Dzieciuki: галоўная рэвалюцыя адбудзецца ў галавах

© Sputnik / Юлія ХвошчВыступленне гродзенскага гурта Dzieciuki
Выступленне гродзенскага гурта Dzieciuki - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Пра запіс новага альбому "Рэха", творчы працэс у калектыве і ідэялогію Sputnik паразмаўляў з удзельнікамі калектыву – Аляксандрам Дзянісавым і Паўлам Трубліным.

Юлія Хвошч, Sputnik.

Гродненскі гурт Dzieciuki з'явіўся не так даўно, але хуткімі тэмпамі набірае папулярнасць сярод моладзі. Стаўленне да гурта ў беларускай грамадскасці не адназначнае — іх лічаць рэвалюцыянерамі, адносять да радыкальных музыкаў, але гэта не зусім так. Мэта гурта зараз — нагадаць беларусам пра іх гісторыю і прымусіць думаць.

Адкуль прыйшлі Dzieciuki

Днём заснавання гурта лічыцца 10 красавіка 2012 года. Што дакладна тады адбылося, ужо ніхто не памятае, але паводле слоў удзельнікаў гурта, менавіта тады калектыў пачаў рэпетаваць пастаянна.

"Гурт пачыналі Паша, я і Дзяніс Жыгавец, які піша большасць тэкстаў для нас. Мы не адразу ведалі, з кім мы будзем лабаць і што і як будзе. Проста было трое чалавек, нейкі шкілет, які потым абрастаў "мясам", "скурай", астатнімі рэчамі", — распавядае вакаліст калектыву Алесь Дзянісаў.

Гісторыя назвы нарадзілася сама сабой, і вельмі гарманічна ўпісалася ў ідэйны кантэкст калектыву. Гэта адбылося яшчэ ў той час, калі ў гурта не было ні матэрыялу, ні пэўнага складу, яны толькі сабраліся і пачалі рэпетаваць. Першай песняй, якую зрабіў калектыў, стала "Мужыцкая праўда" пра Кастуся Каліноўскага, у тэкстах Каліноўскага ёсць зварот да дзецюкоў — паўстанцаў 1863-64 гг.

© Sputnik / Юлія Хвошч"Наш Грунвальд-2015"
Наш Грунвальд-2015 - Sputnik Беларусь
"Наш Грунвальд-2015"

"Мы палічылі: добра, давайце пакуль такую працоўную назву возьмем "Дзецюкі", можа потым нешта зменіцца, але яна неяк так прычапілася і назва засталася", — распавядае Павел Трублін.

"Калі ў "Мужыцкай праўдзе" Каліноўскі пісаў, то ён звяртаўся да "дзецюкоў", аналагаў гэтаму слову ў расійскай мове, наколькі я ведаю, няма. Гэта старабеларускае слова, якое не ўжываецца зараз. Гэта штосьці кшталту "пацаны", "хлопцы". Дакладнага перакладу няма", — дадае Дзянісаў.

Аднак музыкі адзначаюць, што "пацаны" гэта ўжо нейкі трансфарміраваны сучаснасцю сэнс, бо першапачаткова "дзецюкамі" лічыліся тыя людзі, якія могуць і жадаюць нешта рабіць, і гэта не абавязкова маладыя нейкія людзі, гэта маглі быць і сталыя. То бок людзі, якія хацелі нейкіх змен, пайшлі за Каліноўскім, а ўжо потым на вёсках так сталі звяртацца проста да моладзі, маладых хлопцаў, і тут "дзецюкі" ўжо выступаюць у сэнсе"пацаны", "маладыя людзі".

Аднародная творчасць вялікай колькасці людзей

Музыкі адзначаюць, што ў калектыве склаліся сямейныя адносіны, шчырыя і празрыстыя — яны адразу кажуць усё адзін аднаму ў твар і ніколі не шэпчуцца за спінамі. У "дзецюкоў" пануе поўная адказнасць і поўная даверанасць адзін да аднаго.

