МІНСК, 3 сту — Sputnik. Адмену роўмінгу паміж Беларуссю і Расіяй зноў абмяркуюць прадстаўнікі профільных міністэрстваў, паведаміў міністр сувязі і інфарматызацыі Сяргей Папкоў у інтэрв'ю часопісу "Эканамічныя стратэгіі".
Беларусы і расіяне па-ранейшаму карыстаюцца паслугамі сувязі ў роўмінгу. Па словах міністра сувязі і інфарматызацыі Сяргея Папкова, пытанне яго адмены ўздымалі на пасяджэнні Савета міністраў Саюзнай дзяржавы ў Гомелі 8 снежня і плануюць працягваць абмеркаванне.
Адмяніць роўмінг могуць пры дапамозе агульнай дарожнай карты, якая дапаможа аператарам Расіі і Беларусі сумесна ажыццяўляць практычную рэалізацыю мерапрыемстваў. Больш дэталёва прапанову разгледзяць у першым квартале гэтага года.
Мінсувязі ўжо правяло маніторынг паказчыкаў па паслугах роўмінгу, якія даюць беларускія аператары, а зараз плануе вызначыць далейшую стратэгію і высветліць, якія тэхнічныя і адміністрацыйныя мерапрыемствы прыйдзецца рэалізаваць аператарам, калі роўмінг будзе вырашана адмяніць.
Да 2020 года ў краінах — удзельніцах ЕАЭС павінен быць усталяваны адзіны падыход да цэнаўтварэння на паслугі электрасувязі, адзначыў Папкоў.
Нагадаем, прапанова аб адмене роўмінгу паміж краінамі паступіла ў чэрвені 2017 года ад кіраўніка Савета Федэрацыі Расіі Валянціны Мацвіенка. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ідэю падтрымаў.