Еўфрасіння Полацкая: 10 цікавых фактаў пра першую беларускую асветніцу

© Photo : БДУПомнік Еўфрасінні Полацкай
Помнік Еўфрасінні Полацкай - Sputnik Беларусь, 1920, 05.01.2023
Падпісацца на
НовостиTelegram
Даследчыкі не ведаюць дакладнай даты нараджэння святой, але некаторыя лічаць, што гэта адбылося 5 студзеня 1104 года.
Еўфрасіння Полацкая, адна з самых шанаваных асоб у беларускай культуры і праваслаўі, нарадзілася 919 гадоў таму. Гісторыкі не ведаюць, калі яна дакладна нарадзілася, але на думку некаторых з іх гэтая падзея здарылася 5 студзеня 1104 года. З нагоды святочнай даты Sputnik падрыхтаваў падборку цікавых фактаў пра знакамітую беларускую асветніцу.

Першае імя

Прадслава – а менавіта так назвалі бацькі будучую заступніцу беларускіх зямель – паходзіла з сям’і полацкіх князёў. З самага ранняга дзяцінства ў яе характары вылучалася сярод іншых пачуццяў і талентаў любоў да кнігі і мастацтва.
У знакамітым "Жыціі Евфросініі Полоцкой", якое меркавана каля 1187 года напісаў манах з манастыра Прасвятой Багародзіцы, ёсць такія радкі пра маладую князёўну:
"Так любіла вучэнне яна, што дзівіўся бацька яе з любові такой да навук. І па ўсіх гарадах разышлася слава пра яе мудрасць, і добрыя здольнасці да навук, і красу цялесную, бо была яна прыгожая надта абліччам".

Нашчадак Чарадзея

Прадслава была прамым нашчадкам знакамітай дачкі ўладара Полацкага княства Рагвалода – князёўны Рагнеды, з якой пачалася гісторыя Ізяславічаў.
Таксама яна з’яўлялася і ўнучкай самага містычнага беларускага князя, які па чутках мог ператварацца ў ваўкалака, – Усяслава Брачыславіча, больш вядомага як Усяслаў Чарадзей.

Збеглая нявеста

Калі Прадслава была ў 12-гадовым узросце, яе бацькі, згодна з тагачаснымі традыцыямі, вырашылі выдаць дачку замуж. Але дзяўчына не мела ніякага памкнення звязаць сябе сямейнымі вузамі, усім сэрцам імкнучыся да асвечанага і духоўнага жыцця.
© Photo : Public Domain / belarus.byФрагмент фрэскавага роспісу Спаса-Еўфрасіннеўскага храма
Фрагмент роспісу Спаскага храма - Sputnik Беларусь, 1920, 05.01.2023
Фрагмент фрэскавага роспісу Спаса-Еўфрасіннеўскага храма
Князёўна рашуча адмовілася ад бацькоўскай перспектывы. І замест пажаданага дынастычнага шлюбу Прадслава стала нявестай Хрыстовай.

Радасць – імя вечнае

Пострыг і манаскі зарок Прадслава зрабіла таемна ад бацькоў, баючыся іх гневу. Асаблівую ролю ў гэтым адыграла яе родная цётка, якая на той час была ігуменняю Полацкага манастыра. І бацькам прыйшлося прымірыцца з яе выбарам.
Там жа дзяўчына і атрымала новае імя, пад якім мы яе зараз і ведаем. Дарэчы, імя Еўфрасіння, паходзіць ад старажытнагрэчаскага слова "эўфрасіна", што азначае "радасць".

Дапамагаць беднякам

Неўзабаве, атрымаўшы дазвол з лёгкай рукі полацкага епіскапа Ільі, Еўфрасіння пасяляецца ў мураванай келлі саборнай царквы Святой Сафіі ў Полацку. У знакамітым саборы маладая манашка ўпершыню спрабуе рабіць рукапісныя копіі святых кніг. Але не толькі дзеля асветніцтва.
Кнігі з цеснай келлі ішлі на продаж, а Еўфрасіння "прыбытак ад продажу іх аддавала тым, хто быў у нястачы".

Уласнае евангелле

І пазней, знаходзячыся ва ўласным манастыры, Еўфрасіння шмат часу адводзіла на адукацыю і спасціжэнне Святога Пісання, якое яна ўлюбёна перапісвала.
Разам з тым яна вяла Полацкі летапіс, рабіла пераклады з грэчаскай і лацінскай моў і таксама пісала ўласныя творы. Па некаторых звестках, сярод яе шматлікіх асабістых казанняў, малітваў, асобнае месца займае еўфрасіннеўскае Полацкае евангелле, якое, на жаль, да нашага часу не дайшло.

