Пачаўся конкурс апавяданняў пра Мінск сярод маладых пісьменнікаў

Літаратурны конкурс "10+10: Мінск" ад фестывалю "Горад і Кнігі" аб’яднае беларускіх пісьменнікаў і ўсіх, хто любіць горад Мінск.
Sputnik

МІНСК, 17 сту — Sputnik. У 2018 годзе фестываль "Горад і Кнігі" пройдзе 18-19 траўня, але далучыцца да яго можна ўжо зараз. Арганізатары абвясцілі літаратурны конкурс апавяданняў пра Мінск — на беларускай мове, паведамілі Sputnik у аргкамітэце конкурса.

"Творы канкурсантаў-пераможцаў увойдуць у зборнік побач з тэкстамі знакамітых беларускіх аўтараў. Наша мэта: заахвочванне і падтрымка літаратурнай творчасці маладых людзей Беларусі, папулярызацыя чытання, нацыянальнай мовы і літаратуры", — распавялі арганізатары.

Як нарадзіўся спецпраект "10+10"

Арганізатары папрасілі 10 знакавых пісьменнікаў напісаць апавяданне на пэўную тэму — Мінск. Сярод аўтараў, якія ўвойдуць у зборнік — Людміла Рублеўская, Міхаіл Валодзін, Адам Глобус, Раіса Баравікова, Ганна Севярынец, Маргарыта Латышкевіч, Андрэй Жвалеўскі і Яўгенія Пастэрнак, Надзея Ясмінска, Алена Мальчэўская і Уладзімір Садоўскі.

Апроч вядомых пісьменнікаў у зборнік яшчэ ўключаць 10 апавяданняў ад аўтараў-навічкоў, якіх адбяруць праз конкурс.

Літаратурны конкурс "Экслібрыс" імя Скарыны абвесціў прыём прац

"Да 1 сакавіка на конкурс прымаюцца празаічныя творы, раней нідзе не апублікаваныя, аб'ёмам да 12.000 знакаў. Тэма твораў — Мінск (ва ўсіх яго праявах). Мова конкурсу — беларуская. Удзельнікам можа стаць любы грамадзянін Беларусі ва ўзросце 18-30 гадоў. Лепшыя творы — для публікацыі ў зборніку — будуць абраныя прафесійным журы, у склад якога увойдуць арганізатары конкурсу", — распавялі пра ўмовы конкурса ў аргкамітэце.

Зборнік будзе прэзентаваны на фестывале 18-19 траўня. Частка накладу будзе перададзена бібліятэкам краіны. Апавяданні пераможцаў таксама будуць надрукаваныя ў часопісе "Маладосць". А творы аўтараў з першай дзесяткі можна будзе прачытаць на старонках выданняў партнёраў праекта яшчэ да выхаду зборніка.

Больш падрабязна пра конкурсныя ўмовы чытайце тут

"Горад і Кнігі" — гэта ўнікальная кніжная падзея Беларусі, арганізаваная сіламі валанцёраў, закаханых у кнігі. Тры гады фэст актыўна набіраў абароты, абрастаў новымі праектамі і наведвальнікамі. За гэты час у яго рамках прайшло больш за 300 кніжных і літаратурных мерапрыемстваў, якія наведала больш за 16 000 чалавек.