"Зажурыла беллю паплавы, лугі…": зімовыя вобразы роднага краю ў вершах
Зімовае
Прыемна праімчацца ўзімку.
З-пад капытоў клубкі-камы.
Не знаю гарачэй абдымкаў
За тых, што ў нашае зімы.
Імчыш. За лесам за высокім
Мільгае месяц, што ліхтар,
Мароз як пацалуе ў шчокі,
Ажно ўсяго кідае ў жар.
Здаецца, вецер закалыша,
Над коньмі пара, нібы дым,
І санкі так на снезе пішуць,
Што пазайздросціць можна ім!
Завіруха
У бубны дахаў вецер б’е,
Грыміць па ім, звініць, пяе,
I спеў ліецца ўсё мацней, –
Гулянку справіў пан Падвей.
У бубны дахаў вецер б’е,
Грыміць па ім, звініць, пяе.
Ўскіпела снежнае віно,
I белай пенай мкне яно.
У бубны дахаў вецер б’е,
Грыміць па ім, звініць, пяе.
Па вулках вее дзікі хмель,
Гудзіць сп’янелая мяцель.
* * *
Падаюць сняжынкі –
дыяменты-росы,
Падаюць бялюткі
за маім акном...
Расчасалі вішні
шоўкавыя косы
I ўранілі долу
снегавы вянок.
Дзесьці у прасторах
празвінелі бомы.
Дацвілі пялёсткі
нейчае тугі...
Адхінае вечар
тонкія мярэжы,
На акне альвасы
дагарэлі ў сне,
А ў душы квяцістасць,
і такая свежасць,
I з вачэй усмешкі
сыплюцца на снег.
Зноў зіма паслала
снежныя кілімы,
Зажурыла беллю
паплавы, лугі,
I прыходзіць радасць
у красе маўклівай.
Адплываюць хвілі
смутку і тугі...
А сняжынкі сеюць
кволую імглістасць,
Падаюць бялюткі
за маім акном,
I цвіце на вішнях
снежная ўрачыстасць,
Сцелецца на скронях
перад раннім сном.
Хочацца навеяць
казкі-таямніцы
Гукамі мелодый,
радасцю без слоў.
I застылі сцені
у маёй святліцы,
Засынаю... Сніцца
роднае сяло.
Мароз
Іду я, сняжысты, ўсясільны,
Па сцежках-пуцінах пустых,
I ночкай і днём безупынна
Пільную абшараў сваіх.
Бязмежна, ўладарна паную
Пад сховаю пушчавых вех,
Каронаю бор мне зялёны,
А тронам-пасадам бел снег.
Палац мой – лес буйны, вяцвісты –
Ірдзіцца брыльянтамі скрозь,
Мне воўк і мядзведзь у паслугах,
Мне служаць вавёрка і лось.
Як пухам, сняжком пасыпаю
I хвою, і ёлку, і клён;
Хто ў госці ка мне забярэцца,
Тулю тых, галублю іх сон.
I казкі шапчу ім аб шчасці,
I цемру зганяю з вачэй...
Хадзіце, хадзіце к Марозу!
Хадзіце ў госці хутчэй!
Зіма
Сыплецца мяккі, пушысты сняжок,
Белаю коўдрай накрыўся лужок,
Лес нерухома стаіць за сялом.
Рэчка замоўкла пад тоўстым ільдом.
Птушкам знайсці зараз ежу цяжэй.
– Дзеці! Змайструем кармушкі хутчэй!
Зерне насыплем – хай птушкі дзяўбуць,
Песню ўдзячную нам прапяюць.
Пайшоў коўзацца каток
Пайшоў коўзацца каток
На рачулку, на лядок.
Як імчаўся, на хаду
Праваліўся ў ваду.
Замачыў ён чаравічкі,
I касцюм, і рукавічкі.
Нетрывалы быў лядок,
Непаслушны быў каток.
А яму ж казала маці,
Каб лавіў мышэй у хаце,
Каб маленькіх калыхаў
I на печы цёплай спаў.
Зіма
Сінічка-сястрычка,
ля вокнаў звіні,
сінімі будуць
марозныя дні.
Сіняе неба,
сіні лясок,
сіняй рачулкі
даўгі паясок.
Сінічка,
ты крыламі
сінь расхіні
і сонцу чырвонаму
ў вочы зірні!
Паружавее
ракі паясок,
павесялее сіні лясок.
Казачны лес
Лес апрануўся ізноў у абноўку,
Дрэў барадатых застылі рады,
Быццам сюды кожны год на зімоўку
З казак народных прыходзяць дзяды.
Ціш непарушная. Толькі з галіны
Часам абваліцца снегу камяк.
Нібы шматкроп’е, след свежы лісіны.
Побач прабег палахлівы бяляк.
Ён паскакаў – і падаўся на лёжку.
Дзік вунь мурашнік разрыў пад сасной...
Так і хаджу, і чытаю патрошку
Кнігу – аповесць прыроды лясной.
Ветла к сабе запрашае паляна,
Каб адпачыў я, прысеў на пянёк.
Я не адмовіўся б, ды нечакана
Гасне зімовы кароткі дзянёк.
Хоць неахвота, прызнацца, самому,
А пакідаю лясную красу.
Крочу наўпрост цераз поле дадому,
З лесу зімовую казку нясу.
Крыжадзюб
Зіма. Такі мароз стаіць,
Аж крэкча волат-дуб.
Спявае ў ельніку, звініць
Маленькі крыжадзюб.
Зялёны лес – ягоны дом,
Чаго тут сумаваць?
Шукай харчы пагодным днём,
Дзяцей вучы лятаць.
Бадзёры у яго настрой.
Забыўшыся пра сон,
Як шылцам, дзюбачкай сваёй
Цярэбіць шышку ён.
У старадрэвінах бяроз –
Калыска для дзяцей.
Яго не страшаць ні мароз,
Ні злосны гуд завей.
Іду, лыжня бяжыць за мной
Услед, не адстае.
Замоўкла ў лесе ўсё зімой,
А крыжадзюб – пяе.