Факультатыў па фінансавай граматнасці з'явіцца ў беларускіх школах

Праграма факультатыўных заняткаў па асновах фінансавай граматнасці разлічана на вучняў 8-ых і 9-ых класаў.
Sputnik

МІНСК, 16 сту — Sputnik. Праграму факультатываў па асновах фінансавай граматнсаці для вучняў 8-9 класаў ужо зацвердзіў Нацыянальны інстытут адукацыі, паведамляе прэс-служба Мінадукацыі РБ.

Ёсць пытанне: калі будуць дадатковыя канікулы ў вучняў малодшых класаў

Плануецца, што факультатывы будуць праходзіць адзін раз на тыдзень, а курс у цэлым зойме 35 гадзін. Вучэбная праграма разлічана на два гады.

Восьмыя класы чакаюць такія раздзелы, як: "Сямейны (асабісты) бюджэт", "Уласнасць і зберажэнні", "Запазычанні" і "Прафесіі ў фінансавай сферы".

У дзевятым класе вучняў пазнаёмяць з тэмамі "Грошы і грашовы абарот", "Лічбавы банкінг", "Інвестыцыі" і "Падаткі і зборы".

"Укараненне асноў фінграматнасці падрыхтуе кадры, узброеныя ведамі і навыкамі для эфектыўнай і кампетэнтнай працы ва ўмовах рынкавых зносін", — адзначылі ў міністэрстве адукацыі.

Плануецца, што акрамя агульнага развіцця, беларускія дзеці такім чынам таксама змогуць падрыхтавацца да ўдзелу ў Алімпіядзе па фінграматнасці, якую Мінадукацыі сумесна з Нацыянальным банкам краіны штогод праводзяць сярод вучняў 10-11 класаў.

У распрацоўцы праграмы прымалі ўдзел спецыялісты Нацыянальнага банка Беларусі і Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі. Падрабязна азнаёміцца са зместам праграмы можна на сайце Нацыянальнага адукацыйнага партала.