Вершы пра рэвалюцыю: "Разгорне люд, нібы арол той, крылы…"

© Sputnik / Марина СеребряковаУ Мінску святкуюць Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі
У Мінску святкуюць Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі - Sputnik Беларусь, 1920, 07.11.2022
Падпісацца на
НовостиTelegram
Сёння адзначаецца Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі: Sputnik сабраў падборку вершаў беларускіх паэтаў пра гэтае грамадскае свята.
Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года адзначаецца штогод 7 лістапада. "Кастрычніцкі пераварот" з’яўляецца адной з найбуйнейшых палітычных падзей XX стагоддзя, якое моцна паўплывала на развіццё сусветнай гісторыі. Менавіта ў выніку Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Расіі пачалася Грамадзянская вайна.
Да 1991 года ў Савецкім Саюзе гэтае свята з’яўляўся галоўным у годзе, застаючыся на працягу ўсёй эпохі СССР "чырвоным днём календара".
Беларусь з’яўляецца адзінай з постсавецкіх рэспублік, дзе гэты дзень адзначаецца як свята і пазначаны як выхадны дзень.
Чытайце на Sputnik вершы беларускіх паэтаў пра Вялікую Кастрычніцкую рэвалюцыю.
© Sputnik / С. Тер-Оганесов / Перайсці ў медыябанкI прыйшоў гэты час перамогі, / Вярнігорай прыйшоў ён з Усходу...
Кадр из кинофильма Оптимистическая трагедия - Sputnik Беларусь, 1920, 04.11.2022
I прыйшоў гэты час перамогі, / Вярнігорай прыйшоў ён з Усходу...

* * *

Накарміліся панскаю ласкай,
Горкіх слёз напіліся дасыта.
Што здавалася ўчора йшчэ казкай,
Прыйшло сёння у сонцы спавітым.

Расплываліся ў небе туманы,
Разганяў вецер ссохшае лісце.
Салавейка спяваў над курганам,
Неяк быццам спяваў галасісцей.

Ішлі гоманы нівай наспелай,
Гарады аклікаючы й вёскі.
Белавежская пушча шумела,
I шумеў цёмны лес Аўгустоўскі.

Пераклікі чуваць былі ў хвалях
Паміж Нёманам, Днепрам і Бугам,
I да Волгі плылі, дабягалі
Шэпты хваляў ад Нёмана-друга.

Перад намі за панскай стражніцай,
За слупамі з арламі, а блізка,
Новы свет развідняўся зарніцай, –
Долі, волі народнай калыска.

Мы лавілі і думкай, і вухам
Стуль найменшае водгулле-рэха.
Вораг толькі стуль вестак не слухаў,
Упіваўся раз'юшаным смехам.

Выглядалі, чакалі цярпліва,
Як чакае з вайны маці сына,
Той хвіліны чароўнай, шчаслівай,
Калі прыйдуць з вялікай навінай.

I прыйшоў гэты час перамогі,
Вярнігорай прыйшоў ён з Усходу,
I руйнуе кайданы, астрогі,
На свабоду выводзіць народы.

Накарміліся панскаю ласкай,
Горкіх слёз напіліся дасыта.
Што здавалася ўчора йшчэ казкай,
Прыйшло сёння у сонцы спавітым.

Янка Купала
© Sputnik / РИА Новости / Перайсці ў медыябанк...Кастрычніка вокліч, / Над светам усім / Гучы перамогай ваяцкай!
Арест Временного правительства. Петроград, 26 октября 1917 года, художник М. Соколов. - Sputnik Беларусь, 1920, 04.11.2022
...Кастрычніка вокліч, / Над светам усім / Гучы перамогай ваяцкай!

Пятнаццаць

Пятнаццаць славутых гадоў,
Пятнаццаць высокіх уступаў.
Кастрычнік Вялікі
К пабедам нас вёў,
Здабыткі іх плённыя купіў.

Часы грамадзянскай вайны,
Патугі да змору блакадай –
Згаворы прадаўнікаў,
Кайзер, паны,
Бароны, бандыты і
Рады –

Ў адзіны спляталісь клубок,
Адзіную мэту ўганялі –
Заняць пераможны
Наперад наш крок,
Спыніць барацьбы нашай хвалі.

Ды дарма патугі!
Як змрок,
Як дзікія зданныя цені,
Іх змыў, спаласкаў
Рэвалюцыі цёк
Сваім пераможным імкненнем.

Рабочага класа парыў,
Чырвонае арміі мужнасць –
Вярнулі магчымасць
Да фабрык, да ніў
Нам творчую ўвагу
Напружыць.

І цяжкія раны вайны,
І царскае спадчыны плямы –
Спалілі няшчадна,
Рашуча гарны
Рабочае справы агнямі.

