Людміла Рублеўская: наша літаратура не мае кніжнага рынку

© Sputnik / Сяргей ШаматульскіЛюдміла Рублеўская
Людміла Рублеўская - Sputnik Беларусь
Паэт, празаік, драматург, журналіст – Людміла Рублеўская распавяла пра жыццё, літаратуру і першую Нобелеўскую прэмію ў Беларусі.

Сяргей Шаматульскі

Уладальніца шматлікіх літаратурных прэмій і ўзнагарод, аўтар больш чым трох дзясяткаў кніг прозы і паэзіі, яе творы перакладзены на польскую, рускую, нямецкую, англійскую, украінскую і іншыя мовы, у 2013 годзе ўвайшла ў ТОП-10 самых паспяховых жанчын Беларусі — Людміла Рублеўская ў спецыяльным інтэрв'ю для Sputnik.

Пра сябе ў літаратуры

З самага пачатку я жыла паэзіяй, пасля толькі пачала пісаць прозу. Увогуле, шлях майго асвойвання літаратурных жанраў быў традыцыйны: вершы, драматычныя паэмы, малыя празаічныя формы, аповеды і нарысы, паралельна п'есы, і толькі потым сталі з'яўляцца раманы. Усё-ткі для вялікіх формаў патрэбны досвед.

Але ж чым бы я не займалася, усё роўна застаюся сама сабой. Мае зацікаўленнасці не змяняюцца, колькі жыву. Магу толькі паўтарыць тое, у чым я перакананая: паэтам трэба нарадзіцца. Ім немагчыма проста так стаць. Таму што паэзія — асаблівы спосаб успрымання свету, а такому нельга навучыцца. Гэта можна развіць ці загубіць, але ж усё роўна гэта трэба мець ад пачатку. У прозе вялікую ролю адыгрывае праца, а паэзія можа проста "з'яўляцца".

Да мяне прыходзяць задумы, і яны самі набываюць пэўную форму. Я не выбіраю жанраў у адпаведнасці з кан'юнкутрай. Скажам, зараз напішу п'есу, а пасля верш.

Выбар пісаць па-беларуску ў свой час я зрабіла ў Маскве, калі вучылася ў Літаратурным інстытуце. Мой выпадак не выключны. Наогул, асэнсоўваць прыналежнасць да нейкай культуры, у дачыненні менавіта беларусаў, як пагранічнай нацыі, лягчэй па-за межамі краіны. Таму што любая ідэя фармуецца на супрацьпастаўленні "я і іншыя", тое ж датычыцца і творчага светапогляду пісьменніка. Успомнім Уладзіміра Караткевіча, які з'ехаў вучыцца ў Кіеў, і, менавіта там, ва Украіне, зразумеў, што ён беларус. Зацікавіўся мовай, гісторыяй, стаў тым Караткевічам, якога мы ведаем.

Стаў Караткевічам, які стварыў не проста беларускі свет, а рамантычны міф, які здольны захапіць маладога чалавека. Рыцары, дамы, вандроўныя артысты… Уласна кажучы, усё тое, што пішу я, — гэта мой варыянт таго самага нацыянальнага рамантычнага міфу.

Жанчына — пісьменнік

Галоўнае — гэта ў межах прафесіі не задумвацца пра нейкую розніцу паміж жанчынамі і мужчынамі. Няслушна адчуваць сваю недасканаласць ад таго, што вось ты нарадзіўся не з той храмасомай. Я ніколі на гэта не звяртала ўвагі. Я заўсёды шмат і цяжка працавала, і рабіла гэта не горш за калег іншага полу. Не магу сказаць, што я не сутыкалася з мужчынскім шавінізмам у жыцці, напэўна, гэта было, але я такіх людзей прамінала і ішла далей. Ну калі мужчыне трэба для самасцверджання лічыць, што ўсе жанчыны — дурніцы, то што тут можна давесці?

Мне здаецца, тут спрацоўвае стаўленне з двух бакоў: калі я не зацыкліваюся на "гендэрным пытанні" і працую з усімі на роўных, то і супярэчнасцяў няма. Шчыра кажучы, я лічу, што збольшага праблемы знешнія ідуць ад тых праблем, якія існуюць у самім чалавеку.

Быць беларускім пісьменнікам

Жадаем мы гэтага, альбо не, але ў Беларусі пісьменнік, які працуе з нацыянальнай мовай, абавязкова выконвае дадатковыя функцыі, якія яму, магчыма, і не хацелася б мець. Добрая беларуская кніга — гэта папулярызацыя нацыянальнай культуры, мовы, сапраўднай гісторыі.

Ведаеце, тут яшчэ і адбываецца сутыкненне аўтара з моўным бар'ерам. Як бы ты добра не напісаў, усе роўна пэўны сегмент чытачоў будзе страчаны: не кожны ўспрымае тэкст па-беларуску. Не забывайцеся і пра тое, што наша літаратура не мае свайго кніжнага рынку.

