"Мой край азёрны...": шляхамі паэзіі Петруся Броўкі

© Sputnik / Евгений Коктыш / Перайсці ў фотабанкПятрусь Броўка
Пятрусь Броўка - Sputnik Беларусь, 1920, 25.06.2022
Падпісацца на
Yandex newsTelegram
25 чэрвеня спаўняецца 117 гадоў з дня нараджэння народнага паэта Беларусі і заслужанага навукоўца. Цікавыя факты з жыцця знакамітага беларуса і яго пранікнёныя вершы чытайце ў даведцы Sputnik.
Без творчасці Петруся Броўкі складана ўявіць сабе як беларускую паэзію, так і гісторыю беларускай культуры ХХ стагоддзя. У савецкія часы ён быў шырокапрызнаным паэтам — яму былі прысвоены званні народнага паэта Беларусі і заслужанага дзеяча навукі БССР. Яго творчасць прасякнута у роўнай ступені як ідэалогіяй, так і лірыкай.

Творчасць маладога Броўкі

Свой першы верш "Ой, не шапчы, мая бярозка" Броўка напісаў у 1926 годзе, з чаго і пачаўся яго літаратурны шлях. Ключавым момантам у яго творчай біяграфіі стаў прыезд у Мінск і паступленне ў БДУ на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта. У сталіцы Броўка становіцца актыўным удзельнікам літаратурнага жыцця, уваходзіць у склад "Маладняка".
Творчасць маладога паэта прасякнута ідэалогіяй, лозунгамі і заклікамі. Часам іх нават занадта шмат. На пачатку 30-х выходзяць кнігі паэзіі "Гады, як шторм", "Прамова фактамі", "Цэхавыя будні", у якіх зашмат заклікаў, бадзёрай аптымістычнай рыторыкі, абстрактнай планетарна-касмічнай вобразнасці.
Малады аўтар поэцізіраваў "цэхавыя будні", канстатаваў факты і падзеі, славіў будаўніцтва сацыялізму і нават заклікаў "машыну любіць як сябе".
Як адзначылі крытыкі — сучаснікі Броўкі, "бяда маладога паэта заключалася ў тым, што на яго занадта моцна паўплывала афіцыйная ідэалогія, і ён паспяшаўся адгукнуцца на павярхоўна зразумелыя патрэбы дня і заклікі партыі, выказваўся дэкларатыўна, думаў схемамі і лозунгамі".
Словам, малады Броўка далучыўся да тых паэтаў, для якіх рыфма была, па Маякоўскаму, "лозунгом, кнутом и плетью".

Эпічнасць у творах ваеннага часу

Паэзія Броўкі ваеннага часу прыкметна мяняецца — становіцца больш цвёрдай, акрэсленай, мужнай. Так, традыцыйным нацыянальна-фальклорным матывам пасеву ў творы "Будзем сеяць, беларусы!" (1942) паэт кажа аб непераможнасці беларускага народа, веры ў вечнае красаванне жыцця на роднай зямлі.
У ваенны час Пятрусь Броўка стварыў некалькі эпічных твораў, сярод якіх лепшай лічыцца паэма "Беларусь" (1943). Самыя яркія мясціны твора напісаны з эмацыянальнай пранікнёнасцю, гераічным і патрыятычным пафасам. Адметным з'яўляецца ў творы зварот да тых падзей гістарычнага мінулага, калі вырашаўся лёс нашага народа, яго свабоды і будучыні.
З лірычнай пранікнёнасцю ў свет асабістых чалавечых перажыванняў напісаны вершы "Рана", "Спатканне", у якіх з усёй уласцівай Броўке выразнасцю распавядаецца пра тое, што значылі для салдата-франтавіка радзіма, яе краявіды, вобразы блізкіх і родных людзей.

