Гісторыя інжынера, які раней мітынгаваў, а цяпер агучвае фільмы на мове

© Sputnik / Алеся ШаршнёваАдам Трыпутнік
Адам Трыпутнік - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Пра моўныя трэнды і манетызацыю карэспандэнт Sputnik Алеся Шаршнёва пагутарыла з аўтарам праекта па агучцы сусветнага кіно Адамам Трыпутнікам.

Інжынер і рэжысёр — муж і жонка Адам Трыпутнік і Таша Мурзэнштольц — вырашылі агучваць сусветна вядомыя фільмы на мове прыкладна паўтары гады таму. Старэнькі ноўтбук, мікрафон і пакой у звычайнай кватэры замяняюць студыю з сучасным абсталяваннем. Аматары роднай мовы  не плануюць адказвацца ад свайго хобі і спрабуюць разабрацца: куда падзелася кіно на беларускай?

© Photo : з асабістага архіву Адама ТрыпутнікаАдам Трыпутнік і Таша Мурзэнштольц
Адам Трыпутнік і Таша Мурзэнштольц - Sputnik Беларусь
Адам Трыпутнік і Таша Мурзэнштольц

"Працуем як калегі з LostFilm"

Сёння праект "Gavarun_by" — гэта 15 паўнаметражных фільмаў, адзін міні-серыял і нават адна навукова-папулярная перадача для BBC.

"Заўсёды хацелася, каб можна было проста пстрыкнуць пультам у тэлік і паглядзець стары добры баявік са Шварцам ці паслухаць "як скасіць бабла бяз меры — праз Азіна-тры сякеры" і ўбачыць новую серыю любімага серыяла.  Акрамя таго, я літаральна заставіў сябе пачаць размаўляць па-беларуску. Гэта значна больш, чым візуальная атрыбутыка", — распавядае Адам.

Мэрылін Манро, архіўнае фота 1951 года - Sputnik Беларусь
"Хачу быць каханаю": Мэрылін Манро загучала на беларускай мове

Ён успамінае, што за паўтары гады існавання ім прыйшлося прайсці цікавы шлях. Спачатку выбіралі фільмы на свой густ, потым — калі ў камандзе з'явіліся перакладчыкі і рэдактар — сталі абмяркоўваць варыянты з імі. Галоўная ідэя — зацікавіць публіку, таму шукалі, "што можа стрэліць".

На агучку аднаго фільма неабходна паўтара-два тыдні. Сярод знакавых прац — "Фантастычныя істоты і дзе іх адшукаць", "Апошні самурай ", "Інтэрстэлар", "Калядная гісторыя", "Хтосьці любіць гарачае" і многія іншыя.

"Калі пачынаў, увогуле нічога не ведаў, нават як разабраць фільм на гукавую дарожку і відэашэраг. Чытаў артыкулы, кніжкі і спасцігаў усё паступова. Зараз мы вырашылі спыніцца на якасным закадры — фразы па працягласці супадаюць з арыгіналам адзін у адзін, прыглушаецца арыгінальны гук, але не поўнасцю. Класна, калі ўсё ж такі можна пачуць сапраўдныя галасы акцёраў", — тлумачыць Адам.

Зараз так робяць многія, у тым ліку LostFilm і "Кубик в кубе".

"З манетызацыяй не ўсё так проста"

Грошай праект пакуль што не прыносіць. Усе паказы, якія праходзяць у Мінску ці іншых гарадах, — басплатныя, уваход вольны. Паглядзець фільмы ў сеціве таксама можна свабодна.

Хацелася б выйсці на самаакупляльнасць,  але з манетызацыяй такой справы ў Беларусі не вельмі проста.

"Зараз у трэндзе поп-праекты — зрабіць магніцік ці сувенірчык, прымацаваць стужачку з арнаментам да заплечніка ці паставіць аватарку УКантакце. Гэта вельмі проста, але не дапаможа, каб людзі пачалі размаўляць на мове хаця б перыядычна", — разважае Адам.

Ён успамінае, як "напачатку 2000-х хадзіў на мітынгі, уцякаў ад міліцыі і ўвогуле рабіў нейкія вар'яцкія рэчы", але на мове не размаўляў. З гэтым праектам усё змянілася.

Не так даўно Адам Трыпутнік і Таша запусцілі краудфандынгавую кампанію на Талацэ. Каманда паспяхова сабрала грошы на агучванне па-беларуску класічнага мультсерыяла пра Мікі Мауса.

Такім чынам, муж і жонка робяць свой унёсак у змену беларускамоўнага асяроддзя. І спадзяюцца на поспех.

"Сённяшняя сітуацыя — элітарнае гета для мовы"

Хто павінен падтрымліваць праекты па агучванні сусветна вядомых фільмаў і мультфільмаў па-беларуску — добраахвотнікі, мецэнаты ці дзяржава? Трыпутнік упэўнены, што у гэтай справе дапаможа толькі кааліцыя. Інакш атрымліваецца замкнёны круг.

"У нас было шмат цікавых праектаў на мове, але пра іх ведаюць толькі апантаныя знаўцы. Сённяшняя сітуацыя больш нагадвае элітарнае малавядомае гета для беларускай мовы", — упэўнены Трыпутнік.

Ён падлічыў, што за ўвесь час па-беларуску агучана каля 300 поўнаметражных фільмаў і мультфільмаў. У параўнанні з тым, што ў ЗША штогод выходзіць каля 700 паўнаметражных стужак, гэта кропля ў моры.

У гэтай справе разлічваць на адну з плыняў нельга. Па-першае, беларускамоўная аўдыторыя, якая гатовая глядзець фільмы па-беларуску, вельмі маленькая.  З-за гэтага працэс вельмі складана манетызаваць.

"Самае распаўсюджанае — гэта выкласці нумары электронных гаманцоў з прыпіскай кшталту "Калі вам спадабалася і жадаеце пабачыць яшчэ, ахвяруйце на развіццё праекта". Як паказвае практычны досвед, ахвяруюць ад 3 да 5 адсоткаў удзельнікаў суполкі праекта ў сацсетках. Разава. І агульная сума будзе даволі сціплай", — распавядае Трыпутнік.

Ахвяраванні ад юрыдычных асобаў і наўпроставае спонсарства — таксама недасягальныя напрамкі.

"Яшчэ адзін від манетызацыі — раскрутка ўласнага брэнда і заробак войсінгам у рознапланавых рэкламных аўдыёпраектах — таксама непрацаздольны з-за невялікай колькасці беларускамоўнага аўдыёкантэнту, высокай канкурэнцыі з прафстудыямі і патрэбы ў фінансавых сродках на раскрутку, недасяжных для большасці праектаў", — дадае інжынер.

Вынік адзіны: адсутнасць фінансавання пры вялікіх часовых і маральных затратах паступова зніжае матывацыю каманды праекта. Менавіта таму ў Беларусі такая колькасць праектаў, якія "разваліліся".

Такім чынам, у энтузіястаў пакуль што выйсце адно —  выкарыстоўваць перадавыя магчымасці кшталту краўдфандынгавых кампаній і відэакантэнта "Free".

"Відавочна, што ў аўдыторыі не хапае даверу да рэдкіх дзеючых праектаў, а ў праектаў не хапае падтрымкі ад аўдыторыі. Пара зразумець, што дабінг падпарадкоўваецца звычайным рынкавым законам і альтруістычныя намаганні некалькіх праектаў не змогуць змяніць становішча ", — заключае Трыпутнік.

Стужка навiн
0