Пошук працы, чыноўнікі і гаспадарка: што чытала і чым жыла беларуская вёска

© Sputnik / Альфрэд МікусФэст Пятровіца 2019 у Шыпілавічах
Фэст Пятровіца 2019 у Шыпілавічах - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае пра актуальныя тэмы на старонках беларускіх газет ХХ стагоддзя.
На вёсцы зіма заўсёды была больш вольным часам ад гаспадарчых клопатаў, магчымасцю скласці планы на бягучы год, падлічыць свае фінансы і, вядома ж даведацца аб падзеях у свеце.
Вёска Свяцілавічы - Sputnik Беларусь
Фота
Амаль як у Шагала: звычайная беларуская вёска праз вакно
Спрадвеку вясковец ацэньваў жыццё на тры лады: "як у нас тут, у вёсцы", "як там, у горадзе", і "як там, за мяжою". Даведацца, што дзеецца на вёсцы было не цяжка, дастаткова было пагутарыць на вуліцы з суседам або паслухаць, што ў хаце каля печы гаворыць жонка, каб прывезці навіны з горада - трэба было з’ездзіць на кірмаш, а пра падзеі ў свеце пісалі ў газетах, якія былі асаблівым прадметам у хаце.
Газеты вяскоўцы ніколі не выкідвалі проста так: перачытаўшы некалькі разоў з паперы рабілі выцінанкі на вокны, аклейвалі ёй замест шпалер куфры і валізы, круцілі табачныя "самакруткі", клеілі на сцены пад шпалеры і выкарыстоўвалі падчас падвальвання дроў у печы.
На пачатку ХХ стагоддзя беларуская вёска актыўна чытала і выпісвала газеты на розных мовах. Часта яны былі амаль адзіным вытокам афіцыйнай інфармацыі, якая праз друкаваныя выданні трапляла ў самыя аддаленыя куткі краю. Сярод іншых выданняў вялікай пашанай карысталася першая беларуская газета "Наша Ніва", якая выдавалася ў Вільні з лістапада 1906 па жнівень 1915 года.
Дэмакратычны кошт спрыяў таму, што яе мог набыць нават бядняк: "Цэна з перасылкай і дастаўкаю да хаты: на 1 г. – 2 р. 50 к., на 6 мес. – 1 р. 25 к., на 3 м. – 65 к., на 1 мес. – 25 к. За граніцай: на 1 г. – 4 р., на 6 мес. – 2 р., на 3 мес. – 1 р. Перамена адрэсу – 20 кап."
Каб разумець грашовыя дадзеныя, варта ведаць некаторыя лічбы: прыкладны кошт на бульбу складаў ад 15 да 5 капеек за кілаграм, дарагая пшанічная мука каштавала 25 капеек, аржаная 6 капеек, свініна - 30 капеек, а літр малака - 14 капеек.
Для малазямельнага беларуса, даходы ў якога былі не высокія, выпісаць газету на год было не танна. Але ж мець пад рукой дарадчыка, памочніка ў розных справах стала з цягам часу неабходнасцю. Вось і выпісвалі газету хаўрусам, што станавілася чарговай нагодай наведаць суседа, каб пачытаць "свежы" нумар і абмеркаваць навіны.
На старонках тагачаснай газеты тлумачыліся новыя думскія законы, якія тычыліся Беларусі, распавядалася найцікавейшае з таго, што робіцца ў свеце і ў Расіі, штомесяц друкаваліся гутаркі аб гаспадарцы з навуковым падыходам да апрацоўкі зямлі, жывёлагадоўлі, пчалярства, садаводства і рознае іншае. Рэдакцыя штотыднёвіка ганарылася тым, што "Наша Нiва" едзіная газэта ў краю, каторая мае карэспандэнтаў бадай з усіх мястэчак і шмат з якіх вёсак". Так праз рубрыку "Паштовая скрынка" была наладжана жывая гутарка з простым чалавекам праз адказы на пытанні, тлумачэнні законаў.
У рэдакцыю дасылалі лісты людзі розных прафесій, падпісваючы іх псеўданімам або ўласным імём. Чытаць гэту карэспандэнцыю у рубрыках "Аб усём патроху", "З Беларусі і Літвы", "З усіх старон", рэкламу, навуковыя і літаратурныя артыкулы і нават анекдоты – захапляючы занятак.