Вобразнасць і лірычнасць у сталы перыяд

Асабліва ярка паэтычны талент Петруся Броўкі разгарнуўся ў 60-70-я гады, якія сталі надзвычай важным і плённым этапам яго творчасці. Гэты час аказаўся ўраджайным на кнігі паэзіі — выйшлі ў свет зборнікі "Пахне чабор" (1959), "Далёка ад дому" (1960), "Сярод чырвоных рабін" (1969), "Калі ласка" (1972) і інш. Прыкметна пашырыліся вобласці творчага выяўлення паэта, узмацніўся гуманістычны пафас яго паэзіі. У 60-я гг. паэтаў голас пацішэў, зрабіўся задушэўна-цёплым, мяккім, сапраўды прывабным.
Хоць паэт працягваў сплочваць даніну грамадска-палітычным тэмам, тым не менш верх y яго творчасці ўзяў лірызм ці, інакш кажучы, тэма душы, тэма лірычных настрояў і перажыванняў. Прыкладам самай высокай паэзіі ў творчасці Петруся Броўкі могуць служыць вершы "Пахне чабор…", "Як ліст дубовы…", "Ты, мая пчолка", "Калі надыдзе час спачыну…" і многія іншыя, y якіх ён паказвае сябе як выдатны майстар лірычнага слова.
У сваіх паэтычных пейзажах Пятрусь Броўка вельмі вобразна і маляўніча раскрывае непаўторны воблік роднай зямлі. Мастак вядзе даверную, пачуццёвую гутарку з лесам, дрэвам, пчалой, ён натхнёна і адухоўлена паэтызуе неба і раку, спевы птушак, поры года (вершы "Мая Ушачка", "Зімовыя малюнкі", "Восенню", "Раніцу люблю…", "Вясновы дождж", "Ты, мая пчолка", "Здаецца, дуб ca мной гаворыць…").
Петруся Броўкі не стала 24 сакавіка 1980 года ў Мінску.
У гонар дня нараджэння знакамітага паэта Sputnik зрабіў падборку самых пранікнёных вершаў паэта.
Чытаем разам!
© Sputnik / Ю. Элизарович / Перайсці ў фотабанкНямала гасцей наязджае да нас. / Бываюць / Здалёку і зблізку...
Проспект Машерова (ныне проспект Победителей) в Минске, начало 90-х - Sputnik Беларусь, 1920, 21.06.2022
Нямала гасцей наязджае да нас. / Бываюць / Здалёку і зблізку...

Мой горад

Нямала гасцей наязджае да нас.
Бываюць
Здалёку і зблізку, –
Пабачаць заводы, агледзяць калгас,
Гуляюць па вуліцах Мінска.

Ім помніцца, як бушавала вайна,
Чуваць было нашу краіну.
Дазнацца жадаюць:
– А што за яна?.. –
Індусы, французы і фіны.

Аб ёй жа хадзіла нямала размоў,
Дзе ж волаты храбрыя тыя?
Тут сонечных, звонкіх
Нямала дамоў,
А ціхія людзі такія.

Так, мы патрыёты такога жыцця,
Хачу ж, каб герояў спазналі, –
Рука,
Што так песціць ласкава дзіця,
Бывае мацнейшай ад сталі.

А горад мой светлы. І пэўна з таго,
Чым далей,
Тым болей ён ззяе,
Што светла сумленне народа майго,
Што лёс яго светлы чакае.

© Sputnik / Рамиль Ситдиков / Перайсці ў фотабанкМДУ, / Нібы той віцязь казачны, / Першы ад сталіцы прадстаўнік...
Главное здание Московского государственного университета - Sputnik Беларусь, 1920, 21.06.2022
МДУ, / Нібы той віцязь казачны, / Першы ад сталіцы прадстаўнік...

Дарога блізкая…

З Мінска да Масквы – дарога блізкая,
Гэтую дарогу я люблю –
Пад крыламі
Воблакі пабліскваюць;
Зрэдку дзе аконцы на зямлю.

А праз іх – хаціны, што гарошыны,
Возера не возера – ставок!
Лес
Зялёнай хусткаю пад Оршаю
І Дняпра ў Смаленску паясок!

Час ідзе.
Гляджу на дол, вышукваю, –
Дзе ж Масква?
Хвалююся ўвесь час.
Раптам
раскрываецца Унукава,
Вострым шпілем заклікае нас.

Пад крылом праменнямі азначаны,
Зоркамі успыхнуўшы, узнік –
МДУ,
Нібы той віцязь казачны,
Першы ад сталіцы прадстаўнік.

Селі мы. За ўсім з натхненнем сочачы,
Бачым – колькі птахаў там стаіць.
Падплывае лебедзь наш, вуркочучы,
Да свае крылатае сям’і.