Над полем калгасным гудзе
Мелодыяй трактар
Чыгуннай!
Нас партыя Леніна
Мужна вядзе
Туды,
Дзе святлее Камуна…

Гары ж, разгарайся, уздым
Будоўнае творчае працы!
Кастрычніка вокліч,
Над светам усім
Гучы перамогай ваяцкай!

Цішка Гартны
© Sputnik / Егор ЛитвинЖывем не толькі дзённым хлебам, / Імкнёмся і да зор другіх, / Аднак для нас, высока ў небе, / Чырвоная ярчэй усіх...
Еврейская молодежь Бобруйска горячо поддержала революцию - Sputnik Беларусь, 1920, 04.11.2022
Жывем не толькі дзённым хлебам, / Імкнёмся і да зор другіх, / Аднак для нас, высока ў небе, / Чырвоная ярчэй усіх...

Вялікі Дзень

Ёсць многа дзён, што шчасце дораць,
Ды больш усіх той дзень люблю,
Калі магутны залп "Аўроры"
Ускалыхнуў усю зямлю.

I вось яна – пад ветрам свежым
Бадзёрым голасам пяе,
Параскідаўшы краты-межы,
Інакшы выгляд у яе.

Увесь узросшы гарадамі,
Плацінамі гады стаяць,
Цёмна-зялёнымі садамі
Па-над палеткамі шумяць.

I густы іншыя сягоння,
I ўдумней людзі мнагакрат –
Стаў касмашлем важней кароны,
Карон жа па музеях шмат.

Жывем не толькі дзённым хлебам,
Імкнёмся і да зор другіх,
Аднак для нас, высока ў небе,
Чырвоная ярчэй усіх.

Прайшла амаль палова века,
I шмат дзе знік прыгнёт і здзек.
А гляньце вы на чалавека –
Якім стаў дужым чалавек!

Пятрусь Броўка
© Sputnik / М. Ганкин / Перайсці ў медыябанкДалёкая суровая узнёсласць, / Мяне ты хвалявала ўжо не раз...
Бывшие белорусские партизаны вручают Фиделю Кастро памятный подарок - пистолет ТТ - Sputnik Беларусь, 1920, 04.11.2022
Далёкая суровая узнёсласць, / Мяне ты хвалявала ўжо не раз...

Мемарыяльныя дошкі

Я змераў Мінск і ўпоперак і ўдоўжкі,
Спазнаў усе завулкі, тупікі…
I ўсюды бачу дошкі, дошкі, дошкі,
Прыбітыя, здаецца, на вякі.

Каля адных праходжу ціха міма,
Каля другіх зусім спыняю крок…
Зноў лістапад,
I ноч,
I зноў пад Мінскам
Рэвалюцыйны вее вецярок.

Далёкая суровая узнёсласць,
Мяне ты хвалявала ўжо не раз.
Вось тут Свярдлоў
Ад Леніна прынёс нам
I праўду,
I параду,
I наказ.

Тут Фрунзе пасылаў свае атрады
Раззброіць жандармерыю,
А там
Узводзілі мінчане барыкады,
Жыццём сваім.
Шлях церабілі нам…

Наўкол гамоніць племя маладое,
Я сёння іх ні ў чым не папракну.
Я ведаю:
Ад нас пяройдзе ўсё ім –
Цяжар жыцця
I праўда пра вайну.

Ад песень і ад смеху гулкі пошчак…
Ды прыйдзе непазбежны сталы час,
I каля гэтых непрыкметных дошчак
Яны яшчэ прыпыняцца не раз.

Пімен Панчанка
© © Sputnik / Александр ГальперинКарнаваліць жыццём вызвалення / Векапомны Кастрычнік сягоння...
Крейсер Аврора - Sputnik Беларусь, 1920, 04.11.2022
Карнаваліць жыццём вызвалення / Векапомны Кастрычнік сягоння...

* * *

Пад напевамі ветраў асенніх,
Над прасцягам разложыстых гоняў
Карнаваліць жыццём вызвалення
Векапомны Кастрычнік сягоння.

I на вогнішчы буры віхрыстай,
На магіле мінуўшчыны дзікай,
Беларусь, над табой агнявіста
Новай квадры настаў маладзік!

Яго погляды – далі люстраныя,
Волі дух – сакаліны палёт,
Яго грудзі – уздым акіяна
Вольнай песняй вітаюць Заход.

Чую – там падымаецца лёскат,
Разліваецца полем аўсяным, –
Гэта звоніць кужэльная вёска,
Да Кастрычніка туліцца ўся.

I глядзіць туды вокам арліным,
Каб узняцца на крыллях вясенніх,
Дзе равуць вольнагучна машыны
Над краінай бяссмертнага Леніна.