Вешчы сон

Аднойчы Еўфрасінні, пра што гаворыцца ў яе "Жыціі…", прыснілася незвычайнае. У сне анёл прывёў яе на бераг ракі Палаты каля Сяльца, дзе ў той далёкі час стаяла звычайная драўляная царква. Дзіўны сон паўтараўся тры разы. І Еўфрасіння адчула, што гэта Божы знак.
Адначасова, як сведчыць паданне, вядомы на Полаччыне таленавіты дойлід Іаан некалькі разоў на світанні чуў аднекуль з неба голас, які казаў яму: "О, Іаан, устань і ідзі на справу Уседзяржыцеля Спаса…".
У хуткім часе пасля размовы з дойлідам, Еўфрасіння загадала Іаану пабудаваць каменны храм у гонар Усеміласцівага Спаса. Знакамітая царква была ўзведзена ў рэкордна кароткі тэрмін – усяго за 30 тыдняў. Побач з ёй раскінуўся і манастыр.
Спаскі храм у Полацку - Sputnik Беларусь, 1920, 05.01.2023
Спаскі храм у Полацку, 2007
Пры жыцці святой Спаса-Прэабражэнскі храм быў распісаны фрэскамі, якія захаваліся да нашых дзён, нягледзячы на віхуру гістарычных падзей. Так, вядомы факт, што ў 1582 годзе кароль Рэчы Паспалітай Стэфан Баторый, чые войскі за тры гады да таго ўзялі Полацк, выдаў прывілей, згодна з якім перадаў манастыр са Спаскай царквой ордэну іезуітаў. Храм неўзабаве быў перабудаваны і ператварыўся ў касцёл, а старажытныя фрэскі пакрылі слоем вапнавай пабелкі. Маштабныя рэстаўрацыйныя работы пачаліся толькі напачатку 90-х гадоў XX стагоддзя.
Адноўлены ансамбль фрэсак прадстаўляе абсалютна ўнікальную з’яву ў культурнай спадчыне хармавага жівапісу. Па паўнаце захаванасці першапачатковага стану Спаскую царкву можна параўнаць толькі з ансамблямі Кіеўскай Сафіі і сабора Мірожскага манастыра ў Пскове.

У кожнага – свой крыж

Еўфрасінні Полацкай лёсам было адведзена пакінуць значны след у беларускай гісторыі. Яна застаецца натхніцелькай стварэння бадай што самай легендарнай беларускай святыні – знакамітага каштоўнага крыжа.
У 1161 годзе Еўфрасіння звярнулася да майстра-ювеліра Лазара Богшы, які зрабіў шасціканцовы крыж вышынёй – каля 52 см. Крыж быў выкананы з кіпарыса, абабіты залатымі і срэбранымі пласцінамі, упрыгожаны каштоўнымі камянямі і 20 абразкамі. Акрамя таго ў пяці паглыбленнях крыжа знаходзіліся хрысціянскія рэліквіі.
У час Вялікай Айчыннай вайны крыж быў выкрадзены. І дагэтуль дакладна невядома, дзе ён знаходзіцца.
© Photo : Public Domain / G.KomlewВыява крыжа Еўфрасінні Полацкай на паштовай марцы
Выява крыжа Еўфрасінні Полацкай - Sputnik Беларусь, 1920, 05.01.2023
Выява крыжа Еўфрасінні Полацкай на паштовай марцы
Але з благаславення былога патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі Філарэта падчас святкавання тысячагоддзя Полацкай Епархіі пачалася праца па аднаўленні згубленай рэліквіі. У 1997 годзе брэсцкім майстрам, Членам Саюза мастакоў Беларусі Мікалаем Кузмічом была зроблена вельмі дакладная копія крыжа, якая была аддадзена на захоўванне ў Спаса-Прэабражэнскую царкву.

Паломніцтва і вяртанне

У канцы свайго жыцця Еўфрасіння выправілася ў паломніцтва ў Святую Зямлю, дзе праз некаторы час неўзабаве памерла і была пахавана ў Іерусаліме.
Пасля захопу Іерусаліма мусульманамі труна з мошчамі полацкай княгіні была перанесена ў Кіева-Пячорскую лаўру.
Доўгі час Еўфрасінню шанавалі як святую на мясцовым узроўні. Былі спробы кананізацыі ў XVI стагоддзі, але афіцыйна яна стала агульнаправаслаўнай святой толькі ў 1893 годзе.
Дазвол на перанос мошчаў у Полацк быў выдадзены імператарам Мікалаем ІІ. І ў 1910 годзе з вялікімі ўрачыстасцямі рака з мошчамі святой вярнулася на радзіму. Зараз мошчы Святой Еўфрасінні знаходзяцца ў яе царкве.
© Photo : Полацкі Спаса-Еўфрасіннеўскі жаночы манастырУнутранае ўбранне Еўфрасіннеўскай царквы, 2000
Унутранае ўбранне Еўфрасіннеўскай царквы - Sputnik Беларусь, 1920, 05.01.2023
Унутранае ўбранне Еўфрасіннеўскай царквы, 2000