Я сыходжу на зямлю маскоўскую,
Быццам як дадому я прыйшоў.
Поціскі
Гарачыя, сяброўскія…
Колькі ў нас таварышаў-сяброў!

Мы навек ў Маскве тут парадніліся.
Горад родны, сэрцу дарагі!
З Мінска тут,
І з Кіева, і з Вільнюса
Перакрыжаваліся шляхі.

З радасцю, надзеяй і клапотамі
Да Масквы імкне струмень жывы…
Ўнукава!
Нябеснымі варотамі
Шлях нам адкрываеш да Масквы!

© Sputnik / Альфред МикусЗ кронаў вячыстых, узрушаных / Лісце спадаць не жадае...
Осень в Беларуси - Sputnik Беларусь, 1920, 21.06.2022
З кронаў вячыстых, узрушаных / Лісце спадаць не жадае...

Над Свіцяззю

Лісце пажоўклае, шэрае
Ціха шасціць пад нагамі,
Толькі дубы па-над Свіцяззю
Меднымі звоняць лістамі.

Вецер над хвалямі ўзносіцца,
Крыллі мацней распраўляе…
З кронаў вячыстых, узрушаных
Лісце спадаць не жадае.

Прагна дубы прыглядаюцца
На зарунеўшыя гоні,
Даўнія дні ўспамінаючы,
Голле з лістамі гамоніць.

Постаць згадалі бунтарскую,
Рысы задумнага твару,
Думы паэта крылатыя, –
Тыя, што нішчылі хмары.

Нёс ён да сэрца народнага
Сэрца любові і ласкі,
Словы ён чуў беларускія,
Песні, паданні і казкі.

Чэрпаў з народнае мудрасці
Сказы аб горы і славе…
Колькі ў вянку яго песенным
Іх, незабыўных, яскравых!

Колькі ў паэзіі закліку
Супраць прыгнёту і здзеку!
Помняць усюды Міцкевіча,
Бо палюбілі навекі.

Славяць палі Навагрудчыны
Генія мараў высокіх,
Чуюць дубы па-над Свіцяззю,
Чуюць натхнёныя крокі!

© PixabayЁсць людзі, / Што ў сэрцы сябрамі гасцілі...
Сердечко, архивное фото - Sputnik Беларусь, 1920, 21.06.2022
Ёсць людзі, / Што ў сэрцы сябрамі гасцілі...

Сэрца

Чырвоны камочак.
Ну што ў ім, здаецца,
Трапечацца ж,
б’ецца,
спачыну не знае…
Калі прыгадаеш маленькае сэрца,
Чаго яно толькі ў сабе не змяшчае!

Шмат дзён перажытых,
І хмурых і ясных,
І моры, і горы,
і рознага многа…
А я вось даўно, ад маленства, выразна
Праз сэрца сваё адчуваю дарогу.

Ляжыць яна роўнай,
Стралою нібыта,
То раптам, як стужка,
закружыць,
заўецца –
Чым далей іду я, чым больш перажыта,
Тым больш успамінаў на ёй застаецца.

Ёсць людзі,
Што ў сэрцы сябрамі гасцілі,
Прайшлі той дарогай
хвіліну якую,
Прайшлі яны, дрэўцы на ёй пасадзілі,
А тыя цвітуць, і цвітуць, і красуюць.

А ёсць і такія,
Што, носячы камень,
Стараюцца кінуць,
між іншым,
як быццам, –
Усцелюць дарогу згрызот валунамі,
Змагаецца сэрца,
каб як іх пазбыцца.

Балюча бывае,
Што засцяцца вочы,
Нямала іх здолела
цяжка параніць –
Кідаюся хворы на ложку праз ночы,
Але з перамогай страчаю світанне.

Хай твар мой,
Бывае, збялее, што кужаль,
Днём новым я лекі знаходжу,
іх мноства –
І зноўку выходжу бадзёры і дужы,
І сэрца раскрыта маё для сяброўства.

© Sputnik / Леонид Коробов / Перайсці ў фотабанкI колькі ў шумных гушчарах / Народных дум было сабрана...
Белорусские партизаны перед боевой операцией - Sputnik Беларусь, 1920, 21.06.2022
I колькі ў шумных гушчарах / Народных дум было сабрана...

