Ганна Жданава: беларускія падлеткі пішуць музыку на ўзроўні Элджэя і Feduka

© Photo : Личный архив Ани ЖдановойБеларуская музыка і прадзюсар Ганна Жданава
Беларуская музыка і прадзюсар Ганна Жданава - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Беларуская музыка і прадзюсар распавяла карэспандэнту Sputnik Алесі Шаршнёвай пра лёгкія грошы, апатыю да сучаснай беларускай музыкі і працу настаўнікам.

Ганна Жданава за няпоўныя дзесяць творчых гадоў паспела пахуліганіць у праектах Ландыш$Сахара, паўдзельнічаць у працы гуртоў Lilac, Bonehider і атрымаць званне аўтара лепшага электроннага альбома Беларусі ў 2017 годзе. Яна называе сябе снобам і шчыра кажа, што апатычна ставіцца да сучаснай беларускай музыкі.   

"Бывалі выпадкі, калі прасілі граць "Мурку"

Зараз Ганна прадзюсіруе сябе самастойна і называе гэта "прадакшн на каленцы". Дзяўчына ўпэўнена: для таго каб праект стаў больш камерцыйным, усю руціну лепей было б аддаць пабочнай асобе. Сама ж ужо даўно вызначылася, што асабістая творчая рэалізацыя залежыць ад таго, наколькі яна кантралюе працэс і атрымлівае ад гэтага асалоду.

"Чым менш людзей уцягнута ў стварэнне пэўнага творчага прадукта, тым большая верагоднасць таго, што ідэя з тваёй галавы рэалізуецца так, як хочацца менавіта табе. Для мяне гэта вельмі важна", — падкрэслівае музыка, але не ўтойвае, што пры наяўнасці неабходных грошай некаторую надакучлівую працу з лёгкасцю аддала б каму-небудзь іншаму.

Што тычыцца канкрэтнага заробку, тут таксама вялікую ролю мае менавіта магчымасць рабіць тое, што падабаецца. Але Ганна не хавае — калі-нікалі прылятаюць камерцыйныя заказы, часцей просяць напісаць тэкст, чым музыку.

"Кошт залежыць ад складанасці задачы і эмацыйнай аддачы. Я не Канстанцін Меладзэ і пра заробкі ў некалькі тысяч долараў казаць не магу. Звычайна калі нешта прылятае, проста пагаджаюся, гэта такі чэлендж і прыемныя грошы", — разважае дзяўчына.

Калі-нікалі дзяўчыну завуць выступаць на святы ў рэстараны ці кафэ. Аднойчы у "пафасным мінскім рэстаране багаты пузан" прасіў выканаць трэк Depeche Mode і  прапанаваў за гэта 50 долараў, але безвынікова. Бывалі выпадкі, калі слухачы пад градусам прасілі граць "Мурку".

Здараецца, што бывае цікавая "заказуха". Не так даўно Ганна Жданава напісала музыку для дакументальнага фільма "Стрыптыз і вайна" беларускага рэжысёра Андрэя Куцілы.

Што значыць "выйсці аголенай на вуліцу"?

Зараз музыка ўсё менш выступае на невялікіх пляцоўках "з камернай атмасферай". Аксустычныя выступы — гэта другі фармат. Раней Ганна займалася толькі імі, але кажа, што гэта "вельмі непрадказальная рэч". Тым больш, заўсёды хочацца, каб выступ быў не проста фонавай музыкай на гітарцы, а магічным энергетычным абменам.

Раней Ганна займалася толькі акустычнымі выступамі
Музыкант и продюссер Аня Жданова - Sputnik Беларусь
Раней Ганна займалася толькі акустычнымі выступамі

"Гэта вельмі тонка. Са слухачом павінен усталявацца вельмі інтымны кантакт. Для мяне гэта падобна да таго, як выйсці на вуліцу голай", — тлумачыць Ганна.

Музыка ўпэўненая: у шоу-бізнесе ёсць "ямка лёгкіх грошай". Трапіць у яе вельмі лёгка, а выбрацца складаней.

"Здараюцца моманты, калі ў цябе проста адбываецца выбух у галаве — спрабуеш знайсці працу ў офісе, працуеш тыднямі і атрымліваеш за камерцыйную песню столькі, колькі за месяц на звычайнай працы", — смяецца яна.

"Сучасная руская музыка — часта поўная бязглуздзіца"

Пытанні пра трэкі на мове — самыя папулярныя. Музыка кажа, што хутка можа з'явіцца штосьці такое. Гэта будзе першая спроба, таму казаць пра паспяховасць і далейшае беларускамоўнае гучанне пакуль рана.

Гурт Intelligency - Sputnik Беларусь
Гурт Intelligency: апошнія аўтарытэты індустрыі - Мулявін і Ціхановіч

"Для мяне мова — гэта пластычны інструмент стварэння музыкі, таму да тэкстаў на рускай і беларускай мове стаўлюся вельмі акуратна", — падкрэслівае Ганна.