Першая жанчына, якая…

…заснавала праваслаўны манастыр;
…збудавала храм, што, дарэчы, стаіць і да сённяшняга часу;
…замовіла сусветна вядомы каштоўны крыж;
…атрымала цудатворны абраз Божай Маці, напісаны самім евангелістам Лукой;
…з’яўляецца першай у гісторыі асветніцай у Беларусі;
…стала першай усходнеславянскай праваслаўнай святой, якую, між інышым, прызнаюць усе хрысціянскія канфесіі;
…лічыцца самай вядомай нябеснай заступніцай і апякункай Беларусі;
…з’яўляецца адзінай хрысціянскай святой, да вобраза якой, як да ніводнага іншага, звярталіся ў сваіх паэтычных і празаічных прысвячэннях некалькі дзесяткаў знакамітых беларусаў – Кірыла Тураўскі, Сімяон Полацкі, Алесь Звонак, Рыгор Барадулін, Ларыса Геніюш, Данута Бічэль-Загнетава, Алесь Разанаў, Алег Лойка, Валянцін Лукша і многія іншыя.
© Photo : Полацкі Спаса-Еўфрасіннеўскі жаночы манастырАбраз прападобнай Еўфрасінні Полацкай з жыціем у 14 клеймах, 2006. Іканапісец Т. Жук. Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр
Абраз прападобнай Еўфрасінні Полацкай - Sputnik Беларусь, 1920, 05.01.2023
Абраз прападобнай Еўфрасінні Полацкай з жыціем у 14 клеймах, 2006. Іканапісец Т. Жук. Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр

Пролаг да Найпадобнай Маці Еўфрасінні

Ты зноўку маці, о Еўфрасіння,
Горада ўсіх жыхароў міласэрнасць,
Якая змагла ікону святую
Унесці здаля ў край Палачанскі…
Схіліся да ног нябёс уладара
Ды не пазбаў нас вышняга дару.
Упрасі, каб ізноўку вернутай быць,
Іконе святой Полацк наш упрыгожыць.
Ойчы горад твой, аб ім ты падбай.
Хрысту жаніху ўнявесціся ты.
Толькі наш горад бо ўпрыгожвае
Дзевы абраз і паўсюль услаўляе,
Колькі сонцам неба прывечана,
Яснымі зорамі цудна аздоблена.
Гораду Полацку – умацаванне,
Падмога, стоўп, сцяна й запора.
Як немагчыма без сонца жыць,
Так нам без гэтага дару не быць.

Сімяон Полацкі
© Sputnik / М. Юрченко / Перайсці ў медыябанкСпаса-Ефрасіннеўскі манастыр у Полацку. На заднім плане - Спаская царква XII стагоддзя, у якой малілася сама Еўфрасіння Полацкая
Спасо-Евфросиниевский монастырь в Полоцке. На заднем плане - Спасская церковь XII века, в которой молилась сама Евфросиния Полоцкая - Sputnik Беларусь, 1920, 05.01.2023
Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр у Полацку. На заднім плане - Спаская царква XII стагоддзя, у якой малілася сама Еўфрасіння Полацкая

Цень Еўфрасінні

Па руінах разбураных келляў,
Там, дзе зеўраюць з трэшчын вякі,
Я спускаўся ў твае падзямеллі,
І спалохана ў пальцах трымцелі
Свечак доўгія языкі…

Пачарнелыя глыбы скляпенняў,
Лабірынты бясконцых хадоў
Праглыналі дрыготкія цені…
Быў, як мудрасці сімвал нятленны, –
Сцёрты надпіс далёкіх гадоў.

Сустракалі няветліва госця,
Не ўставалі з сатлелых грабніц
Мудрых продкаў пажоўклыя косці…
А жылі ж, пракліналі кагосьці,
Перш чым пасці закутымі ніц.

Пахла воскам у прыцемку сінім.
І здавалася, з дна тайнікоў
Свецяць вочы Вялікай Княгіні…
Гэта здань твая, Еўфрасіння,
Мільганула з глыбінь вякоў!

