"Тут хлеба акраец, як мёд…": казкі жыцця Ларысы Геніюш

Дзяцінства, малалецтва, юнацтва
Вяртанне на Радзіму

Явар з ветрам хіліўся
Явар з ветрам хіліўся
буйным чубам далоў,
у свеце сын загубіўся,
зараз едзе дамоў.
Ён ляціць да старонкі,
як вясной жураўлі,
без дзяцей і без жонкі,
верны толькі зямлі.
А бацькі перад хатай,
як сям’я галубкоў.
– Адкажы, мілы тата,
дзе ты маму знайшоў.
Вось такую, што прала
лён на верацяне,
што ў бядзе пацяшала
і цябе і мяне.
Што зямлю засявала,
калі ты ваяваў,
і дабру навучала,
калі я падрастаў.
Словы мамы, як з мёду,
вочы – сонечны свет,
колькі любасці шчодрай,
мудрых лекаў ад бед.
Многа даляў праехаў,
многа сцежак прайшоў,
як матуля, дзяўчыны
анідзе не знайшоў.
– Выбраў я маладую
праз дзве хаты з сяла.
Гэткіх здатных гадуе
толькі наша зямля.

Цуд
Весяліўся, смяяўся агонь,
чарванеў як зара-зараніца,
і згараў на ім белы мой конь,
і згараў на ім мужны мой рыцар.
Як з паганскіх курганных часоў,
ішлі ўдовы на вогнішча смерці,
я, найболей няшчасная з удоў,
свайму рыцару кінула сэрца.
Узняўся ў табе ахвярны мой дым,
рос із сэрца майго агнявіцай,
і скрозь слёзы я бачыла ў ім,
як ажыў йзноў конь белы і рыцар.
I сярод найцяжэйшых пакут
я паверыла сэрцам гаротным,
што з ахвяраў нам зродзіцца цуд,
што наш Рыцар і Край нясмяротны.

Паэт
Дзе з турмою, дзе з тугою –
праз няроўны шлях.
Ад пад’ёмаў і адбояў
сэрца у рубцах.
Той налева, той направа –
сыцейша б куцця.
А паэт шукае праўды
за цану жыцця.
I для твараў, і для маскаў
дарам шчодрых жмень
ён гатоў асыпаць ласкай
свой апошні дзень…
У цярпенні, бы ў прадонне
кінуты, ідзе.
У натруджаных далонях –
сэрца для людзей.
Зводзіць дзень канцы з канцамі…
Б’е яму ў дакор
клоун-месяц бубянцамі
бесканечных зор…

Хмары
Неба бяскрайняе,
неба над хатамі.
Сунуцца хмары ляніва ўгары,
нібы кудлатыя і барадатыя
выйшлі на вольную пашу зубры.
Кінулі дом свой –
пушчу адвечную,
выйшлі з гушчэчы,
нібы з даўніны,
каб нагадаць па дарозе сустрэчным
Йшчэ ў нэтрах равуць начамі яны.

Зайка
Між кустамі,
Між густымі
Скок ды скок,
Бегаў зайка, прытаміўся.
А за дрэвам прытаіўся
Люты воўк.
Зайка скокнуў без аглядкі,
Воўк хацеў хапіць за пяткі
Ды за бок.
У адчыненыя дзверы
Да бабулі зайка шэры
Хутка скок.
Бабка заіньку пусціла,
Прытуліла, накарміла.
А дзядуля злога воўка
Напалохаў дубальтоўкай.
А ты, заінька, глядзі –
У лес без мамы не хадзі.

Гнёзды
Птушаняты ў гняздзе пад крылом
заклапочанай, любай маці.
Гнёзды – гэта птушыны дом,
гнёзды – гэта зямлі багацце.
Іх мінае нябесны гром.
Мір жытлу, чалавечай хаце
і сям’і за бяседным сталом.
Руйнавальнікам хат – пракляцце!
Ці жыве яшчэ злыдзень той,
ці пайшоў ціхамірна ў вечнасць,
што мой дом заручыў з бядой,
смерць пасеяўшы бесчалавечна?
Кроў людскую ліў без прычын,
адымаў жыццё без патрэбы…
О, зямля, не маўчы, крычы,
акажыся помстаю, неба!
Мір таму, хто бяздольных збярог
у хвіліну суровага здзеку,
бесхацінца пусціў на парог,
абагрэў, накарміў чалавека.
Мір далоням, што сеюць і жнуць,
хлебных ніваў, зямлі не калечаць,
тым, што гнёзды ня бураць, а ўюць
у супольнай сям’і чалавечай!

Дамоў
Дамоў – на масточак калінавы
рванеш – гатовы ізноў
падняцца, бадай, па-буслінаму
клякочучы песні з палёў.
Дамоў – гэта сэрцам да сэрца.
Дабрыдзень, мая маладосць!
Душой акрыяць, адагрэцца
і словам сагрэць кагось.
Тут хлеба акраец, як мёд.
Падушка, як пух лебядзіны.
Бацькі.
I магілы.
I род.
Зямлі сваёй подых глыбінны.

Маёй песні
Шугай, мая песня, шляхом недаступным,
арлінаю сцежкай дахаты ляці.
I я паляцела б з табой, каб не путы,
што долю так рана скавалі ў жыцці.
Ляці, мая песня, дзе нашы дзяўчаты,
калінавы цвет у вянкі з імі ві
ды чорнай разорай ідзі за аратым,
тугою за воляй па Нёмне плыві.
З гарачага сэрца цябе пасылаю
да цветам пахучым асыпаных ліп, –
вітай і лялей там усё, што кахаю,
на’т камень амшэлы на роднай зямлі.
Няшмат панясеш ты з сабой па дарогах
у родных прастораў туманную сінь.
Апроч майго сэрца, не маю нічога, –
яго ты да хатаў, як дар, занясі.
Прыспаную цмою, няволяй вяковай
арліную душу пад світай будзі.
Ты сілай кахання крышы нам аковы
і клічам краіну да сонца вядзі.