МІНСК, 16 сту — Sputnik. Мінскія выратавальнікі дапамаглі выцягнуць ката, які захрас пад кіёскам "Белсаюздруку", пра гэта паведамілі ў Мінскім гарадскім упраўленні МНС.
Пацешны выпадак са шчаслівым канцом адбыўся сёння раніцай на прыпынку грамадскага транспарту па вуліцы Маякоўскага. Жанчына везла свайго ката ў ветэрынарную клініку, ён спалохаўся, вырваўся ў яе з рук і схаваўся пад кіёск "Белсаюздруку". Самастойна дастаць жывёлу яна не змагла: кот затрымаўся.
"Жанчына выклікала ратавальнікаў. Работнікі МНС з дапамогай гідраўлічнага інструмента прыпаднялі кіёск, дасталі жывёлу і перадалі гаспадыні", — распавялі ў ведамстве.
Падобныя выпадкі не ўваходзяць у кампетэнцыю МНС і кожная сітуацыя, калі дапамога патрэбна жывёлам, разглядаецца індывідуальна. Тым не менш, ратавальнікі адгукаюцца на заклік аб дапамозе, калі ў іх ёсць такая магчымасць.