"Я, напрыклад, у гэтым сэнсе кансерватар. Я — за сямейныя традыцыі. Ну вось такія адносіны, менавіта сямейнага тыпу, яны важны, у некаторым сэнсе гэта, канешне, раслабляе, але і дае магчымасць мець з гэтага таму што мы можам адзін аднаму шмат чаго сказаць, усё кажацца ў твар, усё робіцца зараз, тут", — адзначае Дзянісаў.

Удзельнікі калектыву кажуць, што ўжо даўно вывучылі плюсы і мінусы кожнага, часцяком сцябуцца трошкі адзін з аднаго. Па словах музыкаў, сямейныя, добразычлівыя, адносіны таксама добра сказваюцца і на творчасці.

"Таму, што мы так адчуваем адзін аднаго. Я граў да "дзецюкоў" таксама, як і іншыя хлопцы ў розных гуртах і вось акурат тут я адчуваю тое, што мы пачынаем нешта рабіць, і ў нас усё атрымліваецца…", — кажа Трублін.

"Магчыма гэта будзе гучна сказана, але "Дзецюкі" — гэта аднародная нейкая творчасць. Таму што ўдзел у нашым гурце прымаюць шмат людзей і мы адкрыты для нейкіх прапаноў, для супрацы".

Музыкі адзначаюць, што, канешне, ёсць пэўныя размежаванні ў тым хто і чым займаецца, але з большага, уся музыка, уся праца ў гурце робіцца разам.

© Sputnik / Юлія Хвошч"Наш Грунвальд-2015"
Наш Грунвальд-2015 - Sputnik Беларусь
"Наш Грунвальд-2015"

"Калі хтосьці "рыбу" ці нейкі такі шкілет песні прыносіць на рэпетыцыю — вось такая музыка, вось там тэксты і ўжо хлопцы пачынаюць там — ага, давайце вось тут гітару. Гэта агульная творчасць", — распавядаюць музыкі.

Хлопцы прызнаюцца, што ў іх няма музычнай адукацыі, акрамя Міколы (акардыяніста), гралі ў падвалах  і ўсе вучыліся на хаце, таму і прызвычаліся рабіць творчасць калектыўна.

"Для мяне было адкрыццё, калі я пачуў, што ў некаторых гуртах адзін чалавек робіць усю музыку для ўсяго гурта…"

Музыкі кажуць, што абмежаванняў па колькасці ўдзельнікаў у гурце няма, то бок дакладны склад не вызначаны, ёсць пэўны "касцяк", але да творчасці заўжды далучаюцца іншыя, неабыякавыя людзі.

"Нашыя сябры, знаемыя кліпы рабілі, гэта ж не тое, што мы там камусьці грошы плацілі, гэта ўсё на такіх, добраахвотных пачатках: давайце я вам зраблю кліп! Ну, давай! Калі ў чалавека ёсць цікавасць і нам падабаецца яго ідэя, яго напрамак думак, то чаму нам не падтрымаць? Тым больш, што мы ў аднім катле варымся", — распаваядаюць музыкі.

Новы альбом — гістарычная тэматыка

Музыкі адзначаюць, што да свайго другога альбому "Рэха" падчас запісу ставіліся больш сур'ёзна, чым да першай плыткі, і не спяшаліся так пісаць, як першы. Па тэматыцы альбом таксама будзе адрознівацца.

"Для мяне важна, што гэта будзе фактычна палова песень, тэксты да якіх мы з Дзёней рабілі разам. Гэта будзе адрозненне, таму што ў першым альбоме ў асноўным Дзяніса тэксты былі, а тут мы разам працавалі. З'явіцца банджа ў музычнай палітры гурта. І гэта будзе толькі толькі гістарычная тэматыка — гэта самае важнае", — распавядае Дзянісаў.

