Кіно ў Present Continuous: нашто спатрэбіўся дадатковы сеанс "ГараШ"

© Sputnik / Ася ПоплавскаяШабаны. Мост над железной дорогой
Шабаны. Мост над железной дорогой - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Нябожчык узняўся і пайшоў па горадзе звыклым маршрутам – кінатэатр “Пабеда” – YouTube – etc. Нацыянальнае кіно зноў на невядомы тэрмін ажыло: назаўтра зноў будуць хаваць, але ж сёння маем дадатковыя сеансы на курэйчыкаўскі “ГараШ”.

Алена Васільева, Sputnik

Па нейкай старажытнай нацыянальнай традыцыі беларускае кіно ажывае ў сярэднім раз на год, і часцей за ўсё гэты кінацуд здараецца пад "Лістапад". Згодна з нацыянальнай міфалогіяй, добрыя духі беларускага кінематографа тады выходзяць з ценю і прэзентуюць нешта больш ці менш удалае. З моманту мінулых цудаў прайшло амаль пяць гадоў — увесь гэты час над амаль-ці-не-нябожчыкам здзяйснялі малазразумелыя рытуалы — то аб'яўлялі нацыянальную падтрымку, то пагражалі цэнзурай.

Калі нацыянальны кінематограф ажываў мінулым часам, дык зомбі атрымалася нейкае агрэсіўнае і пайшло пужаць грамадскасць, хоць па шчырасці ў афішы так і было заяўлена — бульба-хорар. Праз пяць гадоў недапахаванае, недапамерлае кіно зноў узнялося — Курэйчык каторы дзень просіць у сацсетках прабачэння ў гледачоў, якія не здолелі патрапіць на "ГараШ" — не хапіла квіткоў. Дырэкцыя фестывалю, бачачы, што новаму беларускаму кіно ўдалося нават перацягнуць частку ўвагі ад дывы Фані Ардан, назначыла дадатковыя сеансы.

Элексір, які выратоўвае беларускае кіно, замацаваны ў брытанскай граматыцы і завецца Present Continuous, вядомае ўсім са школы "настоящее длительное время". Каб утварыць Present Continuous у англійскай мове, дастаткова ўзяць дзеяслоў to be і дадаць канчатак —ing. У выпадку з кіно, каб утварыць Present Continuous, трэба ўзяць пазнавальную лакацыю (у нашым выпадку — Шабаны), такіх жа герояў (Аляксандр Кулінковіч) і змясціць іх у знаёмых абставінах — прымусіць ці то зарабляць на жыццё, ці то разважаць пра "складаную метафізіку рэчаіснасці".

На "ГараШ" ідуць не таму, што Курэйчык хораша прайшоўся па жыцці спальных раёнаў і па, як прынята казаць, "пошасцях грамадства". Ён зрабіў гэта ў Present Continuous. То бок, і язвы свежыя (закон пра дармаедства, напрыклад), і ўсё гэта пад барматанне беларускай рэчаіснасці, якая ўвасобілася ў форме радыё, што вяшчае з аўтамагнітолы.

І не благія знакамітыя фільмы "пра вайну", на якіх набіў руку "Беларусьфільм", але ж гэта — Past Perfect (мінулае, якое адбылося), і калі мы не хочам раптам адчуць сябе ў Future in the Past (будучае, якое адбылося), дык варта час ад часу мяняць танальнасць. На прэм'еры "ГараШа" глядач смяяўся — верны паказчык таго, што танальнасць абраная правільна.

Той жа прынцып спрацоўвае для іншага мастацтва, таму, пэўна, так добра разыходзяцца тыражы з усюдыіснымі кітайцамі ў сюжэце. Тут, праўда, варта ведаць, што з правілу ёсць выключэнні — так, некаторыя дзеясловы не ўжываюцца ў Present Continuous. То бок, такая празмерная адпаведнасць мастацтва — часу, можа ператварыць кіно/літаратуру/музыку/etc. у газетны артыкул — надта актуальны, надта востры, надта імкліва забыты. У выпадку з "ГараШ" стваральнікаў выратоўвае ўсюдыісная метафізіка: метафізічны "гараш", метафізічныя "Шабаны" і метафізікі-аўтамеханікі з самаіроніяй абараняюць сабой новае беларускае кіно ад папрокаў у кан'юнктуршчыне. Таму гэты фільм, як і большасць дзеясловаў у англійскай, можна працягнуць (+ing), што і зрабілі арганізатары фестывалю, то бок — to be Гарашing.

Стужка навiн
0