Цыклон "Фрыдэрыка" з Еўропы дабраўся і да Беларусі

У еўрапейскіх краінах парушаны транспартныя зносіны, ёсць пацярпелыя і загінулыя.
Sputnik

МІНСК, 19 сту — Sputnik. Атмасферныя франты цыклона "Фрыдэрыка", які сфармаваў вельмі неспрыяльныя ўмовы надвор'я ў краінах Заходняй Еўропы, 19 студзеня паўплываюць і на надвор'е Беларусі, паведамляе Белгідрамет.

Маразы на Вадохрышча: у Беларусі захаваецца зімовы характар надвор'я

Тэмпература паветра ў рэспубліцы ўначы і раніцай панізіцца да —1..- 7°С, а ў другой палове дня падвысіцца да —5.. + 1°С. Таксама чакаецца парывісты вецер пераменных напрамкаў, у некаторых месцах на паўднёвым захадзе краіны — моцны.

Ноччу пераважна на паўднёва-заходняй палове рэспублікі, а раніцай і ўдзень на большай частцы тэрыторыі краіны пройдзе мокры снег. У асобных раёнах чакаецца завіруха і слабы галалёд, на дарогах месцамі галалёдзіца.

У Мінску снег пройдзе з верагоднасцю ў 80-90%, магчымая слабая мяцеліца. Вецер пераменных напрамкаў, парывісты. Тэмпература: раніцай —2..- 3°C, удзень —1..- 3°C, увечары —2..- 4°C.

Зімовае надвор'е захаваецца ў Беларусі і 20-21 студзеня: у некаторых раёнах краіны пройдзе кароткачасовы снег, на асобных участках дарог з'явіцца галалёдзіца. Тэмпература паветра 20 студзеня складзе —2..- 7°С ноччу і 0..- 5°С — днём, а 21 студзеня дасягне адзнакі ў —3..- 9°С уначы і —1..- 6°С удзень.

Нагадаем, з-за штармавога цыклона "Фрыдэрыка" у некалькіх еўрапейскіх краінах парушаны авіяцыйныя, чыгуначныя і аўтамабільныя зносіны. У Германіі, Нідэрландах і Бельгіі ёсць пацярпелыя і загінулыя.