Мы знаходзімся на маргіналіях расійскай інфармацыйнай прасторы. Гэта безумоўна накладае свой адбітак і нясе свае цяжкасці. Таму што любая кніга сёння не толькі культурная з'ява, гэта яшчэ і тавар, які мае патрэбу "прасоўвання" на перанасычаным рынку. А забяспечыць так званае "прасоўванне" пад сілу толькі моцным вытворцам, якія будуць укладваць грошы і развіваць маркетынг.

А ў Беларусі адбываецца як: кніжка выйшла, нават калі яна сто разоў добрая, усё роўна пра яе могуць і не даведацца.

Сёння ў Беларусі два саюзы пісьменнікаў. Я ніколі не правяраю ў чалавека яго членскі білет. У якім ён там саюзе, якой нацыянальнасці. Мяне цікавіць адно: ці прыстойны гэты чалавек, ці таленавіты ён (хаця, нажаль, прыстойнасць і талент не заўсёды спалучаюцца). Дарэчы, я знаходжуся ў адным саюзе (Саюзе беларускіх пісьменнікаў — аўт), а мой муж (Віктар Шніп — аўт.) у іншым (Саюзе пісьменнікаў Беларусі — аўт). Лічу, што самае галоўнае для пісьменніка — ствараць. Ствараць сумленна, ствараць на тэрыторыі ўнутранай свабоды. І калі гэта ёсць, тады ўжо не да думак пра нейкія там прэміі, пасады альбо саюзы.

Што дае Нобель для беларусаў

Сёння стаўленне да беларускіх пісьменікаў змяняецца.

Пасля прысуджэння Нобелеўскай прэміі Святлане Алексіевіч людзі пачалі цікавіца, што ж гэта такая за з'ява — беларуская літаратура. І цяпер нам, пісьменнікам, трэба годна адрэагаваць на гэтую цікавасць, трэба штосьці вартае прапанаваць чытачу.

Тут, на самай справе, зноўку вельмі не хапае добрай рэкламы. Прычым рэкламы не толькі сучасных аўтараў альбо класікаў, але ж і маладых. Пакуль, па маіх назіраннях, з большага зацікаўленнасць сканчваецца пытаннем: "А што пачытаць?". Каму можна даць Нобелеўскую прэмію з беларусаў яшчэ?

Я вельмі шкадую, што яе не атрымалі ні Рыгор Барадулін, ні Васіль Быкаў, якія таксама былі намінантамі ў свой час. З сучасных, мне падаецца, Алесь Разанаў варты ўзнагароды. Яго паэзія вельмі моцная, больш таго, яна даўно выйшла на сусветны ўзровень.

Напрыканцы

Навучыць пісаць нельга, можна толькі паказаць магчымасці развіцця талента. На маіх вачах не раз адбывалася так, што пісьменнікі, якія фантастычна пачыналі, адразу рабілі добрыя падборкі твораў, выдавалі першыя кнігі, пасля знікалі, сыходзілі з літаратуры. А тыя, хто не так яскрава пачаў, наадварот, настойліва працавалі і на сёння дасягнулі вядомасці.

Галоўнае — гэта не шкадаваць сябе, быць здольным да эксперыментаў, у тым ліку і над сабой.

ТОП 5 "Mast Read" ад Людмілы Рублеўскай

  • Вацлаў Ластоўскі "Лабірынты"
  • Міхась Стральцоў "Смаленне вепрука"
  • Пятро Васючэнка "Жылі-былі паны Кубліцкі ды Заблоцкі"
  • Збор твораў Уладзіміра Караткевіча
  • Рыгор Барадулін "Ксты"
Стужка навiн
0
Спачатку новыяСпачатку старыя
loader
У эфіры
Заголовок открываемого материала
Міжнародны
InternationalEnglishАнглійскіMundoEspañolІспанскі
Еўропа
DeutschlandDeutschНямецкіFranceFrançaisФранцузскіΕλλάδαΕλληνικάГрэчаскіItaliaItalianoІтальянскіČeská republikaČeštinaЧэшскіPolskaPolskiПольскіСрбиjаСрпскиСербскіLatvijaLatviešuЛатышскіLietuvaLietuviųЛітоўскіMoldovaMoldoveneascăМалдаўскіБеларусьБеларускiБеларускі
Закаўказзе
ԱրմենիաՀայերենАрмянскіАҧсныАҧсышәалаАбхазскіХуссар ИрыстонИронауАсецінскіსაქართველოქართულიГрузінскіAzərbaycanАzərbaycancaАзербайджанскі
Бліжні Усход
Sputnik عربيArabicАрабскіTürkiyeTürkçeТурэцкіSputnik ایرانPersianФарсіSputnik افغانستانDariДары
Цэнтральная Азія
ҚазақстанҚазақ тіліКазахскіКыргызстанКыргызчаКіргізскіOʻzbekistonЎзбекчаУзбекскіТоҷикистонТоҷикӣТаджыкскі
Усходняя і Паўднёва-Усходняя Азія
Việt NamTiếng ViệtВ'етнамскі日本日本語Японскі俄罗斯卫星通讯社中文(简体)Кітайскі俄罗斯卫星通讯社中文(繁体)Кітайскі
Паўднёвая Амерыка
BrasilPortuguêsПартугальскі