Вольных песень стыхійныя хвалі
Вірабурна прыволлем буяняць
I нясуць у замежныя далі
Кліч прыгнечаным – кліч да змагання.

Прыдзе час, і пад снягам чырвоным
Ашлюбуецца з Нёманам Вісла,
I свабодаю Вільня зазвоніць, –
Хай панурыя хмары не віснуць!

Пад напевамі ветраў асенніх,
Над прасторам квітнеючых гоняў
Карнаваліць жыццём вызвалення
Векапомны Кастрычнік сягоння.

Паўлюк Трус
© Sputnik / Александр Чепрунов / Перайсці ў медыябанкУпершыню Кастрычніцкае свята / Я сустракаю тут...
Картина Зимний взят, художника В. Серова  - Sputnik Беларусь, 1920, 04.11.2022
Упершыню Кастрычніцкае свята / Я сустракаю тут...

7 лістапада 1966 года

Упершыню Кастрычніцкае свята
Я сустракаю тут,
Дзе для мяне бальнічная палата
Горш, чым астрожны кут.

Адгэтуль выйсце мне закратавала
Хвароба – мой жандар,
Знясіленае цела прыкавала
Да ложка, як да нар.

Зняволення расклад для вязня строгі –
Не варухнуцца мне,
Дранцвеюць ногі, цёплы пыл дарогі
Іх грэе толькі ў сне.

Ды пагарджае ўладай неадступных,
Скаваўшых цела страт,
Душа – былых гадоў, гадоў наступных
Няўпынны дэманстрант.

Яе да месца прыкаваць не здольны
Пакуты ланцугі,
Яна ляціць, ляціць, як вецер вольны,
Да вас, да вас, сцягі!

Яна – той самай буры парыванне,
Што ў свет вы несяцё.
На волі – вы, я тут вяду змаганне
Са смерцю, за жыццё.

Аркадзь Куляшоў
© Sputnik / Игорь Маслов / Перайсці ў медыябанкНе згінулі дагэтуль – / І ў бітве мы не згінем!
Празднование годовщины Октябрьской социалистической революции - Sputnik Беларусь, 1920, 04.11.2022
Не згінулі дагэтуль – / І ў бітве мы не згінем!

* * *

Не плач, наш дзень настане,
Хоць адступілі ўчора.
Зацісні моцна рану!
Хай не смяецца вораг!

Выходзьце на дарогу,
Ў паход шчыльней радамі!
Ты ведай, перамога
Ужо не за гарамі.

І вер, што блізка мэта,
Удары грому спынім.
Не згінулі дагэтуль –
І ў бітве мы не згінем!

Максім Танк
© Sputnik / Максим Блинов / Перайсці ў медыябанк...Старое ўсё мы пусцім на ўзві-вецер / Пад веснавую трэль. / Кажу – такіх, як наша, ва ўсім свеце / Не знойдзецца зямель!
Бюст Ленина  - Sputnik Беларусь, 1920, 04.11.2022
...Старое ўсё мы пусцім на ўзві-вецер / Пад веснавую трэль. / Кажу – такіх, як наша, ва ўсім свеце / Не знойдзецца зямель!

Наш шлях

Журботныя прагалы, дзе ні гляну,
I ў сёлах, і ў лясах.
Гарэлы клён схіліўся да паркану,
Сам чорны, як манах.

Стаіць адзін, раскінуўшы галіны,
Як пальцы рук сухіх,
I шум яго празрыстае чупрыны
Змяніўся і прыціх.

Навокала раскіданы магілы –
Руіны гумен, хат.
Гудзе, скуголіць вецер легкакрылы
На старасвецкі лад.

I хоць што крок малюнкі разбурэння,
Пабоішчаў сляды, –
Зямля ж цвіце, і покрыў аднаўлення
Тчэ засеў малады.

Прайшла вайна, як віхар-навальніца
Пад грукат перуноў,
А край жыве, гаючая крыніца
Струменіцца ізноў.

Разгорне люд, нібы арол той, крылы,
Плячамі павядзе, –
Такі размах раскованае сілы
Не быў яшчэ нідзе.

Старое ўсё мы пусцім на ўзві-вецер
Пад веснавую трэль.
Кажу – такіх, як наша, ва ўсім свеце
Не знойдзецца зямель!

Якуб Колас
Таксама на Sputnik:
Ускладанне кветак да помніка Леніна прайшло ў Мінску – фотафакт
Падзеі, якія змянілі лёс: Лукашэнка павіншаваў беларусаў з 7 лістапада
Што адкрывалі ў Мінску да 7 лістапада: ад завода на Кастрычніцкай да паркаў
Стужка навiн
0