Беларускія вершы да Дня абаронцаў Айчыны
Ёсць
Гэта слова – чэсць і гарт салдата
Ў мірных днях, ў паходах баявых,
Хай з вайсковых статутаў узята –
Стала спадарожнікам для ўсіх.
Нам яно гаворыць: – Не згінацца,
Быць упартым і дакладным скрозь.
Партыя нас вучыць: – Так трымацца
Мы ад сэрца ёй гаворым: – Ёсць.
Не дасі душой крывіць ніколі,
Ёсць загад – мы знаем, што зрабіць.
Ці ў страі, ці ў цэху, ці на полі,
Быццам клятва, так яно гучыць!
Два штрыхі да вядомай ісціны
Даказана і войнамі, і голадам,
Што падаюць раней
Мужчыны-волаты.
Жанчыны ж
Застаюцца жыць удовамі,
Засмучаныя думкамі бядовымі.
Таму
Спачатку падалі мужчыны,
Бо аддавалі свой паёк нішчымны
Матулям,
Любым жонкам
I каханым,
А самі паміралі нечакана.
Яны хацелі,
Каб хоць дзень-другі
Жыццё прадоўжыць родным, дарагім.
А там –
He стане голаду, вайны.
А там, глядзіш,
Народзядца сыны...
З такою думкай падалі яны.
Слава табе, Армія!..
За лясы шумлівыя,
За лугі зялёныя
Слава табе, Армія,
Армія Чырвоная!
З-пад няволі панскае
Беларусь Заходнюю
Вывела ты, Армія,
На шляхі свабодныя.
Свята з намі святкуюць
З ласкаю жычліваю
Браты нашы з Захаду,
Вольныя, шчаслівыя.
З думкай пераможнаю,
Урачыста важная,
Ў госці да нас сходзіцца
Грамада сярмяжная.
За лясы шумлівыя,
За лугі зялёныя
Слава табе, Армія,
Армія Чырвоная!
* * *
Зямля з блакiтнымi вачамi –
Раздолле рэчак i лугоў!
Тут называюць Васiлькамi
На Беларусi хлапчукоў,
Звiняць крынiцы, як цымбалы,
Сцяжынкi свецяць у лясах.
Палі, узгоркi, перавалы –
Прасторны шлях, далёкi шлях!
Краiна славы партызанскай,
Краіна міру i даброт!
Ты – наша гордасць,
Наша казка,
Як сонца, шчодры твой народ.
Твае сыны,
Твае унукі,
Мы любiм гул тваiх бароў.
І рэкi цягнуцца, як рукi,
Да цёплых, верных рук сяброў.
* * *
Чытаю тапаніміку –
Свой край чытаю родны.
Зноў бачу кроў на быльніку
I чую плач гаротны.
Зноў бачу клін нявораны
I стрэлы над саборамі.
А ворагі, як вораны,
А ворагі, як вораны!..
Зноў чую: зброя лязгае –
To прашчур мой бароніцца,
Каб нам імя славянскае
He каркаць па-варонняму!
* * *
Гудзе зямля, дрыжаць лясы,
Гамоняць гулка далі,
I поўняць неба галасы
Крылатай, звонкай сталі.
Грыміць, шуміць, як ураган,
Зямлі раскутай сіла.
Акрыла ноч варожы стан
I дзверы зачыніла.
Звініць прастор і гнецца дол –
Грукочуць танкаў лавы.
У прах упаў навек арол
I дзюб свой сцяў крывавы.
Няма граніц, няма паноў –
Сышло іх панаванне:
Збуцвеўшы лад былых вякоў
З магілы не паўстане.
Над стомленай краінай сцяг
Агнём Крамля палае,
Струменіць бляск на родны гмах
Дзянніца маладая.
Імкнуць палкі, ідуць байцы
Чырвонай слаўнай раці,
Свабоду, мір, як іх ганцы,
Прыносяць кожнай хаце.
Шчаслівы люд глядзіць услед
Байцам дзівоснай складкі:
Такіх байцоў не бачыў свет!
I плешча ім у ладкі.
Ранак Перамогі
Мы цябе выглядалі з-за шэрых руін
Воблік светлы твой снілі начамі ў астрогах
І тужылі тугою магіл і краін
Па табе, залатая вясна перамогі.
Нашы дрэвы, і кветкі, і дзеці, і сны
Летуцелі даўно аб табе недацветам, –
Ані разу яшчэ так пакутна вясны
Не чакаў чалавек, покуль свет гэты светам.
Вочы дым выядаў, лісце вянула дрэў,
Апякалі зямлю і душу бліскавіцы.
