МІНСК, 10 сту — Sputnik. Залацісты шакал папоўніў афіцыйны спіс млекакормячых Беларусі, паведамілі Sputnik у Нацыянальным парку.
"Рэдкі для Беларусі від быў здабыты падчас палявання ў ваколіцах в. Хабовічы Кобрынскага раёна. З мэтай ідэнтыфікаваць невядомую жывёлину інфармацыя і фатаграфіі былі размешчаныя на паляўнічым інтэрнэт-форуме. Аператыўная сувязь дазволіла не згубіць найкаштоўнейшы асобнік — тушка і шкура жывёлы трапілі ў рукі навукоўцаў. Узоры тканін былі заспіртаваны і адпраўленыя ў Мінск", — расказаў супрацоўнік навуковага аддзела нацыянальнага парка Вадзім Пракапчук.
Дэталёвы аналіз ДНК, праведзены спецыялістамі навукова-практычнага цэнтра Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз з выкарыстаннем міжнароднай базы дадзеных, пацвердзіў, што ўзоры тканін належаць даросламу самцу залацістага шакала.
"Такім чынам, гаворка ідзе пра новы, 82-гі па ліку від у тэрафаўне Беларусі. Знакавым з'яўляецца менавіта тое, што гэта першы асобнік, для якога ёсць поўная навуковая атрыбутыка: этыкетка, чэрап, шкура, генетычныя ўзоры", — адзначыў Вадзім Пракапчук.
Залацісты шакал галоўным чынам насяляе паўднёвыя раёны Еўропы, Азіі. У апошнія гады назіраецца пашырэнне арэалу яго пражывання з істотным прасоўваннем на поўнач. Так, звера ўжо неаднаразова бачылі ў Польшчы, Літве, Латвіі.