Як зрабіць калядную маску: кажухі навыварат і сапраўдныя рогі

© Sputnik Сергей ЛескетьКаза - цэнтральны персанаж на святочным вечары
Каза - цэнтральны персанаж на святочным вечары - Sputnik Беларусь
Нават у гарадах да гэтага часу існуе звычай пераапранацца, спяваць калядныя песні, танцаваць, жартаваць і спадзявацца на смачны пачастунак.
Першы дзень Калядаў святкуецца 7 студзеня (25 снежня па старым стылі). Шматтыднёвы пост скончыўся, нарэшце можна ўволю паесці смачнага ды скаромнага. Увечары ад хаты да хаты пачыналі хадзіць калядоўшчыкі – "Дзед", "Каза", "Цыган" і іншыя традыцыйныя персанажы. Пра тое, навошта "Мядзведзю" гарох і што за мікстура ў "Доктара" ў сумцы, Sputnik распавяла этнолаг, кандыдат гістарычных навук, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Таццяна Кухаронак.
Вершы пра Новы год: для дзяцей пад ёлачку - Sputnik Беларусь
Вершы пра Новы год: для дзяцей пад ёлачку
Гурт калядоўшчыкаў звычайна складаўся з нежанатых хлопцаў, але таксама сустракаюцца звесткі пра ўдзел дзяўчат у абыходзе з казой. Калі населены пункт быў вялікі, калядаваць хадзіла адначасова некалькі груп, але бывала і так, што адзін гурт абыходзіў некалькі невялікіх вёсак.
У гурце магло быць ад трох да 20 удзельнікаў. Некаторыя выбіралі кіраўніка, які пытаў дазволу зайсці ў гаспадароў кожнай хаты. Адзін з гурта насіў з сабой мех, у які збіраў дары для калядоўшчыкаў.

Каза

Галоўная роля ў калядным дзеянні заўсёды адводзілася "Казе". Гэта маска сімвалізуе багацце, дабрабыт, урадлівасць. "Казой", як правіла, апраналіся хлопцы. Існавала некалькі спосабаў зрабіць фігуру "Казы".
Хлопец прывязваў спераду дугу так, каб увагнутасцю знаходзілася на ўзроўні жывата. Атрымлівалася, што адзін канец дугі тырчыць паміж ног, як аснова для хваста, а другі ўзвышаецца над ілбом – да яго мацаваліся рогі, сплеценыя з саломы накшталт касы. Паверх гэтай канструкцыі апраналі два кажухі поўсцю наверх, прычым адзін на рукі, другі – на ногі, каб яны патрапілі ў рукавы. Пасярэдзіне кажухі звязвалі паміж сабой, прычым, напрыклад, у Баранавічскім раёне абавязкова бралі кажухі са светлай аўчыны, таму што, згодна з народнымі ўяўленнямі, каза заўсёды павінна быць светлая.
"На Гомельшчыне ў Веткаўскім раёне казу ўвасабляў хлопец, які апранаў кажух і ў руках трымаў чапялю, на канец якой нацягвалі бурку – гэта была галава казы", - расказвае Таццяна Кухаронак.
А на Салігоршчыне шчадрухі носяць з сабою казу і просяць вынесці каўбасу і сала, каб яна скакала
А на Магілёўшчыне, па словах навукоўца, рогі маглі зрабіць не толькі з саломы, але і са сталовых лыжак. У гэтых мясцінах увогуле вельмі старанна падыходзілі да стварэння "Казы": галаву для яе рабілі з дрэва і абклейвалі шкуркай. Асабліва падобнай да сапраўднай была "Каза" з Палесся.
"Ніжнюю чэлюсць рабілі рухомаю і з дапамогаю вяровачкі прымушалі яе паднімацца і апускацца, адкрываць і закрываць рот, ляскаць зубамі. Да галавы прыбівалі сапраўдныя казіныя рогі, да ніжняй чэлюсці прымацоўвалі бараду", - распавядае этнолаг.

Мядзведзь

Напэўна, самы цяжкі калядны касцюм, але і адзін з самых цікавых, – гэта касцюм "Мядзведзя". У Асіповіцкім раёне Магілёўскай вобласці "Мядзведзя" рабілі так. Сухія гарохавіны насыпаліся ў доўгія скруткі, і імі абвівалі па руках, нагах і ўсім тулаве хлопца, а на галаву надзявалі касматую шапку. Шыя і твар былі закрытыя аўчынкамі поўсцю наверх, глядзець можна было толькі ў невялікую шчыліну.
Апраналі "Мядзведзя" і ў шубу або чорныя кажухі поўсцю наружу
"Мядзведзь" выходзіў смешны, пры нязначных рухах шамацеў сваёй "поўсцю", - распавядае Таццяна Кухаронак.
Апраналі "Мядзведзя" і ў шубу або чорныя кажухі поўсцю наружу, на галаву тады апраналі авечую шапку, а твар вымазвалі сажай. На ногі апраналі боты ці валёнкі вялікага памеру, праз гэта ён здаваўся яшчэ больш няўклюдым.
Сучасныя калядоўшчыкі не абыходзяцца без сэлфі - Sputnik Беларусь
Фота
Як каза ў Крэва калядавала
Абавязковым атрыбутам касцюма таксама з'яўлялася вяроўка або ланцуг, за які "Мядзведзя" вадзілі па хатах.
"На вуліцы мядзведзь ішоў на нагах, але ў хату ўваходзіў на чацвярэньках, разам з ім – важак з доўгім кіем і музыка з бубнам", - распавядае этнолаг.
Часам на спіну "Мядзведзю" падвязвалі дошку, каб павадыр стукаў па ёй.