Чорным полымем ранак вясновы гарэў,
Рассыпалася ў попел гарачы травіца.
І тады – успаміны халодным асцём,
Як запалы нянавісці, ўпіліся ў сэрца, –
Кожны кінуцца мог за Радзімы жыццё
І ўзарвацца гранатай пад крокамі смерці.
Выбухалі і песні, і сэрцы, як тол.
Смерць, губляючы косці, назад адпаўзала
Праз магілы ахвярныя нашых братоў,
Праз руін гарады, цені сёл і вакзалаў.
Мы, як гнеў, неадступныя, следам ішлі,
Задыхаліся ў ярасных бітвах, пагонях, –
І астаўся за намі дым родных сяліб
І вайной узараныя родныя гоні.
Чорным саванам клалася злая зямля,
Што ў пяшчэрах сваіх смерць таіла спрадвеку
І атрутай паіла калоссе ў палях,
І нянавісць радзіла, як хлеб, чалавеку.
Праклялі яе нашы гарматы наскрозь –
Ад Мазурскіх азёр да самога Берліна,
Покуль сонечным ранкам, няўмольным, як лёс,
Не ўвайшла наша помста на Унтэр-дэн-Ліндэн.
Кожны з нас тады лёгка, глыбока ўздыхнуў.
Задзівіліся ўсе: ціхі гэтакі ранак...
І пазналі яе, залатую вясну,
Аж занылі ад радасці даўнія раны.
* * *
Ноч. Халодная зямлянка.
Перастрэлка. Цішыня.
Неба чыстае, як шклянка.
Тупат быстрага каня.
Мы пазналі без памылкі,
Што пад сховай цемнаты
Нам даставілі пасылкі,
Тэлеграмы і лісты.
Хто ад маці, хто ад жонкі –
Кожны вестку атрымаў.
Толькі мне з маёй старонкі
Ні пасылкі, ні пісьма.
Раптам бачу – мне са скрынкі
Паштавік дастаў кісет,
Дзве квадратныя хусцінкі
I малюсенькі пакет.
Вышываны там, дзе горы,
На святой зямлі грузін,
Каб ты ведаў, што і ў горы
Ты на свеце не адзін.
Я прыняў дарунак мілы
Перад боем, уначы.
I да самае магілы
Буду шчыра берагчы.
Не пасылка дарагая,
А братэрская любоў.
Наша дружба векавая.
Дружба верная сяброў.
У гэтыя дні
Нас не пыталіся хто мы
У гэтыя дні за граніцай.
Братам мы даўно вядомы,
А ворагі ведалі мсціўцаў.
Браты нас даўно чакалі,
Насустрач нам выхадзілі
I нас абдымалі рукамі,
I песні пра нас злажылі.
Мы з імі дзяліліся хлебам,
Што вырас у стэпах данецкіх,
Пад зорным апаленым небам –
Святым нашым хлебам савецкім.
З баклагаў паходных пілі мы
Віно, свежасць Віслы, Вельтавы,
За Сталіна і за радзіму,
За будучыню і за славу.
А вораг праходзіў моўчкі,
Ці стаў пад позіркам нашым.
Дадолу спусціўшы вочы,
I побач быў дзень учарашні.
Мы катам прыпомнілі сёння
Агні Трысцянца і Майданек.
Здавалася нам, што патронаў
Ці хопіць адпомсціць за раны,
Мо нейчая крыўда забыта,
На нашых бясконцых прасторах
Ляжыць скамянеўшы гранітам,
Шуміць на Палессі ракітай
Ці стогне ля Чорнага мора...
I мы прыслухаліся ветру,
Што веяў з усходніх барознаў.
Ды ціха было у паветры.
Вярталіся птушкі у гнёзды.
Мы
Праслаўлены лётчык,
Герой пасівелы
(I радуга планак,
I Зоркі святло)
Расказваў проста
I трошкі няўмела
Прыцішаным вучням,
Як неба гуло.
Ён "мы" гаварыў.
"Я" гучала не часта.
Успомніў усіх,
Абавязан каму,
Як быццам належала
Зорка спачатку
Згарэўшым і збітым,
А потым – яму.
А быў ён адважны,
I жыў ён не ціха,
Ды помніў
Свайго гераізму выток:
Вучонага розум
I нітку ткачыхі,
Галоднага тылу
Падмецены ток;
Шыфроўкі разведчыкаў,
Хлеб, і жалеза,
I дружбу,
I ленінскай праўды тамы.
I быў ён шчаслівы,
Што можа адрэзаць
Дакладна і горда:
Што мы – гэта мы.