Што пісалі ў "Нашай Ніве" ў зімовых нумарах 1910 года

Перад калядамі Дума засядала тры дні і разглядала праект закона аб павелічэнні пенсіі чыноўнікам і не гледзячы на пратэст дэпутата сацыял-дэмакрата Кузняцова, які заявіў, што народ ужо і так бедны, а з яго бяруць усё новыя падаткі на чыноўнікаў, "галасамі цэнтру і правых" праект быў прыняты, далей было паднята пытанне аб самаўпраўстве і незаконных дзеяннях падчас выбараў у Гасуд. Думу граданачальніка Адзесы, іншыя дробныя пытанні і, па "Высочайшаму указу Гасуд. Думу" распусцілі на свята да 20 студзеня. Таксама газета інфармавала свайго чытача, што дэпутаты працуюць, а не толькі сварацца паміж сабой, ды як у народзе кажуць "дарэмна штаны праціраюць". Так: "За час мінуўшай сесіі Гасуд. Думы з 440 законапраектаў, 64 прыняты, 5 аткінута, 22 вернута міністрам, 19 гатовы да прагляду, 327 знаходзяцца ў камісіях, 3 прыняты разглядаць на агульных сабраннях".
Перадавіца газеты Сталинская молодежь - Sputnik Беларусь
Стылягі, планы і каханне: пра што пісала камсамольская прэса Беларусі
У навукова-асветніцкім артыкуле "Комэта" карэспандэнт Педаеў напісаў: "У 1910 гаду зьявіцца на небі комэта. Забабонные людзі кажуць, што комэта з’яўляецца толькі перэд якім-небудзь нешчасцем, а ёсць і такіе, каторые думаюць, быццам комэта наляціць на зямлю і наступіць канец свету". Далей карэспандэнт тлумачыў, што каб разгадаць праўда гэта ці не, трэба перш ведаць што такое камета і тады будзе ясна ці варта ад яе чакаць чаго-небудзь благога.
У рубрыцы "Аб усём патроху" можна было даведацца і пра жыццё турэцкага султана і пра тое, якіх кароў лепш заводзіць, і дзе можна знайсці працу. Так, былы султан, які нядаўна заплаціў 4 тысячы рублёў за сваю нерухомую маетнасць (раней не плаціў) жыве цяпер з сям’ёй у Салоніках, "мае пры сабе двох сыноў, трох дачок, адзінаццаць жонак і трынаццаць слуг. На варце кругом палацу стаіць рота пяхоты; 50 жандараў; 12 паліцэйскіх; 3 паліцэйскіх надзірацеляў і 12 афіцэраў". Што ж тычыцца кароў, то беларускага селяніна цешыла, што лепшай была прызнана "простая скаціна" (не племянная, - Sputnik) з Беларусі і Літвы. Інспектар гаспадарскай суполкі Ігнатовіч пісаў: "Скаціна гэта вельмі вытрымалая, і не гледзючы, што ходзіць яна толькі на аржаннях і польных лугох, а на ноч нічога не даюць, - малако ад іх шмат тлусцейшае, чым ад кароў іншых гатункоў, каторые вымагаюць і лепшай пашы і добрага догледу".
Пошук працы штурхаў сялян шукаць яе далёка за межамі родных вёсак у розных краінах свету. Так з газеты можна было даведацца, што ў Рыгу прыехалі японскія агенты, каб наймаць "рабочых у Японію да працы ў полі каля буракоў, каторых засеваюць шмат на цукер. Як кажуць даюць добрую цэну". Вось і плылі беларусы з гэтага партовага горада палоць буракі ў Японію, але больш за ўсё яны выпраўлялісяна працу ў Амерыку. Гэта быў горкі хлеб, паколькі не ведаючы мовы, цалкам бяспраўныя мужыкі часта станавіліся ахвярамі рабаўнікоў і аферыстаў. Яшчэ цяжэй было іх сем’ям, якія заставаліся на вёсцы і мусілі чакаць заакіянскіх грошай. І тут без ашуканства не абыходзілася. Заклікаючы простых людзей быць пільнымі нашаніўцы змяшчлі звесткі аб такіх злачынствах. Так карэспандэнт з мястэчка Капыль, што ў Слуцкім павеце Мінскай губерніі апісаў такі выпадак, калі муж даслаў сваёй жонцы 200 рублёў, але знайшоўся "гэтакі дасужы чэлавек", які пераканаў паштовых служачых, што мае даверанасць ад той кабеты на атрыманне грошай. Не атрымаўшы перавод, жонка часта пісала мужу, чаму ён нічога ёй не дасылае, але аферыст не толькі працяглы час атрымваў грошы за яе, але і перахопліваў лісты ад мужа. Аднак злачынец быў схоплены і арыштаваны.
З усяго, што друкавалася на старонках газеты добра відаць чым і як жыў народ у тыя гады: жаданне мець ва ўласнасці зямлю, працу, эпідэміі, хваробы і практычная адсутнасць медыцынскай дапамогі, махляры і хабарнікі ў дзяржаўных установах, не дастатковасць школ, бібліятэк, сельскагаспадарчых адукацыйных цэнтраў, жорсткасць і самаўпраўства жандармаў, недасканаласць прававой сістэмы, якая нарадзіла ў народзе прымаўку "Закон, што дышла, куды павярнуў туды і выйшла", злачынствы, забойствы, ашуканствы і шмат што іншае. І пры ўсім гэтым любоў да прыгажосці роднага краю, мовы, сваіх нацыянальных звычаяў, такіх светлых пачуццяў, як каханне, любоў да дзяцей і ўсяго жывога, павага да сваёй веры і людзей іншага веравызнання, уменне пасмяяцца над сабой праз прымаўку і анекдот у самых цяжкіх жыццёвых абставінах.
Стужка навiн
0