Эмілія Каламіец стала лепшым навукоўцам НАН па выніках 2017 года

Эмілія Іванаўна Каламіец – знакаміты навуковец у галіне мікрабіялогіі і біятэхналогій, член-карэспандэнт НАН, доктар біялагічных навук.
Sputnik

МІНСК, 22 сту — Sputnik. Званне "Навуковец года НАН Беларусі — 2017" прысвоена генеральнаму дырэктару ДНВА "Хімічны сінтэз і біятэхналогіі" — дырэктару Інстытута мікрабіялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Эміліі Каламіец. Такое рашэнне прынялі ў бюро Прэзідыума НАН, паведамілі Sputnik у прэс-службе Нацыянальнай акадэміі навук.

Акадэмія навук назвала карэспандэнта Sputnik у ліку лепшых

Эмілія Іванаўна Каламіец — знакаміты навуковец у галіне мікрабіялогіі і біятэхналогій, член-карэспандэнт НАН, доктар біялагічных навук, заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь. Менавіта яна стварыла і актыўна развівае айчынную навуковую школу па вывучэнню біягенэза біялагічна актыўных злучэнняў з антымікробным дзеяннем і стварэнню біялагічных сродкаў абароны раслін і жывёл.

Эмілія Іванаўна з'яўляецца аўтарам больш за 460 навуковых прац, у тым ліку чатырох манаграфій, 357 артыкулаў і 22 патэнтаў на вынаходніцтвы.

Усе распрацоўкі, якія былі вакананыя пад яе кіраўніцтвам, паспяхова выкарыстоўваюцца ў вытворчасці не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.

Званне "Навуковец года НАН Беларусі" у гэтым годзе было прысуджана ўпершыню і цяпер лепшага ў Акадэміі навук будуць вызначаць кожны год.