"Мой край азёрны...": шляхамі паэзіі Петруся Броўкі
Творчасць маладога Броўкі
Эпічнасць у творах ваеннага часу
Вобразнасць і лірычнасць у сталы перыяд
Мой горад
Нямала гасцей наязджае да нас.
Бываюць
Здалёку і зблізку, –
Пабачаць заводы, агледзяць калгас,
Гуляюць па вуліцах Мінска.
Ім помніцца, як бушавала вайна,
Чуваць было нашу краіну.
Дазнацца жадаюць:
– А што за яна?.. –
Індусы, французы і фіны.
Аб ёй жа хадзіла нямала размоў,
Дзе ж волаты храбрыя тыя?
Тут сонечных, звонкіх
Нямала дамоў,
А ціхія людзі такія.
Так, мы патрыёты такога жыцця,
Хачу ж, каб герояў спазналі, –
Рука,
Што так песціць ласкава дзіця,
Бывае мацнейшай ад сталі.
А горад мой светлы. І пэўна з таго,
Чым далей,
Тым болей ён ззяе,
Што светла сумленне народа майго,
Што лёс яго светлы чакае.
Дарога блізкая…
З Мінска да Масквы – дарога блізкая,
Гэтую дарогу я люблю –
Пад крыламі
Воблакі пабліскваюць;
Зрэдку дзе аконцы на зямлю.
А праз іх – хаціны, што гарошыны,
Возера не возера – ставок!
Лес
Зялёнай хусткаю пад Оршаю
І Дняпра ў Смаленску паясок!
Час ідзе.
Гляджу на дол, вышукваю, –
Дзе ж Масква?
Хвалююся ўвесь час.
Раптам
раскрываецца Унукава,
Вострым шпілем заклікае нас.
Пад крылом праменнямі азначаны,
Зоркамі успыхнуўшы, узнік –
МДУ,
Нібы той віцязь казачны,
Першы ад сталіцы прадстаўнік.
Селі мы. За ўсім з натхненнем сочачы,
Бачым – колькі птахаў там стаіць.
Падплывае лебедзь наш, вуркочучы,
Да свае крылатае сям’і.
Я сыходжу на зямлю маскоўскую,
Быццам як дадому я прыйшоў.
Поціскі
Гарачыя, сяброўскія…
Колькі ў нас таварышаў-сяброў!
Мы навек ў Маскве тут парадніліся.
Горад родны, сэрцу дарагі!
З Мінска тут,
І з Кіева, і з Вільнюса
Перакрыжаваліся шляхі.
З радасцю, надзеяй і клапотамі
Да Масквы імкне струмень жывы…
Ўнукава!
Нябеснымі варотамі
Шлях нам адкрываеш да Масквы!
Над Свіцяззю
Лісце пажоўклае, шэрае
Ціха шасціць пад нагамі,
Толькі дубы па-над Свіцяззю
Меднымі звоняць лістамі.
Вецер над хвалямі ўзносіцца,
Крыллі мацней распраўляе…
З кронаў вячыстых, узрушаных
Лісце спадаць не жадае.
Прагна дубы прыглядаюцца
На зарунеўшыя гоні,
Даўнія дні ўспамінаючы,
Голле з лістамі гамоніць.
Постаць згадалі бунтарскую,
Рысы задумнага твару,
Думы паэта крылатыя, –
Тыя, што нішчылі хмары.
Нёс ён да сэрца народнага
Сэрца любові і ласкі,
Словы ён чуў беларускія,
Песні, паданні і казкі.
Чэрпаў з народнае мудрасці
Сказы аб горы і славе…
Колькі ў вянку яго песенным
Іх, незабыўных, яскравых!
Колькі ў паэзіі закліку
Супраць прыгнёту і здзеку!
Помняць усюды Міцкевіча,
Бо палюбілі навекі.
Славяць палі Навагрудчыны
Генія мараў высокіх,
Чуюць дубы па-над Свіцяззю,
Чуюць натхнёныя крокі!