Алесь Звонак
© Photo : Беларуская праваслаўная царкваУ Полацку знайшлі пячатку, якая належала Еўфрасінні Полацкай і манастыру, які яна заснавала
У Полацку знайшлі пячатку, якая належала Еўфрасінні Полацкай і манастыру, які яна заснавала - Sputnik Беларусь, 1920, 05.01.2023
У Полацку знайшлі пячатку, якая належала Еўфрасінні Полацкай і манастыру, які яна заснавала

Еўфрасіння Полацкая

Сонца над брамай без руху.
Манастырская брама.
Неспатольная скруха,
Безвыходная драма.

Мір табе, Еўфрасіння!..
Посах твой не прыстане,
Над Іарданам сінім
Скончыцца выпрабаванне.

"Прэч, мірскія спакусы!..
Вечная Богу слава!.."
У раба Ісуса
Волі шукае Прадслава,

Праўды шукае, міру
I жывым, і магілам,
Шчасця – ніцым, сірым,
Бедным, галодным, хілым.

Над Іарданам сінім
Скончыцца выпрабаванне…
Мір табе, Еўфрасіння!..
Посах твой не прыстане!..

Сонца над брамай без руху.
Манастырская брама.
Неспатольная скруха,
Чалавецтва драма.

Алег Лойка
© SputnikПатрыярх Кірыл на Богаслужэнні ў Полацку
Патриарх Кирилл на Богослужении в Полоцке - Sputnik Беларусь, 1920, 05.01.2023
Патрыярх Кірыл на Богаслужэнні ў Полацку

У Полацкай Спаса-Ефрасіннеўскай царкве

Перад спакойнай веліччу замры.
Насельніцтва славянства маладога
Плячыма грэе стылыя муры,
Кароцячы вачыма шлях да Бога.

Не на пякельным – на жывым жвіры
Святыя, як ратаі, басанога
Стаяць, хоць штовякова пласт сыры
Кладзе на іх абліччы асцярога.

Душы і фрэсцы хочацца раскрыцца.
На ветры часу стыне веры крыца.
Красой падзольнай думку расцвялі.

У крыжакрылай келлі Еўфрасінні
Згадаецца акрайчык неба сіні
І посах, што падаўся ў бабылі.

Рыгор Барадулін
© Photo : Информационный портал "Собор"Выяўленая пры даследваннях фрэска
Выяўленая пры даследваннях фрэска - Sputnik Беларусь, 1920, 05.01.2023
Выяўленая пры даследваннях фрэска

Крыж Еўфрасінні Полацкай

Пра талент кажуць:
Гэта ўсё –
Ад Бога,
Бо сам сябе ніяк не аббяжыш…
У прыцемках майстэрні
Лазар Богша
Рабіў для слыннай Еўфрасінні крыж.

Маліўся,
Каб ні ў чым, ні ў чым не схібіць,
Не падвяла каб спрытная рука…
Крыж паўставаў анёлкам светлым,
Нібы
Лёс вызначаў яму жыццё ў вяках.

Той крыж-каўчэг ўсім вернікам на радасць
Павінен увабраць, як акіян,
І з Іерусаліма,
І з Царграда
Рэліквіі для існых хрысціян.

Тварыўся крыж шасціканцовы светлы,
Нібыта самы шчасны шосты сон,
Як сімвал,
Што згінаўся над Сусветам
Бог цэлых шэсць цяжкіх стваральных дзён.

Пачнём у дым стагоддзяў углядацца, –
Убачым верх святыні праз туман.
Хрыста убачым,
Побач – Богамаці,
А побач і Прадцеча Іаан…

Прыцішваем дыханне ўрачыста,
І як наяве мы ўбачым зноў
У сонечным святле евангелітсаў
Яе святую
І яе бацькоў.

Цяпер і плату атрымаць някрыўдна –
Бог сэрца на імгненне азарыў…
І ў кашальку плюскоча сорак грыўняў –
То шкур лісіных сотні паўтары.

Не быў ніколі геній звышбагаты,
Хутчэй за ўсё было наадварот…
Ён стомлена вяртаецца ў хату –
І спеліцца ў душы мільён турбот.

Валянцін Лукша
Чытайце таксама:
Як выглядала Еўфрасіння Полацкая: іканаграфія святой
На рэстаўрацыю Спаса-Праабражэнскай царквы выдзеляць больш за мільён
Археолагі знайшлі ўнікальныя сутарэнні Спаса-Прэабражэнскага храма ў Полацку
Царква Еўфрасінні Полацкай выглядала не так, як зараз
Навукоўцы знайшлі пячатку Еўфрасінні Полацкай
Стужка навiн
0