 "Калі мімаходам прайсціся па рускамоўнай музыцы, то можна назваць дзве крайнасці — рускі рок і поўная бязглуздзіца.  Наконт беларускай мовы ў мяне такое ж адчуванне — прадукт на мове ці вельмі фолкавы, ці падаецца недастаткова прыгожа і меладычна", — дадае яна.

Галоўнае жаданне — зрабіць у выніку такі прадукт, які зможа ўсхваляваць і зачараваць чалавека, што ніколі не чуў мовы. Не многім беларускім артыстам даводзіцца дасягнуць гэтага.

Увогуле Ганна шчыра кажа, што ёй з большасці не падабаецца сучасная беларуская музыка. Яна не лічыць сябе "чалавекам з тусоўкі" і падкрэслівае, што не хацела б вымаўляць гнеўныя тырады ў чыйсьці бок.

"Я прыцягваю псіхаў"

Дзіўна, але Ганна "за" поп-музыку і яе цікавыя формы, бо вельмі часта андэграунд бывае няякасным. Музыка лічыць, што гэта самы цікавы жанр для эксперыментаў, і аддзяляе музыку папулярную ад звычайнай "папсы".

© Photo : Личный архив Ани ЖдановойПра творчыя планы дзяўчына разважае вельмі няпэўна
Музыкант и продюссер Аня Жданова - Sputnik Беларусь
Пра творчыя планы дзяўчына разважае вельмі няпэўна

"Калі ты пішаш поп-тэксты, то амаль пастаянна выкарыстоўваешь клішэ. Поп — гэта пра вецер у валасах, летнюю ноч і ружовае віно. Чалавек не здольны у рытме 120 удараў у хвіліну слухаць глубокія філасофскія думкі", — упэўненая яна.

Пра творчыя планы дзяўчына разважае вельмі няпэўна. Кажа, што пасля з'яўлення першага альбома ("Appetiizer" — Sputnik) хочацца проста працаваць і "не апраўдвацца за сваё існаванне".

"Калі адчула, што магу рабіць усё самастойна — сядзець каля ложку, спяваць у мікрафон і ні ад каго не залежаць — зразумела, што гэта не мае кошту", — дзеліцца Ганна.

Кажа, што магла напісаць альбом яшчэ ў 19 гадоў, але ў сваёй працы пастаянна сутыкалася з людзьмі, якія працаваць не хацелі.

З'язджаць з Беларусі і спрабаваць рэалізавацца на іншым рынку Ганна зараз не плануе.

"Ведаю, што калі кудысці паеду, усё прыдзецца пачынаць з нуля. Я не Крысціна Агілера і мяне нідзе не чакаюць, таму прыйдзецца дагаждаць іншаму культурнаму асяродку, а гэтага не хочацца, як і быць супер-зоркай, твар якой вісіць на кожным слупе", — падкрэслівае музыка.

Тым больш, што некалькі разоў былі сітуацыі, калі на паштовую скрыньку прыходзілі лісты ад паклоннікаў. Спачатку спрабавала адказваць, а потым разумела, што дарослыя мужчыны апісваюць нейкія фантастычныя сюжэты, і зараз не звяртае ўвагі.

"Я прыцягваю псіхаў", — усміхаецца яна.

"Хачу быць для вучняў "корешем"

Не так даўно Ганна пачала выкладаць музыку беларускім падлеткам. Сама здзівілася, але новая справа падабаецца. Працуе з малышамі і падлеткамі. Некаторыя ўжо зараз пішуць біты на ўзроўні Feduka ці Элджэя.

"Я не хачу быць настаўнікам. Хачу быць "корешем", з якім яны на адной хвалі і які адначасова можа штосьці падказаць ці патлумачыць. Думаю, што гэта пакаленне будзе круцейшым за нас з-за хуткасці ўспрыняцца інфармацыі", — расказвае Ганна. Яна ўпэўненая, што ў кожнага чалавека ёсць нейкая крэатыўная жылка, якой трэба проста дапамагчы раскрыцца.

Жданава лічыць, што падлеткі і школьнікі — гэта асноўныя спажыўцы музычнага прадукту. Для іх гэта своеасаблівая форма сацыялізацыі. Для сучаснай моладзі такую функцыю адыгрывае рускі рэп.

"Рэп — гэта самы хуткі жанр для самавыяўлення, ён адпавядае павевам часу. Але ён не патрабуе аніякіх талентаў, акрамя літаратурнага. Крута, калі за рэпам ёсць бэкграунд як, напрыклад, у Oxxxymirona. Калі мы кажам пра простага хлопца з Заводскага райна — гэта іншая гісторыя ", — разважае музыка.

Яна лічыць, што ў музыцы таксама можна казаць пра "неўсвядомленае спажыванне", і тлумачыць гэта на яскравым прыкладзе — можна адзін раз з'есці гамбургер, таму што вельмі хочацца, а можна пастаянна есці толькі фастфуд. Нічога добрага і карыснага ў гэтым няма.

Стужка навiн
0