Конь

Меньш распаўсюджаная ў Беларусі, у параўнанні з "Казой" і "Мядзведем", была маска кабылы. Каб зрабіць "Кабылу", бралі два рэшаты і скраплялі іх шастом. Паміж рэшатамі, нібы вершнік, садзіўся хлопец, шэст накрывалі посцілкай або саматканкай, нават старым адзеннем. Спераду рабілі галаву "Кабылы", а ззаду чаплялі хвост з лёну.
На Бабруйшчыне галаву каня рабілі з дрэва і прымацоўвалі яе на спецыяльную раму. Адзін з хлопцаў улазіў у сярэдзіну рамы, прывязваў яе да сябе, а затым яго накрывалі белай посцілкай.
"У гэтым прадстаўленні, якое называлася "віншаванне з канём", удзельнічалі адны хлопцы, без дзевак, а называлі тых хлопцаў "цыганамі", бо яны вопратку падбіралі быццам цыганскую, у руках трымалі нагайкі ды бізуны", - распавядае Таццяна Кухаронак.

Жораў, бык і іншыя

Да каляднай суполкі часам далучаўся "Жораў". Яго асноўнай задачай было смешна танцаваць і "дзяўбці" гледачоў доўгай дзюбай.
Конікі ў Давыд-Гарадку - Sputnik Беларусь
Фота
"Конікі" ў Давыд-Гарадку – сапраўдны карнавал на Каляды
"Для яго на высокай палцы рабілі птушыную галаву, да палкі прымацоўвалася шырокая футра ці ўзятая ў зборкі прасціна, пад якімі хаваўся хлопец", - распавядае этнолаг.
Замест "Журава" дзе-нідзе з'яўляўся "Дзяцел". Пер'е ў яго касцюме імітавала выварачаная шуба, а дзюбу – палка з загнутым канцом, якой стукалі так, як дзяцел стукае ў дрэва.
Адным з архаічных вобразаў, які ўвасаблялі на Палессі, была маска "Тура" (у іншых мясцінах – "Бык" або "Карова"). Яна мела рогі, а да маскі прымацоўвалася тканіна, пад якую хаваўся чалавек.
Бык або Карова - адзін з самых архаічных вобразаў
"Даследчыкі адносяць маску быка да архаічных масак, звязаных з культам пладавітасці: ва ўсходніх славян існаваў абрад заклання быка ў дзень Іллі-прарока, які замяніў старажытнага язычніцкага бога-грамоўніка", - тлумачыць Таццяна Кухаронак.
Ва ўсходнім Палессі таксама рабілі маску "Ваўка".

Дзед і баба

Галоўнай маскай сярод персанажаў-людзей быў "Дзед". Ён хадзіў з "Казой" або суправаджаў "Бабу". Увогуле, маскі людзей часцей за ўсё былі парныя: пан і паненка, цыган і цыганка.
"Часта яны лічыліся мужам і жонкай, таму ў іх былі дзеці – цыганяты, сынкі і дачушкі", - распавядае этнолаг.
Не мелі пары салдат, доктар і поп.
Каляды - сапраўдны беларускі карнавал, каго толькі тут не сустрэнеш
"Дзед" апранаў старое парванае адзенне і маску з бярозавай кары. Замест носа на яе чапляўся бурак, барадой была пянька або доўгі кавалак лёну.
"Абавязак "Дзеда" заключаўся ў тым, каб занімаць гаспадара ў час сцэнкі "Казы" вясёлай размовай, жартамі і частаваць яго нюхацельным табаком, для чаго ў дзеда была табакерка з попелам", - распавядае Таццяна Кухаронак.
"Баба", гэтак сама, як і дзед, апранала рванае адзенне.

Доктар

Адной з абавязковых фігур сярод калядоўшчыкаў быў "Доктар".  
Яго апраналі ў белы халат і шапку з чырвоным крыжыкам. На носе "Доктар" меў акуляры без шкла, звычайна зробленыя з дроту, і нёс сумку цераз плячо.
"У сумцы ляжалі таблеткі з бульбы або морквы, кузнечныя клешчы для вырывання зубоў і мікстура – гарэлка", - распавядае Таццяна Кухаронак.

