Ніл Гілевіч: Мілагучнае, звонкае, спеўнае слова!

© Sputnik / Виктор ТолочкоНил Гилевич, февраль 2015
Нил Гилевич, февраль 2015 - Sputnik Беларусь, 1920, 30.09.2021
30 верасня 2021 года Нілу Гілевічу споўнілася б 90. Апошні народны паэт Беларусі пайшоў з жыцця амаль шэсць гадоў таму. Сёння мы ўзгадваем гэтую значную постаць, у тым ліку ў яго вершах.
Найперш некалькі малавядомых фактаў з жыцця Ніла Сымонавіча.

Спачатку быў Нінел

Сапраўднае імя ад нараджэння ў Гілевіча – Нінел. Бацька, які быў старшынёй Слабодскага сельсавета ў Лагойскім раёне, вырашыў назваць аднаго з сваіх сыноў у гонар Леніна, праўда, “перавярнуў” яго наадварот. Ужо ў сталым узросце Гілевіч змяніў сваё імя на Ніл.

Першай справай у паштальёны

Ніл Гілевіч працаваў настаўнікам, потым доўгі час выкладаў у БДУ, у 1978-м стаў прафесарам. У 1985-1990 – дэпутат вярхоўнага Савета БССР. Але мала хто ведае, што яго першая прафесія — паштальён. У першыя гады пасля вайны, скончыўшы школу, хлопец разносіў лісты і газеты па вёсках. Потым ён паступіў у Мінскае педагагічнае вучылішча, а пасля яшчэ атрымаў і дыплом філалагічнага факультэта БДУ.

Не прасіць, не кланяцца

Гілевіч выдаў больш за сто кніг. Ён шмат перакладаў славянскіх паэтаў і пісьменнікаў. Ёсць у яго зборнікі па літаратуразнаўстве і фалькларыстыцы. Выдаў ён і зборнік драматургіі. Але ніводная з яго 15 п’ес пры жыцці не была пастаўлена. Сам літаратар гэта звязваў з тым, што ён не абіваў парогі міністэрства і тэатраў, не навязваў ім свае творы.

Знайсці сваю стыхію

Гілевіч быў сапраўдным універсалам у творчасці, але сам гаварыў: "Мая стыхія - паэзія". Лепшым сваім творам лічыў раман у вершах “Родныя дзеці”, напісаны ў 1985-м. Раіў яго чытаць і дзецям і дарослым – яны па-рознаму ўспрымалі. Ганарыўся цікавымі сюжэтна-псіхалагічнымі хадамі ў гэтым творы.

Вядзьмак-Лысагорскі

Але больш за ўсё шуму нарабіў іншы яго твор. Доўгі час чытачы не ведалі сапраўднага аўтара "Сказа пра Лысую Гару". Аўтарам гэтага гумарыстычнага твору, які распавядаў пра жыццё-быццё літаратараў, быў пазначаны Францішак Вядзьмак-Лысагорскі. Каму толькі не прыпісвалі гэтую паэму? Рыгору Барадуліну, Анатолю Вялюгіну, і Міколе Аўрамчыку… Але толькі амаль праз тры дзесяцігоддзі Гілевіч, які таксама быў сярод "падазроных", прызнаўся ў сваім аўтарстве.

Наш век наогул вельмі тлумны,

Мы з гэтым звыкліся даўно:

Футбол, і бокс, і джаз бяздумны,

І п'янкі з сексам заадно.

Але такога крыку-гвалту,

Што цэлы дзень хістаў той дом,

Дзе не сабраў касцей гаўляйтар, -

Не чулі ў Мінску шмат гадоў.

Спачатку ціха паміж люду

Размовы-чуткі папаўзлі,

Што пад сады-гароды будуць

Даваць па лапіку зямлі.

Пасля, як заклік да атакі,

Як звон магутны вечавы,

Пранёсся кліч: "На сход, пісакі!

На сход, пісакі, хто жывы!"

"Дык значыць праўда, братцы? Дзеляць?"

І вось, штурхаючы народ,

Пабеглі аўтары і чэлядзь

У дом пісьменнікаў на сход.

Ляцелі жонкі, дочкі, цешчы,

Дядзькі і дзядзіны, швагры,

І хто з бальніцы мог уцекчы -

Джгаў - не дагналі дактары.

