Затэсцілі “Мову”: у Мінску прайшоў тэст-драйв новай настолкі

Падпісацца
Карэспандэнт Sputnik завітала на тэставанне новай настольнай гульні па вывучэнню беларускай мовы.

МІНСК, 30 ліс — Sputnik. Атрымаўшы сваю долю славы і прызнання пасля рэлізу гульні "Паўстанцы", яе стваральнікі ўзяліся за "Мову". Новая настолка стваралася са звышмэтай: прымусіць грамадскасць не толькі гаварыць па-беларуску, але і гуляць — таксама па-беларуску.

Жадаючыя затэсціць "Мову" сабраліся ў "Арт-сядзібе". Каб пацвердзіць сваё права беларускамоўным звацца, трэба, па плану стваральнікаў гульні, прайсці праз сем узроўняў ведання мовы: ад "натхнёнага" да "выбітнага" мовазнаўцы. "Мова" мае пяць рэжымаў гульні, некаторыя з іх магчыма параўнаць нават з покерам, некаторыя — папросту з "Полем цудаў".

"Калі мы праводзілі заняткі "Мова нанова", праводзілі інтэрактыўныя гульні, у нас нараджалася канцэпцыя гэтай настолкі. Гуляючы ў "Мову", можна пашырыць свой слоўнікавы запас, ды і проста абмеркаваць розныя тэмы за гульнёй", — распавядае адзін са стваральнікаў гульні і адначасова кіраўнік праекта "Мова нанова" Антон Янкоўскі.

Стваральнікі прызнаюць, што ў перакладзе на любую іншую мову свету гульня будзе не цікавая. Яна мае статус "14+", а ў гэтым узросце рэдка калі даводзіцца вучыць родную мову. А вось для беларусаў пагуляць у "Мову" ды пашырыць слоўнікавы запас — справа актуальная.

© Photo : з суполкі гульні "Вконтакте"Настольная гульня "Мова"
Настольная гульня Мова - Sputnik Беларусь
Настольная гульня "Мова"

Пакуль спадар Антон распавядае пра звышмісію настольнай гульні, тыя, хто прыйшоў яе тэставаць, зарабляюць балы за правільныя адказы. У ролі прызавых жэтонаў выступаюць карткі з літаркай "Ў". Тут жа пачынаецца абмеркаванне, дзе ў краіне ёсць адпаведны помнік літары і ці не варта паставіць болей — адным словам, ад пытанняў "хто тут лепшы мовазнаўца" гаворка хутка сыходзіць да праблемаў агульнаграмадскіх.

"Мы спрабуем рабіць унікальныя гульні — калі "Паўстанцаў" шмат хто параўноўваў з "Мафіяй", дык у выпадку з "Мовай" усё іначай — мы ні на каго не арыентаваліся і намагаліся зрабіць уласна беларускую настолку", — тлумачыць стваральнік "Мовы".

Зараз стваральнікі працуюць над тым, каб паспець дарабіць гульню да калядных святаў. Збор грошай на рэліз мовы працягваецца на пляцоўцы "Талака" — кожны можа ахвяраваць суму на нацыянальную настолку. Спадар Антон кажа, што беларусы хоць і не надта актыўна, але ж скідваюцца на "Мову", чым значна дапамагаюць праекту.

Стужка навiн
0