“Гойя… Пікасса… Мясніковіч” – яднанне вакол Іспаніі

© Sputnik / Виктор ТолочкоВыстава "Гойя... Пікасса"
Выстава Гойя... Пікасса - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Нацыянальнаму мастацкаму музею ўдалося зладзіць выставу, якая спадабалася ўсім – “правільным” і “няправільным” дзеячам мастацтва, “вольнаму” і “зняволенаму” тэлебачанню, бамонду, багеме, крытыкам, мастакам і Міхаілу Мясніковічу. Адкрыццю выставы можна было б даць назву адной з гравюр Гойя – “І я гэта бачыў”.

Алена Васільева, Sputnik

У імкненні дакрануцца да сусветнага мастацтва, на адкрыццё выставы "Гойя… Пікасса" сабралася самая неверагодная кампанія знатакоў іспанскай гравюры — ад мастакоў і галерыстаў да паслоў і прадстаўнікоў дзяржапарату. У сваіх самых лепшых уборах, максімальна пазбаўленых стразаў ды бляску, мінчукі збіраліся на сустрэчу з іспанскім мастацтвам, а сустракалі на ўваходзе дырэктара музея Уладзіміра Пракапцова.

Прысутныя крыху недаверліва паглядалі то адзін на аднога, то на Пікасса. Пасля доўгай гісторыі ўласна беларускага падзелу мастацтва на "правільнае" і "няправільнае", сустрэцца перад гравюрамі, якія лічаць правільнымі на ўсіх дзяржаўных і недзяржаўных узроўнях, было дзіўна і неяк нават няёмка

"Ой, а я пераблытала, думала, гэта ўжо іспанская выстава, а гэта нашы!" — радавалася адна з журналістак, заблукаўшы ў беларускіх залях музея.

© Sputnik / Виктор ТолочкоМихаил Мясникович
Михаил Мясникович - Sputnik Беларусь
Михаил Мясникович

Раптам зарыпелі колы мнагавектарнай палітыкі Беларусі, вектар пачаў гучна адхіляцца ўлева — слова ўзяў былы міністр культуры і дзеючы амбасадар Францыі Павел Латушка.

"За перыяд сучаснай гісторыі адносінаў Беларусі і Іспаніі гэта самы буйны праект. Але калі мы паглядзім у гісторыю, дык успомнім, што Беларусь і Іспанія мелі адну мяжу — Рэч Паспалітая і ВКЛ сумесна ўладарылі на востраве Тога, які межаваў з каралеўствам Іспанія. Зараз мы далёкія па адлегласці краіны, але і дагэтуль блізкія ў адным — мы еўрапейцы", — заявіл Латушка, і прысутныя накіраваліся ў залю з гравюрамі, каб пасля такой аб'явы сваёй еўрапейскасці далучыцца да Еўропы яшчэ і праз мастацтва.

Экскурсавод распавядала пра гісторыі стварэння гравюраў, з іншага боку да іх нікіроўваўся Міхаіл Мясніковіч, у суседняй залі разлівалі шампанскае — і наведвальнікі выставы разгубіліся, даводзілася выбіраць паміж параўнальна прыцягальнымі экспанатамі. Але большасць усё ж абралі Гойя і Пікасса. Уражаныя масштабам падзеі, мінчукі нават селфі з гравюрамі рабілі меней, чем звычайна і, відавочна, меней, чым хацелася — увесь селфі-запал, здаецца, быў аддадзены "Жывым палотнам" Ван Гога.

© Sputnik / Виктор ТолочкоВыстава "Гойя... Пікасса"
Выстава Гойя... Пікасса - Sputnik Беларусь
Выстава "Гойя... Пікасса"

"Віна! Віна нясіце Міхалу Уладзіміравічу!" — панікавалі арганізатары, калі Мясніковіч, атрымаўшы пажаданую долю асалоды ад мастацтва, накіроўваўся да выхаду. Старшыня Савета Рэспублікі ад дароў музею ветліва адмовіўся і, у суправаджэнні калегаў, пакінуў выставу.

"Ну ўсё, усіх сёння пабачыла!" — уздыхалу ў кутку адна з прыхільнікаў не тое іспанцаў, не тое Мясніковіча і Латушка.

© Sputnik / Виктор ТолочкоПавел Латушка і Міхаіл Мясніковіч
Павел Латушка і Міхаіл Мясніковіч - Sputnik Беларусь
Павел Латушка і Міхаіл Мясніковіч

Пакуль адны праціскваліся да Пікаса, іншыя вялі традыцыяныя свецкія размовы — "Бачыў вас на тэлебачанні!" — "Ну так, запрашаюць…" — "А базавая ўсё расце, пэўна, за камуналку хутка паўзаробку аддам" — "А вы дзе на Новы год?"

Не здолеўшы ў першыя хвіліны прабіцца да Пікасса, карэспандэнт Sputnik прабілася да Рыгора Сітніцы, беларускага мастака, старшыні Беларускага саюза мастакоў. Сітніца выставай быў задаволены, публіка — таксама: пасля скандальнага "амаль несапраўднага Шагала", power-point прэзентацыі Ван-Гога, беларусам, нарэшце, паказалі высокае мастацтва.

© Sputnik / Виктор ТолочкоНа адкрыцці выставы "Гойя... Пікасса"
На адкрыцці выставы Гойя... Пікасса - Sputnik Беларусь
На адкрыцці выставы "Гойя... Пікасса"

"Тут прадстаўлены арыгінальныя творы Гойя і Пікасса — гэта значыць, мы ідзем туды, адкуль нас хацелі выпхнуць, то бок, у еўрапейскую супольнасць. Мы еўрапейская нацыя, мы мала яшчэ сябе цэнім, але мы надта адпаведныя гэтай выставе, толькі не ўсведамляем гэтага, нам не хапае толькі добрага менеджмента, каб усім аб'явіць, што мы — еўрапейцы", — распавёў карэспандэнту Sputnik старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца.

Спадар Сітніца кажа, што такія выставы — гэта наш шлях "дадому, у Еўропу", на шляху "дадому" ён раіць зазірнуць у суседнюю залю музея — паглядзець на партрэты Радзівілаў.

© Sputnik / Виктор ТолочкоАдкрыццё выставы "Гойя... Пікасса"
Адкрыццё выставы Гойя... Пікасса - Sputnik Беларусь
Адкрыццё выставы "Гойя... Пікасса"

"Трэба навучыцца адчуваць сябе не проста еўрапейцам, а шляхетным еўрапейцам. Паглядзіце на радзівілаўскія партрэты — той самы "Залаты век", калі ніхто не сумняваўся, ці еўрапейцы мы, гэта потым нас загналі ва неўласцівую супольнасць, а дагэтуль ніхто не сумняваўся, дзе нашыя карані", — кажа Сітніца і накіроўваецца да гравюраў.

Некалькі шляхетнага выгляду паненак у баку абмяркоўваюць, што "сагналі! Я бачыла на пінжаках значкі БРСМ — дакладна, сагналі! Самі б не пайшлі!" Людзі са значкамі ўсім сваім выглядам паказваюць, што да іспанцаў прыйшлі добраахвотна, яны ж замежнікі, да таго ж — памерлыя, чаго іх баяцца, тое не жывая небяспечная Алексіевіч.

Большасць жа, атрымаўшы ўжо асалоду ад мастацтва, накіроўваецца да шампанскага, каб з бакалам і пад белымі калонамі мастацкага музея адчуць сябе папраўдзе шляхетнай еўрапейскай багемай.

Стужка навiн
0