Усім здавалася: хто першы

Падыме голас на дзяльбе -

Той і адхопіць кус найлепшы

І тым узвысіць ён сябе.

Яшчэ ж глыбока ў сэрцы кожны

Хаваў надзею ўсіх надзей,

Што абразаць пачнуць заможных

І ўдасца з іх урваць надзел.

(урывак са "Сказа пра лысую гару")
© Sputnik / Евгений Коктыш / Перайсці ў фотабанкНіл Гілевіч за рабочым сталом, 1977 год
Нил Гилевич за рабочим столом, 1977 год - Sputnik Беларусь, 1920, 29.09.2021
Ніл Гілевіч за рабочым сталом, 1977 год
Прапануем вашай увазе яшчэ некалькі вершаваных твораў Гілевіча
***
Як ты дорага мне, мая родная мова!
Мілагучнае, звонкае, спеўнае слова!
Ты калісьці з калыскі мяне падымала
I вучыла ў бацькоў на руках гаварыць.
У жыцці маім слова найпершае "мама"
I цяпер для мяне сама міла гучыць.
Я па літарах родных вучыўся чытаць,
I буквар для мяне быў жыцця палавінай.
Быў шчаслівы я роднаю мовай сказаць
Першы раз: "Беларусь, мая сонца-краіна!"
I цяпер для мяне ты з усіх прыгажэй,
Хоць, я ведаю, моваў на свеце нямала,
I з усіх песняроў мне мілей і бліжэй
Роднай мовы пясняр — неўміручы Купала,
А задумае вораг з далёкага краю
Апляваць, адабраць, знішчыць мову маю —
He дазволю.
He дам.
He прадам.
He змяняю.
I да смерці за волю тваю пастаю!
***
Рабі дабро! Хоць нават коштам
Апошніх сіл, апошніх мук.
І не пытай: каму? завошта?
Рабі - без просьбаў і прынук!
(з паэмы “Родныя дзеці”)
***
Я — беларус, я нарадзiўся
На гэтай казачнай зямлi,
Дзе мiж лясоў i пушчаў дзiкiх
Адвеку прашчуры жылi.
Я — беларус, я ганаруся,
Што маю гэтае iмя:
Аб добрай славе Беларусi
У свеце знаюць нездарма!
Я — беларус, i я шчаслiвы,
Што мацi мову мне дала,
Што родных песень пералiвы
I зблiзку чую, i здаля.
Я — беларус, i хоць сягоння
Яшчэ малы, але скажу:
Я родам з племя непакорных
I прад бядой не задрыжу!..
***
"...Чаго мы ходзім на магілы?
Што нас вядзе пад сосен шум?
Ці жаль? Ці страх? Ці проста звычай?
Ці неўсвядомлены абрад?
Ці нейкай сілай таямнічай
Жыве ў нас памяць цяжкіх страт?
Чаго ідзём? Паплакаць горка?
Паспавядацца? Клятву даць?
Ці, можа, з гэтакіх пагоркаў
Сваё жыццё нам лепш відаць?
Свой шлях — у пошуках і ўдачах,
У заблуджэннях і грахах?
Ці ў гэткі час ясней мы бачым
Радзімы-Бацькаўшчыны шлях?
Ужо даўно і косці стлелі,
Зямлёй зрабіліся даўно,
А мы ідзём у прасвятленні
Аддаць пашану ўсё адно..."
***
Паклон табе, мой беларускі краю!
Ты - мой, я - твой: ад роду і навек.
Я зноў і зноў да сэрца прыкладаю
Твой ліст дубовы - як чароўны лек.
За хлеб, што ем, за песні, што спяваю,
За шчасце звацца іменем тваім -
Паклон, паклон табе, мой родны краю!
Ты - мой, я - твой: усюды і ва ўсім!
***
"Ведай: роднае слова грымела
У крывавым агнi барыкад,
За свабоду адважна i смела
Заклікала ў паход, як набат.
Родным словам мы грознай парою
Гуртавалi рады змагароў,
З родным словам на вуснах герояў
Запякалася алая кроў.
За яго памiралi i гiблi,
Каб на здзекi i глум не аддаць,
Каб маглі сёння песнi i гiмны
Пра шчаслiвую долю складаць"
Стужка навiн
0
Спачатку новыяСпачатку старыя
loader
У эфіры
Заголовок открываемого материала