Вам скажуць сосны

Навала пройдзе. I калі
Ізноў засвеціцца свабода, –
Вам скажуць сосны, як жылі
Мы ў дні вялікай непагоды.

I колькі ў шумных гушчарах
Народных дум было сабрана,
I колькі на сівых імхах
Гарачых слёз парассыпана.

Як мы жылі ў барах густых,
Каб ратавацца ад прымусу,
Як з кожным дрэвам, што з жывым,
Вялі параду беларусы.

© Sputnik / Светлана ЯценюкА вораг находзіў, – бязлітасна білі, / Трываць не хацелі абразы і слёз...
9 Мая в Брестской крепости - Sputnik Беларусь, 1920, 21.06.2022
А вораг находзіў, – бязлітасна білі, / Трываць не хацелі абразы і слёз...

Родныя словы

Яны даспадобы мне, хай і старыя,
Не толькі ў гучанні хвалюючы змест.
Як многа гавораць мне назвы такія –
Мінск,
Пінск,
Брэст.

Калі паразважыш, няцяжка дазнацца,
Бо сведчаць на ўсю неабсяжную шыр,
Што продкі любілі спакойную працу –
Шклоў,
Клецк,
Мір.

А вораг находзіў, – бязлітасна білі,
Трываць не хацелі абразы і слёз,
І разам з Бярозаю катаў тапілі –
Пціч,
Друць,
Сож.

Дзяды і бацькі нашу мову стваралі,
Каб звонка звінела, была, як агонь.
У сёлаў імёны, як гукі цымбалаў, –
Блонь,
Струнь,
Звонь!

© Sputnik / И.ФроловПраца дружная ў суседзяў, / Можна толькі падзівіцца – / Хто з пяском, / Хто з цэглай едзе...
Монтаж блоков жилого дома, 1959 год - Sputnik Беларусь, 1920, 21.06.2022
Праца дружная ў суседзяў, / Можна толькі падзівіцца – / Хто з пяском, / Хто з цэглай едзе...

Слава дружбе!

Ад прадвеку, як вядома,
Праз бары,
Палі з гаямі
Нас з Літвой яднае Нёман,
Даугава – з латышамі.

Па-сяброўску,
Шчыра ў вочы
Мы друг другу ў твар глядзелі,
Ды хваліцца не было чым,
Мы аднолькава гібелі.

Бедавалі, гаравалі,
Зналі
Здзекі ды пагрозы…
З Беларусі неслі хвалі
Дзень пры дні людскія слёзы.

I з другога боку,
З мора,
Мчаўся вецер засмучоны:
Там людзей трымалі ў горы
Каты – чорныя бароны.

I не раз вялі размовы
Аб гадах цяжкіх, праклятых
Беларус,
Латыш,
Літовец
Па-над возерам Дрысвяты.

Заклікалі сваю долю,
А яна была такою –
Цемра ў небе,
Цемра ў полі,
Цемра-бездань пад вадою.

Ды не тое там сягоння –
Адышла
Бяда з гадамі,
Дзень і ноч народ гамоніць,
Гул стаіць над берагамі.

Экскаватар бездакорна
Грунт раўнуе,
Расчышчае,
Мінскі трактар возіць бёрны,
Кран дзюбасты пахаджае.

Праца дружная ў суседзяў,
Можна толькі падзівіцца –
Хто з пяском,
Хто з цэглай едзе,
Хто падвозіць чарапіцу.

Хто стаіць пры распілоўцы,
Хто з машын
Здымае грузы…
Ладзяць станцыю літоўцы,
Латышы і беларусы.

I яны,
Што назаўсёды
Думы й сэрцы паядналі,
Шчыра "Дружбаю народаў"
Гэту станцыю назвалі.

Вышай сосен
Ў хуткім часе
Закрасуе пабудова,
I не толькі ў трох калгасах
Ўспыхнуць лямпы Ільічовы.

Не над возерам адзіным
Бляскам срэбра разліюцца –
Іх праменні
Па краіне
Ў кожным сэрцы адаб’юцца.

Іх святло,
Што ярка свеціць,
Разгарацца болей будзе –
Іх святло далёка ў свеце,
Як надзею, ўбачаць людзі!

