Пяты этап "Дакара": сышлі Каракін і Леб, Вязовіч фінішаваў другім

Два другігх МАЗа ў выніковым заліку займаюць 15 і 18 радок, экіпаж Вішнеўскага атрымаў сутачную пеналізацыю.
Sputnik

МІНСК, 11 сту — Sputnik. МАЗ з бартавым нумарам 512, якім кіруе Сяргей Вязовіч, фінішаваў другім у заліку грузавікоў у ходзе пятага этапу ралі-рэйду "Дакар-2018", які праходзіць у Паўднёвай Амерыцы.

Няпросты "Дакар": Вязовіч з прабітым патрубкам уварваўся ў топ-3

Пераможцам этапу зноў стаў Эдуард Нікалаеў на КамАЗе, МАЗы Аляксандра Васілеўскага і Аляксея Вішнеўскага фінішавалі на 8 і 11 месцах адпаведна. Выніковы залік узначальвае Нікалаеў, у 58 хвілінах ад лідара — аргентынец Фрэдэрыка Вілагра на Iveco, які займае трэці радок, Вязовіч прайграе ўладальніку першага месца амаль 2,5 гадзіны.

Васілеўскі ў выніковай класіфікацыі займае 15-ы радок. Арганізатары дадалі да часу Вішнеўскага 24-гадзінны штраф, і цяпер 503-і МАЗ размяшчаецца на 18-ай пазіцыі.

У заліку пазадарожнікаў лідэрства за французам Стэфанам Петэранселем, другі — іспанец Карлас Сайнс. Каманда Peugeot пасля пятага этапу недалічылася аднаго з экіпажаў — сышоў Себасціян Леб. Машына француза перавярнулася, і траўму атрымаў штурман раліста — Даніэль Элена. Пасля сходу Леба трэці радок заняў галандзец Бернхард тэн Брынке на Toyota. Раней, у час трэцяга этапу, гонку пакінуў яшчэ адзін пілот — Нані Рома атрымаў траўму галавы.

Французскі гоншчык Адрыян ван Б'юэран па-ранейшаму ўзначальвае залік матацыклістаў. У хвіліне ад лідара — аргентынец Кевін Бенавідэс, на трэцяй пазіцыі — аўстрыец Маціяс Уокнер. Квадрацыклісты пазбавіліся дзеючага чэмпіёна — расіянін Сяргей Каракін зламаў запясце і пакінуў гонку. Залік узначальвае чыліец Ігнасіа Касаль, на другім месцы — перуанец Адрыян Эрнандэс, трэці — аргентынец Пабла Капеці.

У ходзе шостага этапу гонкі, які стартуе ў чацвер, экіпажы перасякуць мяжу Пяру і Балівіі. Гоншчыкаў чакае хуткасны спецучастак, частка якога пройдзе ўздоўж знакамітага возера Ціцікака.