© Sputnik / Юлія ХвошчГурт Dzieciuki
Гурт Dzieciuki - Sputnik Беларусь
Гурт Dzieciuki

Дарэчы, першы альбом гурта называўся "Гарадзенскі гармідар" ("Ералаш" — Sputnik) і ён цалкам адпавядаў сваёй назве: "Там быў бардак, там была і гістарычная тэматыка, і сучасная, і п'янтосныя песні, і сур'ёзныя песні". Галоўнае ж адрозненне новага альбому ў тым, што музычныя настроі ў альбоме будуць розныя (ад кантры да панку), але спалучаць іх будзе адна тэматыка — гістарычная. Акрамя двух бонус-трэкаў, якія не ўваходзяць у гістарычную тэматыку.

Прэзентацыя альбому запланавана на канец лютага ў Вільні.

Ёсць народ, ёсць беларусы…

Ідэйны складнік у творчасці калектыву займае, бадай, першае месца. "Дзецюкі" не з тых музыкаў, хто разглядае музыку як хобі. У гурта ёсць пэўныя ідэі, якія яны імкнуцца данесці слухачам. Так атрымалася, што ў "Дзецюкоў" нарадзілася спачатку ідэя, а потым гурт, і менавіта можа толькі дзякуючы гэтай ідэі гурт існуе.

"Сэнс у тым, што Беларусь на сённяшні дзень, як нас малююць у СМІ (дзяржаўныя і суседнія) — гэта такі народ, які трывае ўсё, што яму ні зробяць, ён маўчыць, нават анекдоты з'яўляюцца пра беларуса — чалавек, які вытрывае ўсё і нічога не скажа. У некаторым сэнсе гэта можа і добра, але цалкам для народа гэта не нармальна", — распавядаюць музыкі.

Dzieciuki сваёй творчасцю, асабліва гэта датычыцца другога альбома, распавядаюць пра тое, што беларусы не заўсёды былі празмерна памяркоўнымі. Яны маглі адстойваць сваё права, яны маглі змагацца, калі ім нешта не падабалася, яны маглі аб гэтым казаць.

Пра "Дзецюкоў" ужо склаўся стэрыятып як пра гурт радыкальнага кірунку, але гэта не зусім так. У гурта шмат нядобразычліўцаў, але гэта толькі таму, што ідэялогія гурта разглядаецца павярхоўна.

© Sputnik / Юлія Хвошч"Наш Грунвальд-2015"
Наш Грунвальд-2015 - Sputnik Беларусь
"Наш Грунвальд-2015"

"Напрыклад, праварадыкальныя беларускія нацыяналісты, ненавідзяць нас таму што яны лічаць нас левакамі, таму што мы падтрымліваем нейкія агульначалавечыя каштоўнасці. За тое, што для нас важнее чалавечае жыццё і гэта будзе важней, чым гонар нацыі ці там патрыятызм, там, я ўсіх парву, усіх парэжу за сваю радзіму. Ні фіга. Мы лічым, што на першым месцы ўсё ж такі чалавечае жыццё, гуманістычныя каштоўнасці", — распавядае Дзянісаў.

"Ведаеце, у іх такая пазіцыя, што Беларусь вышэй за ўсіх. То бок Беларусь — гэта галоўнае, а іншыя краіны і іншыя народы ніжэй за нас. Трэба разумець, што нельга так разважаць. Так,мы маем сваё, але мы павінны шанаваць і суседзяў, у іх ёсць свая краіна.У нас свая мова, свая культура, свая гісторыя", — дадае Трублін.

Гурт ненавідзяць і "левакі". Пэўная частка радыкалаў-фанатыкаў анархічнага руху, і толькі таму, што ўдзельнікі калектыву пайшлі супраць іх сістэмы. "Тое што мы падымаем праблемы беларускай мовы, культуры, гісторыі, — вось гэтае іх бянтэжыць і хвалюе. Хаця я сам выйшаў з гэтых колаў і ніхто ніколі мяне не абвінаваціць у нейкім амаль што прафашызме, як некаторыя антыфа-фюрэры спрабуюць нам прыпісаць" — кажа Дзянісаў.

