Калядныя спевы: "Я каза-страказа, паўбока луплена, за тры грошы куплена..."
Прыехала Каляда
У вазочку
Да на сівенькім
Канёчку.
Прыехала Каляда
Увечары,
Прывезла дудак
Рэшата.
Паставіла дудкі
На стаўпе,
А сама села
На куце.
Зайграйце, дудкі,
Тоненька,
Скачыце, дзяўчаткі,
Хорашанька.
А вы, хлопчыкі,
Пазірайце,
Сабе дзевачак
Выбірайце.
А вы, дзевачкі,
Гуляйце,
Залаты персцень
Пускайце…
Як пайшла Каляда
Упярод Ражаства,
Каляда, Каляда!
Прынесла ж Каляда
Рэшата бліноў,
Каляда, Каляда!
Рэшата бліноў,
Берасцень мёду.
Каляда, Каляда!
Дзеткі блінамі
У мёд макалі,
Каляда, Каляда!
У мёд макалі,
Каляду ўспаміналі.
Каляда, Каляда!
Прыйшлі Калядкі
Ўвечары,
Ўвечары,
Прынеслі кілбаскі
Ў рэшаце,
Ў рэшаце.
Паставілі рэшата
На стаўпе,
На стаўпе,
Самі селі за сталом
На куце,
На куце.
А вы, музыкі,
Іграйце,
Іграйце,
А вы, дзеванькі,
Гуляйце,
Гуляйце.
А вы, кілбаскі,
З стоўпа далоў,
З стоўпа далоў.
А вы, дзеванькі,
К чорту дамоў,
К чорту дамоў.
А ты, красуня,
Астанься,
Астанься
I са мною
Звянчайся,
Звянчайся.
Я каза-страказа,
Паўбока луплена,
За тры грошы
Куплена.
Тупу, тупу
Нагамы,
Скалю тобе
Рогамы.
Хвостыкам
Замяту,
Капытком
Затапчу.
Тут тобе
Й край.
А чы не –
Кілбаскі давай!
А Калядачкі,
А хадзіце к нам,
Ой, рана, рана,
А хадзіце к нам.
А хадзіце к нам,
А мы рады вам,
Ой, рана, рана,
А мы рады вам.
Нашы праснічкі
Паламаліся,
Ой, рана, рана,
Паламаліся.
Верацёначкі
Пагубляліся,
Ой, рана, рана,
Пагубляліся.
Нашы пальчыкі
Паспрадаліся,
Ой, рана, рана,
Паспрадаліся.
I пярсцёначкі
Пасціраліся,
Ой, рана, рана,
Пасціраліся.
Каб вас, Калядак,
Нядзель дзесятак,
Ой, рана, рана,
Нядзель дзесятак.
Мы бы, дзевачкі,
Нагуляліся,
Ой, рана, рана,
Нагуляліся.
I Калядак
Наўспаміналіся,
Ой, рана, рана,
Наўспаміналіся.
За сяньмі, сяньмі
Там за новымі,
Шчодры вечар,
Добры вечар!
Стаіць святліца
Нова зрублёна.
Шчодры вечар,
Добры вечар!
У той святліцы
Чатыры акенцы:
Шчодры вечар,
Добры вечар!
У першым акенцы –
Да яснае сонца,
Шчодры вечар,
Добры вечар!
У другім акенцы –
Да ясны месяц,
Шчодры вечар,
Добры вечар!
У трэцім акенцы –
Да дробныя звёзды,
Шчодры вечар,
Добры вечар!
У чацвёртым акенцы –
Да цёмная хмарка.
Шчодры вечар,
Добры вечар!
Яснае сонца –
То жонка яго,
Шчодры вечар,
Добры вечар!
Ясны месяц –
То сам гаспадар,
Шчодры вечар,
Добры вечар!
Што дробныя звёзды –
То дзеткі яго,
Шчодры вечар,
Добры вечар!
Што цёмная хмарка –
То жыта яго,
Шчодры вечар,
Добры вечар!
А з карэньчыка –
Караністае,
Шчодры вечар,
Добры вечар!
А з саломінкі –
Сцяблістае,
Шчодры вечар,
Добры вечар!
А з каласочка –
Каласістае.
Шчодры вечар,
Добры вечар!
А дай жа, божа,
Пану гаспадару,
Шчодры вечар,
Добры вечар!
Ой, жыці-быці,
Піва варыці,
Шчодры вечар,
Добры вечар!
Піва варыці –
Сыны жаніці,
Шчодры вечар,
Добры вечар!
Гарэлку гнаці –
Дочкі замуж даваці.
Шчодры вечар,
Добры вечар!
Каляда, каляда, каляда, каляда.
Ой, ладачкі ладкі,
Надышлі калядкі,
Надышлі калядкі
На стале аладкі.
Каляда, каляда, каляда, каляда.
Мы надралі таркаю
Дранікаў духмяных,
Хочаш ешь са скваркаю,
Хочаш са смятанай.
Каляда, каляда, каляда, каляда.
Вось вам, калі ласка,
С жэрдачкі каўбаска,
Вось кавалак пірага,
Каб не брала вас туга.
Каляда, каляда, каляда, каляда.
Калі вам прысмакі
Прыйдуцца да смаку,
Прынясіце Богу
Шчырую падзяку.
Каляда, каляда, каляда, каляда.
Добры вечар таму,
Хто ў етым даму.
Добры вечар добрым людзям!
А ў етым даму
Сам пан гаспадар,
Шчодры вечар добрым людзям!
Сам пан гаспадар
Да й на покуце,
Шчодры вечар добрым людзям!
Да й на покуце
Ўвесь у золаце,
Шчодры вечар добрым людзям!
Ой, каля яго
Да й жана яго,
Шчодры вечар добрым людзям!
Ой, каля яе
Дзетачкі яе,
Шчодры вечар добрым людзям!
На нова лета
Хай родзіць жыта.
Шчодры вечар, багаты вечар!
Шчодры вечар, багаты вечар!
Жыта, пшаніца,
Усякая пашніца.
Шчодры вечар, багаты вечар!
Шчодры вечар, багаты вечар!
Жадаем табе,
Слаўны гаспадару,
Шчодры вечар, багаты вечар!
Шчодры вечар, багаты вечар!
Піва варыці,
Сынкоў жаніці.
Шчодры вечар, багаты вечар!
Шчодры вечар, багаты вечар!
Пасаг збіраці,
Дочак выдаваці.
Шчодры вечар, багаты вечар!
Шчодры вечар, багаты вечар!
На нова лета
Хай родзіць жыта.
Шчодры вечар, багаты вечар!
Шчодры вечар, багаты вечар!
А Калядачкі,
Бліны-ладачкі!
А Калядачкі,
Нашы нежачкі,
Паўбівалі вы
Чорны сцежачкі.
Адна сцежачка
Пайшла ў гарод,
А другая –
У чыстае поле,
А трэцяя –
К быстрай рэчцы.
Што ў гарод пайшла –
То наесціся,
У чыстае поле –
Нагуляціся,
К быстрай рэчцы –
То напіціся.