"Чужыя" цыган і яўрэй

Маска "Цыгана" была адной з самых распаўсюджаных на тэрыторыі Беларусі.
"Карнавальны вобраз цыгана з’явіўся ў традыцыйнай абраднасці беларусаў пасля таго, як цыгане перавандравалі на землі Беларусі ў XV ст. праз Польшчу і Германію, а ў канцы XVI – пачатку XVII ст.  - з Венгрыі", - тлумачыць этнолаг.
Маска "Яўрэя", па словах навукоўца, з’явілася у сярэдневеччы, таму што першыя абшчыны ў Брэсце і Гродне вядомыя з канца XIV стагоддзя.
Маска "Яўрэя", па словах навукоўца, з’явілася у сярэднявеччы
"У вобразах цыганоў і яўрэяў праяўляліся ўласцівыя народнаму карнавалу проціпастаўленні: свае – чужыя", - расказвае Таццяна Кухаронак.

Поп

"Поп" або "Дзяк" апранаўся ў кафтан, а на плечы накідваў складзеную вуглом дзяружку або коўрык. На галаву ён апранаў папяровую шапку з крыжом, падпярэзваўся вяроўкай, а ў рукі браў гаршчок з вуглямі, у якія дадавалі мох, каб ён моцна дыміўся.
"Часта туды кідалі табак, каб усе прысутныя чхалі, а стары лапаць у руках папа выконваў таксама ролю кадзіла", - распавядае этнолаг.
Таксама сярод калядоўшчыкаў заўсёды прысутнічалі ваенны або шляхціц, пан, кароль. Звычайна яны ўвасаблялі канкрэтныя гістарычныя асобы, характэрныя для кожнага перыяду.

Чорт і смерць

З міфалагічных персанажаў калядоўшчыкі апраналіся ў "Чорта" і "Смерць".
Маска "Смерці" асабліва часта сустракалася на Магілёўшчыне.
З міфалагічных персанажаў калядоўшчыкі апраналіся ў "Чорта" і "Смерць"
"Каб зрабіць гэту маску, чалавеку прывязвалі падушку, накрывалі дзвюма сшытымі простынямі, на тым кавалку простыні, які накрываў твар, малявалі вуглём вочы, чэрап, вялізныя зубы, нос", - распавядае Таццяна Кухаронак. У руках "Смерць" абавязкова трымала драўляную касу і з ёй ганялася за прысутнымі.
"Чорт" апранаўся ва ўсё чорнае, твар размалёўваў сажай. Замест носа ў яго быў чырвоны пятачок, а ззаду – хвост з дроту, абшыты тканінай.

Калядная зорка

Абавязковым атрыбутам калядоўшчыкаў была зорка.
Каб яе зрабіць, да каркаса прымацоўвалі пруткі і злучалі іх папарна так, што атрымліваліся промні. Потым зорку абклейвалі паперай і аздаблялі выцінанкамі і фальгой. У зоркі магло быць 5, 8 або 16 промняў, на канцах якіх былі пышныя пампоны з рознакаляровай паперы. Часта зорка асвятлялася знутры, а промні былі рухомымі. У цэнтры змяшчаўся малюнак на біблейскую тэму.
Зорку абклейвалі паперай і аздаблялі выцінанкамі і фальгой
"Навукоўцы мяркуюць, што звычай нашэння звязды бярэ пачатак у язычніцкіх абрадах славян, калі ў гонар адраджэння бога сонца Ярылы насілі выяву свяціла", - распавядае Таццяна Кухаронак.
У многіх месцах калядоўшчыкі таксама насілі з сабой батлейку.
Часта зорка асвятлялася знутры
Прыходу калядоўшчыкаў нецярпліва чакалі ў кожнай хаце, таму што, паводле народнага меркавання, яны прыносілі шчасце, здароўе і дабрабыт у сям’ю на ўвесь будучы год. 
Стужка навiн
0
Спачатку новыяСпачатку старыя
loader
У эфіры
Заголовок открываемого материала
Міжнародны
InternationalEnglishАнглійскіMundoEspañolІспанскі
Еўропа
DeutschlandDeutschНямецкіFranceFrançaisФранцузскіΕλλάδαΕλληνικάГрэчаскіItaliaItalianoІтальянскіČeská republikaČeštinaЧэшскіPolskaPolskiПольскіСрбиjаСрпскиСербскіLatvijaLatviešuЛатышскіLietuvaLietuviųЛітоўскіMoldovaMoldoveneascăМалдаўскіБеларусьБеларускiБеларускі
Закаўказзе
АҧсныАҧсышәалаАбхазскіԱրմենիաՀայերենАрмянскіAzərbaycanАzərbaycancaАзербайджанскіХуссар ИрыстонИронауАсецінскіსაქართველოქართულიГрузінскі
Бліжні Усход
Sputnik عربيArabicАрабскіTürkiyeTürkçeТурэцкіSputnik ایرانPersianФарсіSputnik افغانستانDariДары
Цэнтральная Азія
ҚазақстанҚазақ тіліКазахскіКыргызстанКыргызчаКіргізскіOʻzbekistonЎзбекчаУзбекскіТоҷикистонТоҷикӣТаджыкскі
Усходняя і Паўднёва-Усходняя Азія
Việt NamTiếng ViệtВ'етнамскі日本日本語Японскі俄罗斯卫星通讯社中文(简体)Кітайскі俄罗斯卫星通讯社中文(繁体)Кітайскі
Паўднёвая Амерыка
BrasilPortuguêsПартугальскі