Лукашэнка назваў санкцыі Захаду "шантажом у міжнародным маштабе"

© Sputnik / Виктор ТолочкоПалац Незалежнасці ў Мінску
Палац Незалежнасці ў Мінску - Sputnik Беларусь, 1920, 06.07.2021
Падпісацца
Тэма санкцый працягвае заставацца галоўнай інфападставай і для медыйных праектаў, і для прыняцця розных палітычных дэкларацый і прававых актаў, заявіў Лукашэнка.
МІНСК, 6 ліп – Sputnik. Беларускі народ шмат чаго перажыў, але ніколі не маліў аб літасці, заявіў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па супрацьдзеянні санкцыйным мерам, перадае прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

Беларусь не стане "разменнай манетай"

"Тыя, хто абраў Беларусь у якасці геапалітычнай мішэні, забыліся, што маюць справу з народам, які шмат чаго перажыў, але дакладна ніколі не стаяў на каленях і не маліў аб літасці. І мы стаяць на каленях не будзем", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
І дадаў, што беларускі народ "заўсёды змагаўся за праўду і справядлівасць", а таму не стане "разменнай манетай", улады ж усімі магчымымі спосабамі будуць адстойваць суверэнітэт.
Як адзначыў Лукашэнка, да прававой сістэмы санкцыі ніякага дачынення не маюць.
"Па сутнасці, выкарыстанне абмежавальных мер у якасці інструмента ціску на суверэнную дзяржаву - гэта беззаконнасць і шантаж ў міжнародным маштабе. Шантаж, які, нагадаю, у дакументах ААН і іншых міжнародных арганізацый асуджаецца як недапушчальная мера", - сказаў ён.

Санкцыі супраць народа

Лукашэнка падкрэсліў, што пытанне зусім не ў пасадцы борта Ryanair у Мінску ці неадпаведнасці беларускай дзяржаўнай сістэмы заходнім узорам. Паводле яго слоў, галоўная мэта атакі на Беларусь - расчысціць поле для заходняга бізнесу. Падобнае назіралася ва ўкраінцаў.
"Знішчылі на Украіне ўсю вытворчасць, нават сельскагаспадарчую. Тое ж хочуць і ў нас. Усе ведаюць, што за санкцыямі стаяць канкрэтныя карпарацыі, якія фінансуюць палітычныя інтарэсы шэрага заходніх дзеячаў, многія з гэтых карпарацый маюць крымінальнае мінулае, як і гэтыя дзеячы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён падкрэсліў, што санкцыі ўводзяцца не супраць беларускай улады, а супраць народа, у першую чаргу працоўных людзей.
"Мэта - пазбавіць іх даходаў, выкінуць на вуліцу. Фактычна гэта карная аперацыя на сучасны манер", - заявіў Лукашэнка.
Ён таксама паставіў задачу Міністэрству замежных спраў больш актыўна рэагаваць на любыя недружалюбныя праявы ў адносінах да Беларусі і прапанаваў падумаць над мерамі ў адказ у выпадку далейшага закручвання санкцыйнай спіралі.

Дыпламаты "у норах"

Лукашэнка таксама пацікавіўся працай дыпламатаў у міжнародных арганізацыях, у тым ліку інстанцыях.

"Складваецца ўражанне, што нашы дыпламаты сядзяць у норах і не высоўваюцца", - сказаў прэзідэнт.

Ён адзначыў, што Беларусь не была зацікаўлена ў такім развіцці дыпламатычных адносін з дзяржавамі заходняга рэгіёна.
"Але жыццё на гэтым не заканчваецца, - сказаў Лукашэнка. - На шчасце, сучасны свет значна шырэй, чым межы Еўрапейскага саюза. У нас не такая вялікая эканоміка, каб "парыцца" наконт гэтых санкцый. Мы можам прадаць лішкі, якія ў нас ёсць, астатняй частцы свету".
Таксама ён звярнуў увагу на значныя рэзервы ў гандлі з Расіяй, велізарны патэнцыял у Азіі, перш за ўсё ў Кітаі, В'етнаме, Індыі і Пакістане, а таксама ў Афрыцы, Лацінскай Амерыцы, краінах Персідскага заліва і на Блізкім Усходзе.
"Трэба больш актыўна ісці туды, дзе нас чакаюць і гатовы весці паважлівы дыялог", - падсумаваў Лукашэнка.
І падкрэсліў, што ёсць краіны, у якіх эканоміка дынамічна расце, рынкі плацежаздольныя, а Беларусі "не прад'яўляюць прэтэнзій, не вучаць жыць".
Чытайце таксама:
Качанава: Беларусь і Расія павінны разам супрацьстаяць санкцыям
Лукашэнка паабяцаў прад'явіць прэтэнзіі Меркель
Пуцін: Расія акажа дапамогу Беларусі ва ўмовах санкцый
"Дрэнны прэцэдэнт": якія краіны могуць паўтарыць шлях Беларусі ў канфлікце з ЕС
Стужка навiн
0