© Sputnik / Юлія ХвошчБеларускі гурт Dzieciuki
Беларускі гурт Dzieciuki - Sputnik Беларусь
Беларускі гурт Dzieciuki

"Мы не хацім падняць нейкую рэвалюцыю ці каб людзі ўскочылі, узялі вілы ці аўтаматы і пайшлі змагацца, не не ў якім выпадку. Але галоўная рэвалюцыя будзе ў людзей, калі яна адбудзецца ў галавах.Гэта самае галоўнае".

Музыкі ўпэўнены, што можна змяніць 25 кіраўнікоў краіны, але нічога не атрымаецца, пакуль людзі не зменяцца самі. Пытанне ў тым, што калі чалавек будзе адчуваць нейкую моц у сабе, то гэта будзе бачна звонку.

"Ёсць народ, ёсць беларусы, якія не з'яўляюцца нейкімі недапалякамі, недарускімі, а ёсць беларускі народ. Для мяне вельмі важна сказаць усяму свету, нагадаць беларусам, пра тое, што доўгія гады, і ў часы РП, і часы РІ, СССР, над народам рабілі нейкія эксперыменты. Каб яны забылі пра тое, хто яны, што яны і гэтак далей", — адзначае Дзянісаў, дарэчы, гісторык па адукацыі.

Сваёй творчасцю музыкі мусяць данесці грамадскасці, што справа не ў нацыянальнасці ці колеры скуры ці ў разрэзе вачэй, а ў тым, што ў цябе ў сэрцы ці ў галаве.

Чаму людзі персталі думаць

"Дзецюкі" не могуць сабе ўявіць, як бы яны жылі без музыкі… Канешне, яны, як і ўсе, вельмі хацелі б зарабляць грошы з музыкі на свае жыццё, але пакуль не ведаюць, што для гэтага трэба зрабіць. Ды і не вельмі іх гэта цікавіць. "Гэта мабыць карпаратывах нейкіх трэба граць, кавер-бэндам станавіцца. Я бы так не змог", — прызнаецца Трублін.

© Sputnik / Юлія ХвошчDzieciuki на фестывалі "Наш Грунвальд-2015"
Dzieciuki на фестывалі Наш Грунвальд-2015 - Sputnik Беларусь
Dzieciuki на фестывалі "Наш Грунвальд-2015"

"Калі кажаш шоў-бізнэс, адразу ўяўляюць Алеграву ці Пугачову. Гэта ўжо праблема культуры, якую нам насаджаюць".

На думку музыкаў, людзі лёгка спажываюць прадукты, насажданыя тэлебачаннем таму што большасць людзей не хоча думаць. І з часам застаецца ўсё менш людзей, якія ўмеюць мысліць крытычна. Нажаль, але гэта праўда.

"І нікуды ад гэтага не дзенешся. Так ёсць і ў Швецыі, так ёсць у Беларусі, так ёсць у Польшчы, паўсюль. Большасць людзей не хоча думаць. Гегель калісьці сказаў (прынцып гістарызму) — на кожную з'яву, на кожную постаць ёсць некалькі поглядаў. Ёсць палітык — і на яго ёсць некалькі поглядаў. Ёсць нейкая падзея ў гісторыі — на яе ёсць некалькі поглядаў. А большасці людзей патрэбны адзін погляд. Ім так утульна жыць", — распавядае Дзянісаў.

"У такіх умовах як мага больш трэба даваць людзям нейкую кашу на нейкім першакласным узроўні, маўляў, а паспрабуйце падумаць. Укідываць культурніцкія нейкія праграмы. Нейкую музыку, кніжкі: "Падумайце, падумайце. Трошачкі хоць. Паспрабуйце". А калі табе ўвесь час па БТ рубяць тупую папсу — а там чарка-шкварка, — то думаць не трэба", — адзначаюць музыкі.

Стужка навiн
0