Сэрца
Чырвоны камочак.
Ну што ў ім, здаецца,
Трапечацца ж,
б’ецца,
спачыну не знае…
Калі прыгадаеш маленькае сэрца,
Чаго яно толькі ў сабе не змяшчае!
Шмат дзён перажытых,
І хмурых і ясных,
І моры, і горы,
і рознага многа…
А я вось даўно, ад маленства, выразна
Праз сэрца сваё адчуваю дарогу.
Ляжыць яна роўнай,
Стралою нібыта,
То раптам, як стужка,
закружыць,
заўецца –
Чым далей іду я, чым больш перажыта,
Тым больш успамінаў на ёй застаецца.
Ёсць людзі,
Што ў сэрцы сябрамі гасцілі,
Прайшлі той дарогай
хвіліну якую,
Прайшлі яны, дрэўцы на ёй пасадзілі,
А тыя цвітуць, і цвітуць, і красуюць.
А ёсць і такія,
Што, носячы камень,
Стараюцца кінуць,
між іншым,
як быццам, –
Усцелюць дарогу згрызот валунамі,
Змагаецца сэрца,
каб як іх пазбыцца.
Балюча бывае,
Што засцяцца вочы,
Нямала іх здолела
цяжка параніць –
Кідаюся хворы на ложку праз ночы,
Але з перамогай страчаю світанне.
Хай твар мой,
Бывае, збялее, што кужаль,
Днём новым я лекі знаходжу,
іх мноства –
І зноўку выходжу бадзёры і дужы,
І сэрца раскрыта маё для сяброўства.
Вам скажуць сосны
Навала пройдзе. I калі
Ізноў засвеціцца свабода, –
Вам скажуць сосны, як жылі
Мы ў дні вялікай непагоды.
I колькі ў шумных гушчарах
Народных дум было сабрана,
I колькі на сівых імхах
Гарачых слёз парассыпана.
Як мы жылі ў барах густых,
Каб ратавацца ад прымусу,
Як з кожным дрэвам, што з жывым,
Вялі параду беларусы.
Родныя словы
Яны даспадобы мне, хай і старыя,
Не толькі ў гучанні хвалюючы змест.
Як многа гавораць мне назвы такія –
Мінск,
Пінск,
Брэст.
Калі паразважыш, няцяжка дазнацца,
Бо сведчаць на ўсю неабсяжную шыр,
Што продкі любілі спакойную працу –
Шклоў,
Клецк,
Мір.
А вораг находзіў, – бязлітасна білі,
Трываць не хацелі абразы і слёз,
І разам з Бярозаю катаў тапілі –
Пціч,
Друць,
Сож.
Дзяды і бацькі нашу мову стваралі,
Каб звонка звінела, была, як агонь.
У сёлаў імёны, як гукі цымбалаў, –
Блонь,
Струнь,
Звонь!
Слава дружбе!
Ад прадвеку, як вядома,
Праз бары,
Палі з гаямі
Нас з Літвой яднае Нёман,
Даугава – з латышамі.
Па-сяброўску,
Шчыра ў вочы
Мы друг другу ў твар глядзелі,
Ды хваліцца не было чым,
Мы аднолькава гібелі.
Бедавалі, гаравалі,
Зналі
Здзекі ды пагрозы…
З Беларусі неслі хвалі
Дзень пры дні людскія слёзы.
I з другога боку,
З мора,
Мчаўся вецер засмучоны:
Там людзей трымалі ў горы
Каты – чорныя бароны.
I не раз вялі размовы
Аб гадах цяжкіх, праклятых
Беларус,
Латыш,
Літовец
Па-над возерам Дрысвяты.
Заклікалі сваю долю,
А яна была такою –
Цемра ў небе,
Цемра ў полі,
Цемра-бездань пад вадою.
Ды не тое там сягоння –
Адышла
Бяда з гадамі,
Дзень і ноч народ гамоніць,
Гул стаіць над берагамі.
