Беларусь падарыла Ватыкану факсімільнае выданне кніг Скарыны

Папа Рымскі Францыск знайшоў час для кароткай размовы з беларускім паслом Алейнікам.
Sputnik

МІНСК, 10 сту — Sputnik. Пытанні ўзаемаадносін Беларусі і Святога Прастола былі абмеркаваныя ў Ватыкане, Мінск падарыў папскай бібліятэцы факсімільнае выданне кніг беларускага першадрукара Францыска Скарыны, паведамілі ў МЗС Беларусі.

Алесь Суша: мова аўтарскіх тэкстаў Францыска Скарыны - старабеларуская

8 — 11 студзеня 2018 года праходзіць візіт у Ватыкан Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Беларусі ў Вялікабрытаніі і пры Святым Прастоле па сумяшчальніцтве Сяргея Алейніка. Пасол прыняў удзел у навагодняй аўдыенцыі Папы Рымскага Францыска для дыпкорпуса, акрэдытаванага пры Апостальскай Сталіцы, падчас якой адбылася кароткая размова Алейніка з Пантыфікам.

"У Ватыкане былі абмеркаваны актуальныя пытанні далейшага развіцця двухбаковага супрацоўніцтва, узаемадзеяння ў міжнародных арганізацыях, адбыўся абмен думкамі аб сітуацыі ў рэгіёне", — паведамілі Sputnik у сераду ў МЗС Беларусі.

Там дадалі, у рамках візіту Алейніка ў Ватыкан праведзены таксама сустрэчы з Дзяржсакратаром Святога Прастола кардыналам П'етра Паралінам, з кіраўніком МЗС Ватыкана арцыбіскупам Полам Галахерам і старшынёй Папскай рады па садзейнічанні хрысціянскаму адзінству кардыналам Куртам Кохам.

Пасол Алейнік падчас сустрэчы з прэфектам Ватыканскай Апостальскай бібліятэкі Чэзарэ Пасіні перадаў у дар Ватыканскай бібліятэцы ад Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі факсімільнае выданне "Кніжная спадчына Францыска Скарыны".