© Sputnik / Илья Тимин / Перайсці ў фотабанкМой кут прыгожы ў хоры веснім, / Здаецца, сам я ў ім пяю…
Косяк белощеких казарок - Sputnik Беларусь, 1920, 21.06.2022
Мой кут прыгожы ў хоры веснім, / Здаецца, сам я ў ім пяю…

Хор

Як толькі вецер стане гушкаць
Уранні кволыя лісты –
Так заспяваюць дружна птушкі,
Што з мёртвых можаш ўзняцца ты.

То салавей зальецца ўдала,
То шпак пасобіць ценарком –
Адзін ударыць на цымбалах,
Другі пацягне, што смычком,

Зязюлі закуваюць чуйна,
Далёка іх імчыцца гук.
I нават дзяцел б’е задумна
Па барабану: тук-тук-тук.

Жаўрук у небе недасяжным
Нібы званкамі зазваніў,
I верабей з двара паважны
Азваўся ціха, што ён жыў.

Мой кут прыгожы ў хоры веснім,
Здаецца, сам я ў ім пяю…
I я ўстаю насустрач песні,
Насустрач сонейку ўстаю!

© Sputnik / Dmitryi Donskoy / Перайсці ў фотабанкСлаўны братні горад Прага! / Да цябе любоў, павага...
Прага старинная - Sputnik Беларусь, 1920, 21.06.2022
Слаўны братні горад Прага! / Да цябе любоў, павага...

Яра!.. Яра!..

Слаўны братні горад Прага!
Да цябе любоў, павага –
Глыбі Влтавы, высь Градчанаў,
Вецер з гор мяккі, вясняны,
Чырвань сцягаў, шум бульвараў,
Маладой ліствы пажары…
Яра!.. Яра!..*

Фестываль. Музыкі граюць
З Чылі, з СССР, з Кітая,
I з Балгарыі, і з Польшчы…
Прагна слухае рабочы,
Праца з песняй уладарыць,
Колькі радасці на тварах…
Яра!.. Яра!..

Кліч: "З савецкім мы народам
Назаўжды" – лунае горда.
Як з ручайкаў сталі рэкі,
Так зліліся мы навекі.
Ні дратоў, ні тых жандараў –
Так збылася наша мара.
Яра!.. Яра!..

*Яра – па-чэшску – вясна.

© Sputnik / Максим БогдановичМой край азёрны, край люстраны! / I сёння я з табою ўвесь...
Браславские озера - Sputnik Беларусь, 1920, 21.06.2022
Мой край азёрны, край люстраны! / I сёння я з табою ўвесь...

Мой край азёрны

Мой край азёрны, край люстраны,
З таемнай гутаркай лясной,
Чым да цябе я прывязаны,
Што ты заўсёды прада мной?

Гартаю час здалёку, зблізку,
Каб адшукаць той даўні дзень,
Калі пад спевы над калыскай
Пазнаў я пах смалістых сцен.

З тых дзён зрадніўся я з табою,
З табой з’яднаўся назаўжды –
На пасце торбай і трубою,
Ядою з хлеба і вады,

Салоўкі спевам на світанні,
Дзіцячай шумнаю гульнёй,
Чуццём юнацкага кахання
I ў полі першай баразной.

З табой зраднілі ручаіны,
На пожнях золкая раса,
I позірк сумнае хаціны,
I маці шчырая сляза.

Мой край азёрны, край люстраны!
I сёння я з табою ўвесь –
З палямі, з трактарам старанным,
З табою, неўгамонны лес.

Хіба яшчэ аб нейкім шчасці
Памарыць можа чалавек?..
Як неадлучны сын ад маці,
Вось так і я з табой навек!

Чытайце таксама:
"Басанож прайдуся па траве…": вершы пра малую радзіму
Адам Русак: "I ў сэрцы песні не стрымаць…"
"Радзіму не пакіну я без песень…": сум і лірыка ў вершах Язэпа Пушчы
"Срэбранаю пацеркай на нітцы…": казачная крыніца творчасці Васіля Віткі
"Глядзецца праўдзе ў вочы...": самыя пякучыя байкі Кандрата Крапівы
Стужка навiн
0