль бясплатна — усяго за 5 даляраў.

© Sputnik / Юлія ХвошчВярблюд Вася з гаспадаром
Вярблюд Вася з гаспадаром - Sputnik Беларусь
Вярблюд Вася з гаспадаром

За некалькі дзён да адлёту мы амаль выпадкова сустрэлі на пляжы аніматараў, якія, як сталася, былі ў гатэлі, але проста не выходзілі на пляж — яны былі ўпэўнены, што новых наведвальнікаў на тэрыторыі няма.

"Тут вельмі маленькі пляж, вы не ўяўляеце, што тут было літаральна колькі тыдняў таму — людзі біліся за лежакі", — распавядае аніматар Ігар, сумным позіркам абводзячы пусты пляж і сабраныя да кучы матрацы ад лежакоў.

© Sputnik / Юлія ХвошчПляж Егіпта ў лістападзе 2015-га, Шарм-эль-Шэйх
Пляж Егіпта ў лістападзе 2015-га, Шарм-эль-Шэйх - Sputnik Беларусь
Пляж Егіпта ў лістападзе 2015-га, Шарм-эль-Шэйх

Увечары аніматары ладзілі міні-дыскатэку для дзетак, а потым дарослым паказвалі фільмы. Гледачы ў амфітэатры — тры аніматара, гукарэжысёр і бармен.

Самая шумная вуліца курорта Наама Бэй запоўнена мясцовымі жыхарамі, з'яўленне на ёй турыстаў выклікае ледзь не здзіўленне. Паветра прасякнутна атмасферай напружання. Настрою ў ураджэнцаў Шарм-эль-Шэйха амаль няма, яны больш не прыстаюць з дэманстрацыяй тавару і не спрабуюць зацягнуць у сваю кавярню.

Увечары за вячэрай у гатэлі ладзяцца забаўляльныя праграмы, часам з нацыянальнымі рускімі матывамі. Толькі вось не зусім зразумела, для каго.

© Sputnik / Юлія ХвошчПляскі на рускую тэматыку ў гатэлі Шарм-эль-Шэйха
Пляскі на рускую тэматыку ў гатэлі Шарм-эль-Шэйха - Sputnik Беларусь
Пляскі на рускую тэматыку ў гатэлі Шарм-эль-Шэйха

Выбар за турыстам

Вылеты з аэрапорта Шарм-эль-Шэйха зараз затрымліваюць. І затрымка на дзве гадзіны — гэта мінімальная норма з-за ўзмоцненых мер бяспекі. Пасля здачы багажу пасажыры праходзяць да выхаду на пасадку. Пад'язджае аўтобус, які падвозіць да самалёта, збірае людзей. У аўтобусе блакіруюць бакавыя дзверы, пакідаюць толькі сярэднія. Людзей выпускаюць па пяць чалавек, кожны павінен знайсці свой чамадан сярод тых, што выстаўлены перад самалётам, адкрыць яго ў прысутнасці супрацоўніка аэрапорта, перабраць рэчы і пераканацца, што ў чамадане не з'явілася новых прадметаў.

Нават нягледзячы на смешныя кошты на пуцёўкі, ласкавае сонца, зніжкі на паслугі і поўную адсутнасць турыстаў на пляжах, варта некалькі разоў падумаць перад тым, як вырашыцца на падарожжа — ляцець на курорты сонечнага Егіпта МЗС Беларусі пакуль не раіць. 

Стужка навiн
0