Планы на выходныя: агонь, гонкі і калаж з Чэхава, Шэкспіра і Керуака

© REUTERS / Vasily FedosenkoМіжнародны фестываль агню ў Ратамцы
Міжнародны фестываль агню ў Ратамцы - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Адпачынак на любы густ, статус і кашалёк – у традыцыйным аглядзе культурных падзей ад Sputnik.

Вера Дашкевіч, Sputnik.

Мінск у гэтыя выхадныя прымае адразу некалькі сур'ёзны фестываляў. Для аматараў музыкі ёсць канцэрты ад Башмета, для тэатралаў — яркія і нярэдка эксперыментальныя пастаноўкі ў межах форуму "ТэАрт". Для тых жа, хто хоча нефарматнага адпачынку — фестывалі агню, фарбаў і гонкі на картынгах.

Субота

Вечарына венскай класікі

У мінскай філармоніі ў межах юбілейнага Х Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета будуць граць Моцарта. Прычым за раялем будзе, калі верыць арганізатарам, самы вядомы ў свеце інтэрпрэтатар аўстрыйскага кампазітара — зямляк Моцарта 87-гадовы венскі піяніст Пауль Бадура-Шкода. Разам з легендарным музыкантам на сцэну выйдзе унікальны калектыў East-West Chamber Orchestra. Ён заснаваны яшчэ адным вядомым піяністам Расціславам Крымерам. Крымер сабраў у свой аркестр лепшых артыстаў з Расіі, Беларусі, краін Балтыкі, Германіі і іншых краін Заходняй і Усходняй Еўропы. Будучы канцэрт стане па сутнасці прэзентацыяй новага калектыву, а 3 кастрычніка — яго афіцыйным Днём нараджэння.

Дзе: вялікая зала філармоніі; калі: а 19:00.

Субота

Бясплатная экскурсія ў Мастацкім музеі

Нацыянальны мастацкі музей ладзіць бясплатныя экскурсіі. Свабодна агледзець экспазіцыю ад "рэалізму да імпрэсіянізму" можна будзе ў 15:00, папярэдне запісвацца не трэба. У названы тэрмін экскурсавод проста збярэ ўсіх жадаючых і правядзе па залах. Прычым такія акцыі ў музеі маюць намер ладзіць цягам усяго кастрычніка — праўда, толькі па суботах.

Дзе: Нацыянальны мастацкі музей; калі: а 15:00; уваход вольны.

Субота

Вогненнае шоў у Ратамцы

У літаральным сэнсе вогненнае прадстаўленне можна будзе пабачыць у гэтыя выходныя пад Мінскам у пасёлку Ратамка. На мясцовым стадыёне зноў будуць дэманстраваць вогненна-піратэхнічнае шоў "МІФФ-2015". Шоў вырашылі паўтарыць па шматлікіх просьбах гледачоў, ўдакладняюць арганізатары. Абяцаюць яркія пастаноўкі ад розных каманд, багатыя дэкарацыі, цікавыя сюжэты і… шмат агню. Варта дадаць, што для ўсіх гледачоў будзе арганізаваны бясплатны аўтобус ад станцыі метро Каменная горка.

Дзе: стадыён пасёлка Ратамка; калі: 19: 30-21: 00; квіткі: ад 90 тысяч рублёў.

Нядзеля

"ТэАрт" ў ДК МАЗ

У гэтую нядзелю ў Мінску можна будзе паглядзець эксперыментальную пастаноўку італьянскага баламута Піпі Дельбона. У межах міжнароднага форуму тэатральнага мастацтва "ТэАрт" ён прадставіць свае "Архідэі" — спектакль-калаж з тэкстаў Шэкспіра і Чэхава, разведзеныя меркаваннямі амерыканскага бунтара 50-х Джэка Керуака. Акрамя таго, са сцэны будзе гучаць музыка на матыў Deep Purple. Відовішча абяцаюць яркае і трохі шакавальнае.

Дзе: Палац культуры МАЗ; калі у 19:00; квіткі: ад 140 тысяч рублёў.

Нядзеля

HOLI FEST у Дрымлэнд

Хто сказаў, што восень павінна быць толькі залатой ці шэрай. Арганізатары чарговага фестывалю фарбаў ў парку забаў "Дрымлэнд" вырашылі дадаць у кастрычніцкую палітру шмат сіняга-зялёнага-чырвонага і шэра-бура-малінавага…

Рыхтуюцца: дзесяціметровы калідор для бітвы фарбамі, бітвы за званне лепшага МС і брэйк-танцора і яшчэ шмат чаго цікавага. Гэтае свята прысвечана новаспечаным студэнтам.

Дзе: парк забаў "Дрымлэнд"; калі: 11: 00-20: 00; уваход вольны.

Нядзеля

Картынг-гонкі на Баравой

Ёсць выдатны варыянт адпачынку для аматараў паганяць. У пасёлке Баравая ў нядзелю адбудуцца спаборніцтвы па картынгу сярод аматараў. Чакаюць усіх жадаючых, старэйшых за 14 гадоў. Для ўдзельнікаў прадугледжаны ўступны ўзнос у 350 тысяч рублёў, затое для пераможцаў — прызы.

Дзе: картынг-клуб "Грапа-Мотаспорт"; калі: 18:00; уваход вольны.

Стужка навiн
0