Экскаватар бездакорна
Грунт раўнуе,
Расчышчае,
Мінскі трактар возіць бёрны,
Кран дзюбасты пахаджае.
Праца дружная ў суседзяў,
Можна толькі падзівіцца –
Хто з пяском,
Хто з цэглай едзе,
Хто падвозіць чарапіцу.
Хто стаіць пры распілоўцы,
Хто з машын
Здымае грузы…
Ладзяць станцыю літоўцы,
Латышы і беларусы.
I яны,
Што назаўсёды
Думы й сэрцы паядналі,
Шчыра "Дружбаю народаў"
Гэту станцыю назвалі.
Вышай сосен
Ў хуткім часе
Закрасуе пабудова,
I не толькі ў трох калгасах
Ўспыхнуць лямпы Ільічовы.
Не над возерам адзіным
Бляскам срэбра разліюцца –
Іх праменні
Па краіне
Ў кожным сэрцы адаб’юцца.
Іх святло,
Што ярка свеціць,
Разгарацца болей будзе –
Іх святло далёка ў свеце,
Як надзею, ўбачаць людзі!
Хор
Як толькі вецер стане гушкаць
Уранні кволыя лісты –
Так заспяваюць дружна птушкі,
Што з мёртвых можаш ўзняцца ты.
То салавей зальецца ўдала,
То шпак пасобіць ценарком –
Адзін ударыць на цымбалах,
Другі пацягне, што смычком,
Зязюлі закуваюць чуйна,
Далёка іх імчыцца гук.
I нават дзяцел б’е задумна
Па барабану: тук-тук-тук.
Жаўрук у небе недасяжным
Нібы званкамі зазваніў,
I верабей з двара паважны
Азваўся ціха, што ён жыў.
Мой кут прыгожы ў хоры веснім,
Здаецца, сам я ў ім пяю…
I я ўстаю насустрач песні,
Насустрач сонейку ўстаю!
Яра!.. Яра!..
Слаўны братні горад Прага!
Да цябе любоў, павага –
Глыбі Влтавы, высь Градчанаў,
Вецер з гор мяккі, вясняны,
Чырвань сцягаў, шум бульвараў,
Маладой ліствы пажары…
Яра!.. Яра!..*
Фестываль. Музыкі граюць
З Чылі, з СССР, з Кітая,
I з Балгарыі, і з Польшчы…
Прагна слухае рабочы,
Праца з песняй уладарыць,
Колькі радасці на тварах…
Яра!.. Яра!..
Кліч: "З савецкім мы народам
Назаўжды" – лунае горда.
Як з ручайкаў сталі рэкі,
Так зліліся мы навекі.
Ні дратоў, ні тых жандараў –
Так збылася наша мара.
Яра!.. Яра!..
*Яра – па-чэшску – вясна.
Мой край азёрны
Мой край азёрны, край люстраны,
З таемнай гутаркай лясной,
Чым да цябе я прывязаны,
Што ты заўсёды прада мной?
Гартаю час здалёку, зблізку,
Каб адшукаць той даўні дзень,
Калі пад спевы над калыскай
Пазнаў я пах смалістых сцен.
З тых дзён зрадніўся я з табою,
З табой з’яднаўся назаўжды –
На пасце торбай і трубою,
Ядою з хлеба і вады,
Салоўкі спевам на світанні,
Дзіцячай шумнаю гульнёй,
Чуццём юнацкага кахання
I ў полі першай баразной.
З табой зраднілі ручаіны,
На пожнях золкая раса,
I позірк сумнае хаціны,
I маці шчырая сляза.
Мой край азёрны, край люстраны!
I сёння я з табою ўвесь –
З палямі, з трактарам старанным,
З табою, неўгамонны лес.
Хіба яшчэ аб нейкім шчасці
Памарыць можа чалавек?..
Як неадлучны сын ад маці,
Вось так і я з табой навек!