МІНСК, 24 сту — Sputnik. Элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны"Традыцыйнае белаўзорыстае ткацтва Панямоння" у Лідзе (Гродзенская вобласць) атрымае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, паведаміла Sputnik малодшы навуковы супрацоўнік аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Марына Савіцкая.
Прапанову адобрыў Беларускі рэспубліканскі навукова-метадычны савет па пытаннях гісторыка-культурнай спадчына пры Міністэрстве культуры Беларусі.
Марына Савіцкая расказала, што традыцыйнае белаўзорыстае ткацтва было распаўсюджана ў сялянскім побыце Панямоння на працягу XIX стагоддзя і большай часткі XX стагоддзя. Аб гэтым сведчыць вялікая колькасць белаўзорчатых ручнікоў у этнаграфічных калекцыях беларускіх музеяў.
Некаторыя тэхнікі белаўзорыстага ткацтва існавалі ў Віцебскай вобласці і Цэнтральнай Беларусі, але толькі ў Панямонні гэты від ткацтва атрымаў шырокае развіццё і стаў адметнай рэгіянальнай з'явай.
Працэс ткацтва наладжаны ў аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці: тэхнікай валодаюць дзве майстрыхі. Справа ў тым, што для працы не дастаткова толькі ўмення, спатрэбяцца яшчэ і адмысловыя кросны, якія жанчыны артымалі ў спадчыну.
Белаўзорыстае ткацтва аб'ядноўвае розныя тэхнікі ручнога ткацтва, у выніку выкарыстання якіх атрымліваецца прыгожае белае палатно са складанай дробнаўзорыстай структурай паверхні. Вырабы з такога палатна вельмі тонкія і ажурныя.
Вырабляюцца прыгожыя тканіны з ільняных і баваўняных нітак белага колеру, калі-некалі прымяняюцца шаўковыя нікті і ніткі шэрага колеру.
Марына Савіцкая падкрэсліла, што на Гродзеншчыне і дагэтуль праводзілася вялікая колькасць мерапрыемстваў па папулярызацыі белаўзорыстага ткацтва, але новы статус накладвае яшчэ большую адказнасць на носьбітаў беларускай спадчыны.